Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч зьбіраў подпісы за Рыгора Кастусёва


Актывісты ініцыятыўных груп працягваюць зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнта. Сёньня у адным з вулічных пікетаў удзельнічаў лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

У падземным пераходзе паміж плошчай Якуба Коласа ў Менску і Камароўскім рынкам пашыхтаваліся адразу некалькі пікетаў. Самы буйны (чатыры зьбіральнікі подпісаў) — за дзейнага кіраўніка краіны. Прамаўляюць неахвотна і толькі пасьля праверкі дакумэнтаў:

Карэспандэнтка: «Ці часта ваш пікет тут стаіць?»

Дзяўчына: «Нядаўна».

Карэспандэнтка: «Як ідзе збор подпісаў? Ці ахвотна падпісваюцца?»

Спадарыня: «Так, ахвотна людзі падпісваюцца, асабліва пэнсіянэры».

Дзяўчына: «За нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку».

Карэспандэнтка: «Колькі падпісалася ўжо сёньня?»

Дзяўчына: «Двое».

Спадарыня: «Мы гэтыя зьвесткі ў Цэнтравыбаркам перадаем».

Карэспандэнтка: «Гэта сакрэт?»

Спадарыня: «Чаму сакрэт? Не сакрэт, але мы падаем гэтыя лічбы тым людзям, якія…»

Зьбіральніцы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ня хочуць трапляць у аб'ектыў.
Павал Знавец раздае пісьмовыя падзякі за подпісы.
Мінакі цікавяцца праграмай Аляксея Міхалеіча.
Чарга на подпіс за Рыгора Кастусёва.
Аляксандр Мілінкевіч каля пікета Рыгору Кастусёву.
Дзяўчына: «Падпісваюцца ахвотна насамрэч».

Спадарыня: «Ахвотна падпісваюцца людзі».

Ганна Шапуцька зь пікетам у падтрымку сузаснавальніка Партыі БХД Віталя Рымашэўскага, разьмешчанага побач з лукашэнкаўскім, не падзяляе аптымізму сваіх канкурнтаў:

«Увесь час назіраю за гэтым пікетам, дзе падпісваюцца за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку — да іх амаль ніхто не падыходзіць, пусты пікет. Лічу гэта хлусьнёй Радзькова, што на пікетах за Лукашэнку сабрана подпісаў больш за мільён. Гэта вялікая, вялікая хлусьня за якую гэтаму Радзькову давядзецца адказаць».

Па адным чалавеку зьбіраюць подпісы таксама за палітыка Аляксея Міхалевіча і (пад бел-чырвона-белым сьцягам) за кандыдата ад Парыті БНФ Рыгора Кастусёва. За намесьніка кіраўніка АГП Яраслава Раманчука агітуе падпісвацца былы дэпутат Вярхоўнага савета 13-га скліканьня Павал Знавец.

— Як посьпехі, Павал?

— Нармалёва. Больш за дзьве з паловаю тысячы подпісаў — мой асабісты рэкорд. А ўвогуле, больш за сто тысяч у нас ёсьць.

— Якая рэакцыя на вашага кандыдата ў людзей, чым цікавяцца?

— Добрая рэакцыя, станоўчая. Адзін толькі недахоп — нежанаты. А так, моладзь, асабліва дзяўчаты гадоў да 30, толькі за Раманчука.

Мінакі тым часам падыходзілі, цікавіліся кандыдатамі, размаўлялі зь пікетоўцамі і падпісваліся:

Карэспандэнтка: «Тут некалькі пікетаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Вы падпісаліся за аднаго ці за некалькіх?»

Спадарыня: «За аднаго — Рыгора Кастусёва. Бо хочацца свабоды, хочацца лепшай долі, калі ня нам, то нашым дзецям».

Юнак: «Не падпісваюся, бо маю 17 год. Але, калі б галасаваў, то толькі за Яраслава Раманчука. Бо я будучы эканаміст, я чытаў ягоную праграму і мяркую, што лепшага нельга прыдумаць».

Спадарыня: «Трэба падпісацца за Народны фронт, бо краіне патрэбныя перамены».

Падтрымаць Рыгора Кастусёва ў зборы подпісаў да яго пікету прыйшоў удзельнік мінулай прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандар Мілінкевіч, які патлумачыў сваю пазыцыю гэтак:

«Гэта ўжо ня першы мой пікет. Я і па краіне езьдзіў, па Берасьцейшчыне, у нядзелю паеду на Віцебшчыну, затым на Гарадзеншчыну».

Карэспандэнтка: «Ці пазнаюць вас людзі?»

«Мне падаецца, што пазнавальнасьць яшчэ павялічылася, хоць і так была неблагая. Людзі згадваюць, цікавяцца, чаму мяне няма ў гэтым сьпісе».

Карэспандэнтка: «Чаму?»

Мілінкевіч: «Я рыхтуюся да свабодных выбараў і ўпэўнены, што мы можам іх дамагчыся. А на гэтых выбарах вельмі важна, што ёсьць іншыя кандыдаты, што для людзей ёсьць альтэрнатыва. Я веру, што ўсё адбудзецца належным чынам, і Беларусь захавае незалежнасьць, хаця цяпер вельмі няпросты час».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG