Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз не плянуе адмяняць санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў


21 кастрычніка ў Брусэлі эўрапейскія дыпляматы ўзгаднілі падаўжэньне санкцый адносна 41 беларускага чыноўніка, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе БелаПАН з спасылкай на газэту ЕU Observer.

Санкцыі забараняюць высокапастаўленым чыноўнікам Беларусі ўезд у краіны Эўразьвязу. Адначасова будзе падоўжаны і часовы мараторый на гэтыя санкцыі адносна 36 чыноўнікаў з гэтага сьпісу. Па-ранейшаму выключэньнем ёсьць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, былы генпракурор Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў і Юрый Сівакоў і былы камандзір менскага АМАПу Юрый Падабед, якія не падпадаюць пад мараторый і ня могуць трапіць на тэрыторыю Эўразьвязу.

У сьпісе, аднак, няма былога камандзіра палка спэцыяльнага прызначэньня Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Між тым палкоўнік Паўлічэнка лічыцца адным з асноўных фігурантаў у справе аб палітычных зьнікненьнях.

Мяркуецца, што канчатковае рашэньне пра падаўжэньне санкцый з прычыны «адсутнасьці прагрэсу ў Беларусі ў такіх сфэрах, як вяршэнства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый » будзе прынята 25 кастрычніка.

У падрыхтаваным дакумэнце Рады ЭЗ, які ўзгаднілі эўрапейскія дыпляматы, яны заклікаюць беларускія ўлады да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з нормамі і стандартамі міжнароднага права, паведамляе ЕU Observer.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG