Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: “У пытаньні транзыту нафты Літва саступае Латвіі”


Беларусь для экспарту нафты з Вэнэсуэлы абярэ найбольш выгадны для яе варыянт і ня мае намеру весьці перагаворы пра ўмовы, сьцьвярджае Аляксандар Лукашэнка.

У інтэрвію газэце “Литовский курьерЛукашэнка выказаў перакананьне ў тым, што Літва, хутчэй за ўсё, ня хоча перапраўляць нафту праз свой марскі порт:

“Літва можа, але ці хоча? Ня хоча, напэўна. Крытэр адзін: ці выгадна гэта для Літвы, для літоўскага народу (...). Мы шукаем тыя парты, дзе нам прапануюць нармальныя ўмовы, выгадныя для нас і, натуральна, для партнэра”.

Лукашэнка цьвердзіць, што магутнасьці партоў балтыйскіх краін задзеяныя прыблізна на 25 – 30%, і гэта выгадна Беларусі, паколькі ідзе канкурэнтная барацьба за грузы:

“Нам выгадна тое, што мы выбіраем ў гэтай сытуацыі: хто запрапануе лепшыя ўмовы. Мы пачалі свае перамовы наўпрост – бяз конкурсаў, бяз тэндэраў запрапанавалі супрацоўніцтва зь Літвою. Маючы на ўвазе, што гэта Літве будзе на карысьць. Гэта вялізныя паступленьні ў бюджэт, гэта разьвіцьцё партоў, гэта прыбыткі вашых кампаніяў і гэтак далей (...). Але, на вялікае нашае зьдзіўленьне, пачалі нас зводзіць-разводзіць, прапаноўваць не зусім выгадныя ўмовы, абяцаць, а тады адмаўляцца і гэтак далей, і гэтак далей. Калі гэта гандаль, тады ясна. Але ў гэтым выпадку торг недарэчы. Таму што ёсьць іншыя краіны, якія нам прапануюць ўмовы...”

Як падае “Литовский курьер”, Лукашэнка спаслаўся на беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага, паводле якога стаўленьне Латвіі да пытаньня транзыту вэнэсуэльскай нафты лепшае, чым стаўленьне Літвы:

“Латышы нам гавораць так: “Што да зямлі і іншага, гэта нашыя праблемы, мы гэта вырашым у тыя тэрміны, якія вы запрапануеце. І пры тым ня будзе пытаньняў, арэнда гэта ці ўласнасьць – як вы захочаце, так і будзе. Захочаце, каб гэта было супольнае з намі прадпрыемства, будзе супольнае, захочаце, каб яно было стоадсоткава вашае – будзе вашае”. Ідзе прадметная размова, і торг тут недарэчы”.

Паводле Лукашэнкі, імпартаваная з Вэнэсуэлы нафта можа быць прададзеная і іншым краінам, напрыклад, Літве.

На пачатку кастрычніка паступілі паведамленьні пра тое, што Літва і Беларусь дамовіліся аб транзыце вэнэсуэльскай нафты для Беларусі праз Клайпедзкі порт, нагадвае “Baltic News Service”. На працягу трох гадоў плянавалася пераправіць каля 2,5 мільёнаў тон нафты. Генэральны дырэктар апэратара тэрміналу нафтапрадуктаў “Klaipedos nafta” Рокас Масюліс сказаў тады BNS, што канкрэтны дагавор будзе падпісаны ў кастрычніку.

Амаль месяц таму “Klaipedos nafta” разгрузіла танкер з Вэнэсуэлы, які даставіў 80 тысяч тон нафты для Беларусі. Беларускі бок тады застаўся задаволены пробнай партыяй.
XS
SM
MD
LG