Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім Сьвябодзіне недалёка ад мяжы зь Нямеччынаю завяршаецца будаўніцтва самай вялікай у сьвеце статуі Ісуса Хрыста: сын Божы стаіць у белым адзеньні і з залатой каронаю на галаве. Вышыня скульптуры разам з пастамэнтам складзе больш за 40 мэтраў.


На гіганцкім штучным пагорку на ўскраіне Сьвябодзіна, што ў Любускім ваяводзтве, ужо відаць галава вялізнай скульптуры. Рысы Ісусавага аблічча спэцыяльна зробленыя так, каб аблічча выразна бачылася зь зямлі. Сама скульптура будзе вышынёю 33 мэтры – па адным мэтры за кожны год зямнога жыцьця Хрыста. Шырыня распасьцёртых рук – 24 мэтры. Галаву скульптуры вянчацьме трохмэтровая карона, пакрытая тонкім слоем чыстага золата.

Пагорак, на якім будуюць вялізарны манумэнт, таксама мае сымбалічнае значэньне, бо складаецца зь пяці кругоў, што сымбалізуюць пяць кантынэнтаў Зямлі.

Ідэя паставіць такую скульптуру зьявілася тры гады таму, яна належыць вернікам мясцовага касьцёлу Ісуса Караля. Будаўніцтва вядзецца за грошы, сабраныя вернікамі. Парафіяне кажуць, што іх мэта – не суперніцтва з Рыё-дэ-Жанэйра, а жаданьне як мага мацней праславіць імя збаўцы чалавецтва Ісуса Хрыста.

Гарадзкія ўлады таксама падтрымліваюць гэтую ідэю, заяўляючы, што скульптура зробіць горад вядомым ня толькі ў Польшчы, але і ўва ўсім сьвеце. Задаволеныя і прадстаўнікі мясцовай турыстычнай галіны, а таксама ўладальнікі гатэляў і рэстаранаў, якія чакаюць значна большага наплыву турыстаў і паломнікаў.

Паводле спэцыялістаў, будаўніцтва можа быць скончана яшчэ сёлета. Між тым у Варшаве завяршаецца пабудова вялізнага храму Провіду Божага, на які некалькі гадоў таму кіроўчыя тады ў Польшчы кансэрватары спрабавалі выдзеліць значныя сродкі зь дзяржаўнага бюджэту. Аднак пасьля хвалі крытыкі з боку перш за ўсё левых сілаў гэтага зрабіць не ўдалося.

Паводле леташніх сацыялягічных дасьледаваньняў, каталікамі называюць сябе амаль 95% грамадзянаў Польшчы.

Больш на гэтую тэму ТУТ.
XS
SM
MD
LG