Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Слухачы абмяркоўваюць выказваньні кіраўніка краіны наконт стварэньня дзіцячых вёсак для сіротаў; выказваюцца наконт асобаў, якія кантралююць фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій; выказваюць заўвагі да некаторых перадач Свабоды.

Наша слухачка не пагаджаецца з выказваньнем кіраўніка дзяржавы пра тое, што дзіцячыя сіроцкія вёскі вырашаць праблему дзіцячых дамоў:

«У нас ёсьць балючая тэма — гэта сіроцкія дамы і дамы састарэлых. Мы выбралі мясцовыя саветы, а зараз будзем абіраць прэзыдэнта. Цікава, што думаюць прэтэндэнты на гэтую пасаду: як зрабіць так, каб родныя бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей? Бо чужая мама ня будзе так клапаціцца.

Наагул, чаму такое магло атрымацца? Такога не было і пасьля вайны. І зараз у ніводнай рэспубліцы няма такой колькасьці сіроцкіх дамоў і дамоў састарэлых. Наш прэзыдэнт прапанаваў будаваць вёскі для сірот. Я лічу, што гэта ня выйсьце. Трэба знайсьці іншае».


Павал Севярынец
Сустаршыня БХД Павал Севярынец камэнтуе званок слухачкі:

«Насамрэч, праблема дзяцей-сірот у краіне, кіраўнік якой ужо 16 гадоў сам сябе называе „бацькам“ і выводзіць дзіця, народжанае не ў законным шлюбе, на публіку, — гэта праблема духоўная, гэта праблема маральная. Вырашаць яе могуць людзі, якія самі па сабе зьяўляюцца носьбітамі маральнасьці. Гэта цэрквы і вернікі.

На наш погляд, калі аддаць усе парожнія будынкі на ўскраінах, у гарадзкіх раёнах, у закінутых вёсках пад хрысьціянскія цэнтры, дабрачынныя арганізацыі, хосьпісы і рэабілітацыйныя цэнтры, тады мы зможам кардынальна паправіць сытуацыю.

У нашым грамадзтве нават адсутнічае паняцьце пра хрысьціянскія каштоўнасьці. Для шмат каго хрысьціянскія каштоўнасьці — гэта схадзіць у царкву і паставіць сьвечку. Насамрэч — гэта клопат пра бліжняга, якому патрэбныя твая цеплыня і любоў».

Некаторыя слухачы выказваюць крытычныя заўвагі наконт праграмаў «Свабоды». Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

«Радыё Свабода» слухаю амаль сыстэматычна. Колькі ўжо можна слухаць гэты «Дом літаратара»? У нас што, у Беларусі — адны літаратары і пісьменьнікі? Бясконца «Дом літаратара», «Дом літаратара», 169-я праграма «Дом літаратара».

Міхась Скобла
Аўтар праграмы Міхась Скобла тлумачыць слухачу, у чым неабходнасьць «Дома літаратара»:

«Праграма „Дом літаратара“ была створаная тады, калі быў адабраны Дом літаратара. Сёньня фактычна Дом літаратара месьціцца ў радыйнай прасторы. Дзе можна сёньня прачытаць апэратыўную інфармацыю пра выхад новай кнігі? Штодзённай незалежнай газэты ў пісьменьнікаў няма.

Не друкуюць творы таго ж Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна. Таму „Дом літаратара“ — ці не адзіная пляцоўка, на якой беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў могуць пачуць».

Слухачы абмяркоўваюць выбарчую кампанію. Хто фармуе выбарчыя камісіі? Хто ў іх працуе? Наш слухач выказаўся наступным чынам:

«У кожнай раённай адміністрацыі існуюць аддзелы арганізацыйна-кадравай працы. Яны і арганізуюць выбары, утвараюць участковыя камісіі. Кадравікі з савецкіх часоў былі кадэбэшнай агентурай. Выбары ў Беларусі — гэта спэцапэрацыя спэцслужбаў. Тэрытарыяльныя камісіі — гэта толькі прыкрыцьцё, насамрэч усё вызначае вэртыкаль у асобе начальнікаў аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы. Яны — ключавыя асобы ў справе фальсыфікацыі волевыяўленьня народа».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG