Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзкі актывіст з Рэчыцы адбіўся ад штрафу


Рэчыцкі грамадзкі актывіст, чарнобыльскі ліквідатар Васіль Гулай сёньня на паседжаньні адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму нарэшце адбіўся ад штрафу.

Мільённы штраф адміністрацыйная камісія наклала на актывіста яшчэ ў лютым. Перад гэтым у актывіста задыміўся дом на лецішчы ў вёсцы Жмураўка, што пад Рэчыцай. Васіль Гулай днём апальваў лецішча, а пасьля поўначы мясцовы культработнік вярталася з дыскатэкі й заўважыла дым. Прыяжджалі пажарнікі, тушылі. І зрабілі выснову, што гаспадар неналежным чынам утрымліваў пячное ацяпленьне.

Гулай: «На лецішчы абвугліліся перагародка й бэлька. Грубку мы зрабілі за паўгода да гэтага. У ёй не магло быць нейкіх вялікіх шчылін, якія зафатаграфаваў пажарны інспэктар. Яны маглі зьявіцца з прычыны таго, што гарачую грубку палівалі вадой. Тым ня менш, адміністрацыйная камісія аштрафавала мяне на 1 050 000 рублёў».

Васіль Гулай аспрэчваў штраф камісіі, у тым ліку і ў Гомельскім аблвыканкаме, але безвынікова. І тады ён зьвярнуўся ў суд. Апошні ўважліва паставіўся да фотаздымкаў грубкі — шчыліны ў ёй не былі задымленыя. Суд адмяніў штраф і накіраваў адміністрацыйны пратакол на новы разгляд.

І менавіта сёньня адміністрацыйная камісія Рэчыцкага райвыканкаму вырашыла спыніць справу супраць актывіста, паколькі мінуў тэрмін, цягам якога можна пакараць чалавека.

Гулай: «Калі б гэта быў не актывіст, то справу, на мой погляд, наагул не распачыналі б. Ніхто не пацярпеў, нават маё лецішча засталося цэлым, толькі крыху задымілася. А штрафаваць пэнсіянэра на велічыню ягоных дьвюх пэнсій могуць хіба толькі чыноўнікі са сваімі мільённымі акладамі ды прэміямі».
XS
SM
MD
LG