Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Эўрапейскі парлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі" 48-гадоваму кубінскаму дысыдэнту Гільерма Фарыньясу. Фарыньяс правёў у кубінскіх турмах 11,5 гадоў.


Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, аб’яўляючы імя сёлетняга атрымальніка прэміі Сахарава, сказаў:

"Гільерма Фарыньяс – незалежны журналіст і палітычны дысыдэнт. Ён быў гатовы рызыкаваць і ахвяраваць сваім здароўем і жыцьцём,
Ён выкарыстоўваў галадоўкі, каб выказаць свой пратэст і кінуць выклік адсутнасьці свабоды слова на Кубе.
каб дамагчыся зьменаў на Кубе. Ён выкарыстоўваў галадоўкі, каб выказаць свой пратэст і кінуць выклік адсутнасьці свабоды слова на Кубе, увасобіўшы надзею тых, якія хочуць свабоды, пашаны правоў чалавека і дэмакратыі".

У турмах рэжыму Фідэля Кастра Фарыньяс трымаў 23 галадоўкі.

Апошняя галадоўка Фарыньяса, якую ён праводзіў сёлета ў сябе дома на працягу чатырох месяцаў, ледзь не закончылася ягонай сьмерцю. Фарыньяс дамагаўся вызваленьня 25 хворых палітвязьняў. Паводле агульнага перакананьня, галадоўка Фарыньяса і ягоныя здымкі ў заходняй прэсе, якія паказвалі моцна вычарпанага і блізкага сьмерці чалавека, у значнай ступені прычыніліся да вызваленьня 52 зьняволеных апанэнтаў кубінскага рэжыму ў ліпені.

У водгуку на атрыманьне прэміі Фарыньяс сказаў агенцтву AFP, што ён прысьвячае яе ўсім, хто змагаецца за канец дыктатуры на Кубе.

Узнагароду імя Андрэя Сахарава, заснаваную Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе, перад Фарыньясам атрымаў кубінскі дысыдэнт Асвальда Пая (2002) і кубінская група "Жанчыны ў белым" (2005), якая гуртуе жонак увязьненых дысыдэнтаў.

Зь Беларусі ўзнагароду імя Сахарава атрымлівалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004) і Аляксандар Мілінкевіч (2008).

Грашовая частка ўзнагароды "За свабоду думкі" раўняецца 50 тысячам эўра.

На фота: Гільерма Фарыньяс з доктарам пасьля галадоўкі


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG