Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс ня хоча варажыць наконт прызнаньня беларускіх выбараў



Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі могуць спрыяць разьвіцьцю яе ўзаемаадносін з Захадам, заявіў міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, наведаўшы Менск разам з прэзыдэнтам Даляй Грыбаўскайце.

"Мы, як будучы старшыня АБСЭ, вельмі зацікаўленыя, каб міжнародныя назіральнікі пацьвердзілі пэўны прагрэс падчас будучых выбараў кіраўніка беларускай дзяржавы. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя, таму што ў наступным годзе мы будзем каардынаваць узаемадзеяньне 56 дзяржаў. Гэта вялікая адказнасьць, і я б хацеў быць такім мадэратарам, які даносіць добрыя навіны", — адзначыў кіраўнік літоўскага МЗС у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс.

На пытаньне пра тое, якія дзеяньні распачне Захад у выпадку непрызнаньня беларускіх выбараў, А. Ажубаліс сказаў:

"Ня буду варажыць. Таму мы і прыехалі, каб казаць пра гэта. У гутарцы са сваім беларускім калегам я выказаў пэўныя пажаданьні наконт наго, якія крокі Беларусь магла б зрабіць. Так што я забягаць наперад ня буду, а таксама ня буду казаць, што было, калі б было".

"Мы вітаем, што Беларусь адразу ж запрасіла міжнародных назіральнікаў — доўгатэрміновых і кароткатэрміновых. Гэта добра, мы будзем назіраць, слухаць іх", — адзначыў А. Ажубаліс. Паводле ягоных слоў, "днямі ў парлямэнце Літвы выступаў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, мы гаварылі пра пэўныя шанцы для Беларусі паказаць сябе ў якасьці дынамічнай краіны па правядзеньні дэмакратычных пераўтварэньняў". "Так што ўсе карты зараз у руках Беларусі", — падкрэсьліў кіраўнік літоўскага МЗС.
XS
SM
MD
LG