Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва расейскай карпарацыі "Росатом" заяўляе пра сур'ёзныя разыходжаньні зь Беларусьсю ў пытаньні пабудовы першай беларускай атамнай электрастанцыі. Адначасна Літва адхіліла прапанову афіцыйнага Менску будаваць АЭС супольна. Экспэрты лічаць, што ў гэтых умовах давядзецца як мінімум адкарэктаваць тэрміны ўводу станцыі ў дзеяньне.

Намесьнік генэральнага дырэктара "Росатома" Мікалай Спаскі заявіў, што перамовы пра будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ідуць, аднак застаюцца сур'ёзныя пытаньні. Паводле яго, такая глябальная будоўля ў самым цэнтры эўрапейскай прасторы патрабуе сур'ёзнай адпрацоўкі канкрэтных рэчаў. Як хутка могуць быць вырашаныя спрэчныя моманты – ён не ўдакладніў.

Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк яшчэ раней казаў, што галоўным тормазам застаецца патрабаваньне Расеі ўнесьці ў міжурадавае пагадненьне аб будаўніцтве АЭС пункт аб супрацоўніцтве ў галіне электраэнэргетыкі. Масква прэтэндуе на 50% прыбытку ад рэалізацыі вырабленай у Беларусі электраэнэргіі, у іншым жа выпадку абяцанае крэдытаваньне будзе згорнутае. Менск настойвае на атрыманьні крэдыту на 9 мільярдаў даляраў, пасьля чаго згодны весьці астатнія перамовы.

Экспэрт у галіне радыялёгіі прафэсар Юрый Бандажэўскі скептычна ставіцца да беларуска-расейскага супрацоўніцтва ў гэтай сфэры. Расея па-ранейшаму знаходзіцца ў паласе эканамічнага крызісу, а ўкладаць вялізныя сродкі ў заведама нерэнтабэльны праект можна толькі пры ўмове палітычнай зацікаўленасьці. Цяпер жа стасункі паміж кіраўнікамі краінаў больш варожыя, чым прыязныя:

Юры Бандажэўскі
"Заяўляць можна шмат, нешта нават будаваць — пад'язныя шляхі, жыльлё і г.д. Але я перакананы, што гэта яшчэ не пачатак будоўлі, гэта проста абвяшчэньне намераў, абвяшчэньне пляцоўкі. Бо ў цяперашняй сытуацыі страшнага эканамічнага крызісу, у якім дагэтуль знаходзіцца ўвесь сьвет і які скаланае ў тым ліку і Расею — вы ж самі бачыце, што адбываецца на расейскіх прасторах — казаць пра пачатак такой дарагой будоўлі проста безадказна. Хто возьмецца яе рабіць? Усе разумеюць, што сёньня не да гэтага, не да жыру. Сёньня трэба ацаніць усе рэсурсы і вельмі беражліва іх выкарыстоўваць. А такая будоўля ў цяперашніх умовах абсалютна нерэнтабэльная. Ну, а з маральна-этычнага боку, з пазыцыі ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе я сваю пазыцыю агучваў неаднаразова: я катэгарычны праціўнік будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі".

Ня мела плёну спроба беларускага кіраўніцтва далучыць да фінансаёмістага праекту літоўскі бок. Падчас учорашніх перамоваў з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце Аляксандар Лукашэнка прапанаваў суседзям узяць удзел у будаўніцтве беларускай АЭС: "Калі мы яе пабудуем адны, то непазьбежна вы будзеце купляць электраэнэргію з нашай станцыі. Калі пабудуем разам — будзеце са сваёй станцыі браць электраэнэргію", — падкрэсьліў выгаду Лукашэнка, заклікаўшы неадкладна вызначыць кошт АЭС, калі будаваць яе "на дваіх".

Але канцылярыя літоўскага прэзыдэнта скептычна адрэагавала на прапанову. "Пазыцыя прэзыдэнта Літвы палягае ў тым, што буйная АЭС ня мае пэрспэктываў", — заявіў сёньня прэсавы сакратар прэзыдэнта Літвы Лінас Бальсіс. — "У сувязі з ростам патрэбы ў электраэнэргіі ў рэгіёне маглі б дзейнічаць некалькі драбнейшых электрастанцый, аднак няма патрэбы ў аб'яднанай рэгіянальнай АЭС".

Сёньня гэтую ж пазыцыю пацьвердзіў і прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс. Падобна, што рэгіён насамрэч зьбіраецца абысьціся безь беларускіх паслугаў. Сёлета ў ліпені пачалося ўзьвядзеньне Балтыйскай АЭС у Калінінградзкай вобласьці, адкуль мяркуецца наладзіць экспарт электраэнэргіі ў Польшчу. У 2013 годзе замест зачыненай Ігналінскай АЭС пачне будаваць Вісагінскую АЭС Літва — супольна з Латвіяй і Эстоніяй.

Эканаміст Мечыслаў Бурак лічыць, што пры іншым раскладзе Беларусь магла б атрымліваць дывідэнды ад продажу электраэнэргіі, аднак час безнадзейна страчаны, і цяпер такая ідэя нясе толькі небясьпеку:
трэба будаваць не адну, а сем атамных станцый...

"У 1994 годзе Беларускі народны фронт распрацоўваў праграму разьвіцьця электраэнэргіі і энэргазабесьпячэньня, выніковы артыкул быў апублікаваны ў "Звяздзе". Я, памятаю, выступаў на Сойме, і тады прыйшлі да высновы: адзіны тавар, які мы можам вырабляць канкурэнтаздольны, — гэта атамная энэргія. І трэба будаваць не адну, а сем атамных станцый. Вось такая тады была ідэя. Аднак зараз што тычыцца атамнай энэргетыкі, то мы павінны сказаць: нам можна будаваць, Лукашэнку — нельга. Таму што бясьпека атамнай станцыі — гэта ня проста тэхнічная праблема, а сацыяльна-палітычная. Само грамадзтва ня можа забясьпечыць бясьпеку. А на цяперашняе кіраўніцтва спадзяваньняў мала. І пры цяперашнім раскладзе, перакананы, ніхто нам ніякіх крэдытаў на будаўніцтва АЭС ня дасьць. А тым больш на ўтрыманьне такой небясьпечнай бомбы".

Ня выключана, што ў справе будаўніцтва АЭС беларускім уладам давядзецца тэрмінова шукаць альтэрнатыву. Цікавасьць да праекту выказвалі кітайскія кампаніі, аднак пры наяўнасьці сродкаў Кітай ня мае адпаведных тэхналёгіяў і сам узводзіць атамныя станцыі з дапамогай расейскіх спэцыялістаў. На гэты момант існуе дамоўленасьць, што за кошт крэдытных рэсурсаў банкаў Кітаю будзе пабудаваная лінія электраперадачы ад першага блёку АЭС. Дарэчы, з-за складанасьцяў у перамовах з "Росатомом" тэрмін увядзеньня двух першых энэргаблёкаў ужо аднесены з 2016 году на 2018-ы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG