Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя пікеты ля ўнівэрсытэту непажаданыя


Пікет ля філялягічнага факультэту.

Пікет ля філялягічнага факультэту.

Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны досыць нэрвова адрэагавала на арганізацыю пікетаў ля ўстановы дзеля збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта знанага беларускага паэта Ўладзімера Някляева.

Апавядае зьбіральнік подпісаў спадар Арцём, які стаяў ля галоўнага корпусу ўнівэрсытэту:

«Калі я стаў у пікеце ля ўнівэрсытэту імя Скарыны, да мяне адразу падышлі два супрацоўнікі аховы й запатрабавалі, каб я сышоў адсюль. Я ім адмовіў, сказаў, што заканадаўства я не парушаю, нікому не перашкаджаю. Яны сказалі, што выклічуць міліцыю. Прыехала міліцыя й апытвала мяне».

Праганялі супрацоўнікі ўнівэрсытэту й пікет, які зладзіў ля філялягічнага факультэту Кастусь Жукоўскі:

«Я стаю тут зь 10 гадзіны. Вахцёры ды ахова хацелі прымусіць мяне жыць паводле паняцьцяў: „Ідзі адсюль, ідзі да іншага корпусу!“ Але я ім кажу: „Людзі, у мяне ёсьць рашэньне Гомельскага гарвыканкаму. Я буду стаяць на падмурку закону, і давайце жыць паводле закону“. Яны крыху пену папускалі, папляваліся, тыкалі мне. Я ім казаў: „Прабачце, я з вамі сьвіней ня пасьвіў, таму ня тыкайце мне“. Ну, і мы разышліся ціха й мірна.

Пікет ля галоўнага корпусу ўнівэрсытэту імя Скарыны.
Выклікае зьдзіўленьне, што такая рэакцыя. Уладзімер Някляеў — знакаміты паэт, філёляг. І філялягічны факультэт, на мой погляд, павінен зьвярнуць увагу, каб студэнты падпісваліся. Замест гэтага яны мяне праганяюць. Гэта як бы супярэчыць лёгіцы».

І тут супраць пікетоўца выклікалі міліцыю. Прыяжджаў супрацоўнік Цэнтральнага РАУСу Сяргей Барычэўскі й браў тлумачэньні ў зьбіральніка подпісаў.

Андрэй Толчын, адзін з каардынатараў кампаніі збору подпісаў у Гомелі за Ўладзімера Някляева, так пракамэнтаваў інцыдэнты ля ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны:

«У нас тут ажыцьцяўляўся збор подпісаў шляхам пікетаў. Яны ладзіліся ў межах заканадаўства. Ну, а гэта, напэўна, не спадабалася кіраўніцтву ўнівэрсытэту, бо падыходзіла ахова і пачала патрабаваць, каб мы сышлі з гэтага месца. Існуюць законы, і яны аднолькавыя і для рэктара, і для дырэктара, і для звычайнага грамадзяніна. Дарэчы, крыху раней усярэдзіне ўнівэрсытэту стаяў пікет па зборы подпісаў за Лукашэнку — і не было ніякіх праблемаў. Мы стаім звонку — і ў нас узьнікаюць праблемы. Гэта роўныя ўмовы ці ўсё ж не?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG