Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка хітры: ён адсюль, з Расеі, усё цягне!"


Як адбілася варажнеча паміж Крамлём і Лукашэнкам на жыцьці ў беларуска-расейскім памежжы? Сёньня над гэтым пытаньнем разважаюць жыхары Гомельшчыны, Віцебшчыны ды Магілёўшчыны.


ВІЦЕБШЧЫНА

"Расейцы спадзяюцца на хуткія перамены ў Беларусі"

Віцебская вобласьць мяжуе з расейскімі Пскоўшчынай ды Смаленшчынай. У Гарадоцкім і Лёзьненскім раёнах людзі дзесяцігодзьдзямі падтрымліваюць стасункі з найбліжэйшым замежжам — да прыкладу, возяць з Расеі тавары на тутэйшыя кірмашы ці самі езьдзяць на працу ў Расейскую Фэдэрацыю.

Спадар Яўген, жыхар вёскі Марчанкі Гарадоцкага раёну, кажа, што пагаршэньне палітычных адносінаў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Крамлём з запалам абмяркоўваюць усходнія суседзі — шараговыя жыхары Расеі.

"У мяне толькі прыехаў сын з Расеі, праехаў усю Расею, дык ніхто не разумее, што такое здарылася, чаго ён Расею пачаў ганіць. Кожны ж ужо прыстасаваўся, дык і кажуць: "Што ён, зусім здурнеў, ваш гэты?.." Людзі ў Расеі неабыякавыя, а ў нас — хоць ты трэсьні!"

У памежных рэгіёнах людзі карыстаюцца блізкасьцю дзьвюх краін і адсутнасьцю візавага рэжыму, працягвае гаворку спадарыня Алена, жыхарка пасёлку Езярышча:

"У нас жа за мяжой і могілкі — там бацькі ў мяне пахаваныя. А ў мяне мама руская, а бацька — беларус. Вось езьдзім на могілкі. І ў крамы
Вось куды едуць вучыцца з нашай вёскі? Усе ў Піцер!
адно да аднаго. Я сама ежджу ў Расею ў краму, купляю алей, мука там таньнейшая, кансэрвы таньнейшыя. А яны ў нас купляюць камбікорм, сыры, гарэлку нашу любяць браць — кажуць, што ў іх уся гарэлка "палёная". А яшчэ вы не ўяўляеце, колькі нашых людзей у Піцер зьехала! Вось куды едуць вучыцца з нашай вёскі? Усе ў Піцер! Нават у Віцебск столькі ня ехала, колькі туды!"

Пра тое, што ў рэгіёне можа паўстаць сапраўдная мяжа з усімі наступствамі, мясцовыя жыхары пакуль усур’ёз не задумваюцца, кажа спадарыня Алена:

"Канечне, тады ўскладніцца жыцьцё! Але ж неяк гэта ўсё трэба прадумваць, ня з пылу з жару ўсё рабіць! Я дык нават думаю, што гэта добра — што з Лукашэнкам адносіны папсаваліся. Ня ў нас з Расеяй, а менавіта зь ім. А людзі рознае гавораць. Нехта, хто прапагандай
Мы павінны сваю самастойнасьць самі выпрацоўваць і мець уласныя прыярытэты.
нашпігаваны, кажа: "Вось Расея дрэнная, яна на нас цісьне". А хтось кажа: "Дарма толькі з усімі сварыцца!" Я лічу, што мы павінны сваю самастойнасьць самі выпрацоўваць і мець уласныя прыярытэты".

У віцебскага актывіста Сяргея Парсюкевіча бацькі паходзяць зь Лёзьненскага раёну. Тут, на мяжы са Смаленшчынай, ён бывае даволі часта — прыяжджае ў госьці да сваякоў. Апошняя такая сустрэча адбылася ў мінулыя выходныя, і размовы пра палітыку былі таксама, распавядае Сяргей:

"Там людзі глядзяць расейскія тэлепраграмы і ўсе навіны ведаюць зь першых крыніц. І "Хроснага Бацьку" глядзелі таксама! Таму страху ад таго, што Лукашэнка палаяўся з Пуціным ці зь Мядзьведзевым, у людзей няма. Наадварот — гэта ўспрымаюць станоўча. Бо калі раней рэжым падтрымлівала Расея, то цяпер гэтая падтрымка, падобна, зьмяншаецца. І таму надзеі менавіта на гэта — на перамены ў краіне".


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Ваяўнічая рыторыка Крамля і Лукашэнкі жыцьцё суседзям не псуе

Многія жыхары беларуска-расейскага памежжа Магілёўшчыны сьцьвярджаюць, што ваяўнічая рыторыка Крамля й Лукашэнкі на іхным жыцьці не адбіваецца. Іх найбольш непакоіць, якім будзе жыцьцё пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Пяць раёнаў Магілёўшчыны мяжуюць з Расеяй. Тут пражывае больш за сто пяцьдзясят тысяч чалавек. Дабрабыт значнай часткі насельніцтва зьвязаны з камэрцыйнымі паездкамі ў суседнюю краіну. Так езьдзіць і жыхар Хоцімскага раёну Міхаіл:

"Абмяркоўваюць людзі гэтыя пытаньні, аднак паміж сабой ніякай канфліктнай сытуацыі няма. Ёсьць толькі неразуменьне кіраўніцтва. Яны не разумеюць Маскву. Яны так і кажуць, што ў Маскве кіруюць ня Пуцін зь Мядзьведзевым, а алігархі".

На пытаньне: "Хто ж кіруе ў Менску?" спадар Міхаіл не адказаў. Паклаў слухаўку.

Жыхарка Горацкага раёну Галіна мае сваякоў у суседняй Смаленшчыне. Тыя баяцца, кажа спадарыня Галіна, зьменаў у Беларусі:

"Яны ня вераць у тое, што Беларусь можа стаць зусім самастойнай краінай. Больш будзе з Эўропай сябраваць, чым з Расеяй. Да канца яны сабе гэта ня могуць уявіць. Там ім паказваюць нашага кіраўніка з дрэннага боку, але ім ён чамусьці падабаецца. Яны кажуць, што мы яго падтрымаем".

Жыхар Клімавіцкага раёну ўва ўсіх бедах вінаваціць расейцаў і ня верыць абяцаньням Лукашэнкі:

Выбары пройдуць — і зноў пойдзе рост цэнаў
"Газ даражэе. Гэта ж праз Расею ён даражэе. А мы газам ацяпляемся. Цэны растуць. Правільна, перад выбарамі Лукашэнка цэны не падымае. А выбары пройдуць — і зноў пойдзе рост цэнаў".

У Крычаўскім раёне інфармацыйная вайна між Лукашэнкам і Крамлём не перашкаджае вывазу сотнямі тон зь Беларусі чорнага лому. У крымінальных зводках гэта займае асаблівае месца, кажа крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны:

"Ёсьць пэўныя людзі, якія зьбіраюць і адпраўляюць у Расею пад покрывам ночы. Нават ёсьць у зводках моманты, калі суправаджаюць фуры супрацоўнікі міліцыі. Тады іх ловяць супрацоўнікі КДБ і нейкія яшчэ спэцслужбы".

Ня так даўно двое жыхароў Крычаўскага раёну спрабавалі нават прадаць частку разабранага моста праз раку Сож…


ГОМЕЛЬШЧЫНА

"Лукашэнка — хітры, ён з Расеі ўсё цягне!"

У жыхароў Гомельшчыны і Бранскай вобласьці Расеі багата ня толькі вытворчых, але й прыватных повязяў. Варажнеча паміж Крамлём і Менскам больш закранула менавіта вытворчыя дачыненьні й найменш — побытавыя, прыватныя.

68-гадовы Міхаіл Целяшонак апошнія два дзесяцігодзьдзі жыў у Жлобіне, забясьпечваў кіслародам мясцовыя лякарні. Выйшаў тут на пэнсію і цяпер плянуе перабрацца ў Клінцоўскі раён, дзе нарадзіўся.

Пакуль "вярхі" тузаліся, ён спакойна езьдзіў да сваякоў:

"Я застаўся адзін у Беларусі, а сваякі ўсе жывуць на радзіме, на Браншчыне. Сувязі не парываліся, усё было нармальна. Нейкіх, як кажуць, перашкодаў не было. Ніхто нікому не перашкаджаў — езьдзі, калі ласка".

Спадар Целяшонак ня надта разумее, навошта распачата варажнеча ў "вярхах":

"Я не разумею, навошта трэба было ўсё гэта рабіць, распачынаць гэтую вайну? Мы ж, звычайныя людзі, добра жылі — і тут такая
Гэта ж непрыгожа з абодвух бакоў — і з расейскага, і зь беларускага.
неразьбярыха. Гэта ж непрыгожа з абодвух бакоў — і з расейскага, і зь беларускага. Так рабіць нельга!"

Маладая жыхарка Гомелю спадарыня Жана вучыцца ў расейскім горадзе Арле. Тым часам як беларускія й расейскія кіраўнікі працяглы час абвінавачваюць адзін аднаго, Жана нейкай дыскрымінацыі да сябе ў расейскай ВНУ не адчула:

"Я вучуся ў Арле на сацыяльнага пэдагога. Проста ў мяне там сяброўка, яна параіла, і я захацела туды паступаць. Ужо хутка скончу. Стаўленьне добрае, выкладчыкі ўважлівыя, студэнты, аднагрупнікі. Нічога на нас не ўплывае, усё добра".

У суседнім з Гомельшчынай расейскім райцэнтры Злынка шмат хто таксама ня можа зразумець сваіх кіраўнікоў.

Гаворыць расейская кабета, спадарыня Вольга:

"А што — мы ад веку сябравалі. А тут нечакана невядома што творыцца!"

Расеец Мікалай з той жа Злынкі незадаволены цяперашнімі стасункамі між Масквой і Менскам:

"Побач дзьве дзяржавы — і такое вытвараюць! То з газам утварылі, то з малочнымі прадуктамі. Ведаем і пра цукар. Хіба ж можна так?
Нядобра паступаюць нашы кіраўнікі — сеюць варажнечу.
Гэта ж не па-братэрску. Добра, што мы жывём у сяброўстве. У нас у Беларусі дзеці жывуць, вучыліся там. Мае дзеці, напрыклад, скончылі ўнівэрсытэт імя Скарыны ў Гомелі. Альбо 54 кілямэтры тут, альбо ехаць кудысьці далёка, бо нават да Бранску дзьвесьце зь лішкам. Нядобра паступаюць нашы кіраўнікі — сеюць варажнечу".

Эмацыйная злынкаўская кабета спадарыня Ніна ня вытрымала спакойнай ацэнкі суседа — і выказала сваё бачаньне пагаршэньня стасункаў Масквы й Менску:

"Крэдыты цягне ваш Лукашэнка з нашай Расеі! Беларусь меншая нават за Маскву, а крэдыты — цягне. А мы як павінны жыць? Ні кватэраў у нас няма, ні заробкаў, ні працы. На Расею наплявалі — усё ў Беларусь. Лукашэнка хітры, ён адсюль, з Расеі, усё цягне!".

На здымку: райцэнтар Злынка.

XS
SM
MD
LG