Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары васьмікватэрнага дому ў пасёлку Малеч накіравалі заяву ў Бярозаўскі райвыканкам з патрабаваньнем вырашыць іх праблемы. У заяве з подпісамі жыхароў дому пазначаецца, што калі пытаньне з каналізацыяй і перакрыцьцём даху ня будзе вырашана да 19 сьнежня, людзі пагражаюць байкатаваць выбары.

Асноўная праблема, якая сёньня найбольш турбуе жыхароў дому № 36 па вуліцы Савецкай у пасёлку Малеч, — гэта каналізацыя. Некаторы час таму ў доме раптоўна пачалі траціць прытомнасьць дзеці, а пазьней — і дарослыя. Мэдыкі і супрацоўнікі МНС адсялілі жыхароў на суткі і праводзілі дасьледаваньне прычынаў раптоўнай хваробы.

Пра афіцыйныя вынікі дасьледаваньня нічога не паведамілі. Але жыхары перакананыя, што прычынай стаў серавадарод. Газ трапіў у памяшканьні з-пад дому, а ўтварыўся ў выніку таго, што з прарванай каналізацыі вада трапіла пад дом і выпаралася. Цяпер праблема выглядае па-іншаму, але гэтак жа вельмі востра. Расказвае мясцовы жыхар Анатоль Сахаруша:

Людзі ня мелі магчымасьці ні прыгатаваць ежу, ні адправіць дзяцей нармальна ў школу
"Вось нядаўна а шостай раніцы забіла каналізацыю. Атрымалася, што людзі ня мелі магчымасьці ні прыгатаваць ежу, ні адправіць дзяцей нармальна ў школу, ні скарыстацца прыбіральняй. Прычым машына з мясцовай ЖКГ прыехала толькі а 15 гадзіне. І такая гісторыя была роўна тры месяцы таму, праз тры месяцы яна зноў паўторыцца. І цягнецца гэта ўжо колькі гадоў.

Мала таго, калі прыяжджаюць чыноўнікі, дык яшчэ ледзь не абвінавачваюць людзей, нібыта яны ва ўсім гэтым вінаватыя. Таму была накіравана скарга, у якой жыхары паставілі ўльтыматум, што ні на якія выбары ніхто ня пойдзе, пакуль ня вырашацца гэтыя праблемы".

Уладзімер, жыхар гэтага дому ў самым цэнтры пасёлку, кажа, што існуе і яшчэ вельмі шмат недапрацовак, якія засталіся пасьля рамонту дому:

"Вядома, як улады на месцах займаюцца вырашэньнем пытаньняў. Толькі для адпіскі праводзяцца нейкія працы. Вось нядаўна перакрывалі дах у доме, але пры гэтым кроквенная сыстэма проста гнілая. Я сам будаўнік, таму бачу, што рабілася абы як. Усё сьмецьце ніхто не выкідваў, так яго і пакінулі".

У мінулым годзе жыхары дому накіроўвалі зварот да мясцовай адміністрацыі з падобнымі патрабаваньнямі, тым ня менш гэта не паспрыяла справе. Працягвае Ўладзімер:

"Я склікаў у мінулым годзе жыхароў і прапанаваў напісаць заяву. Мы накіравалі ліст, але ніякага адказу так і не было. Цяпер акрамя патрабаваньня агучваем і нежаданьне прымаць удзел у выбарах".

Жыхар дому адзначае: чыноўнікі толькі адказваюць, што для вырашэньня праблемаў няма сродкаў. Але кожны месяц жыхары плацяць за камунальныя паслугі, у тым ліку і за правядзеньне рамонтных працаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG