Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Папулярная музыка зь Вітулы” па-беларуску



Сёньня ўвечары ў актавай залі філялягічнага факультэту БДУ амбасада Швэцыі ў Менску сумесна з Цэнтрам швэдзкіх дасьледаваньняў зладзіла прэзэнтацыю “Папулярнай музыкі зь Вітулы” Мікаэля Ніемі. Беларускі пераклад сучаснага швэдзкага раману пад такім назовам зрабіла Вольга Цвірка. Адмыслова на сёньняшнюю прэзэнтацыю са Стакгольму ў Менск прыехаў аўтар “Папулярнай музыкі зь Вітулы” Мікаэль Ніемі.

Гэты раман выйшаў у Швэцыі ў 2000 годзе. Гэта шостая кніга аўтара, але толькі яна прынесла яму вядомасьць і славу. За яе Мікаэль Ніемі атрымаў самую прэстыжную для швэдзкай літаратуры прэмію імя Аўгуста Стрындбэрга.

Многія з прысутных, якія прачыталі раман, знайшлі шмат падабенства паміж жыцьцём аўтара на памежжы Швэцыі і Фінляндыі і жыцьцём беларускіх літаратараў ў глыбінцы. "Гэта 60-ыя, 70-ыя гады, калі не было музыкі "Бітлз", не было CD і інтэрнэту", як пажартаваў вядоўца вечарыны Віктар Шалкевіч.

Гэта вельмі складаны раман, паколькі ён напісаны, як прызнаўся аўтар, з прысьвячэньнем свайму роднаму народу, ня так вядомаму, можа, ў сьвеце турнэдальцам. Прысутны на імпрэзе аўтар сказаў, што ён верыць у тое, што напісаць пра гісторыю свайго мястэчка, свайго маленькага народу, але расказаць гэта з гумарам і вялікай любоўю, гэта і ёсьць посьпех у літаратуры.

Таму менавіта гэтая кніга і прывабіла беларускую перакладчыцу Вольгу Цьвірка, якая паводле меркаваньняў спэцыялістаў, справілася са сваёй задачай выдатна. Хаця і прызналася на імпрэзе, што
сумнявалася, ці брацца за гэты пераклад. Бо яе пужала, ці будзе зразумела тое, пра што пішацца ў рамане, беларускаму чытачу.

Вольга Цьвірка: Я сама з асалодай прачытала кнігу па-швэдзку. Гэта захапляльная, але адначасова і сур'ёзная кніжка.Апавяданьне грунтуецца на кантрасьце, на супрацьпастаўленьні жыцьця ў паўночнай, больш традыцыйнай Швэцыі і прагрэсіўнай, больш цывілізаванай паўднёвай Швэцыі. Я сумнявалася, ці будзе зразумелая гэтая спэцыфіка нашаму чытачу. Я спрабавала рабіць некаторыя рэчы больш зразумелымі, і думаю, што нават беларуская вэрсія будзе больш зразумелая нашаму чытачу, чым швэдзкая вэрсія тым, хто жыве ў Стакгольме.

Беларускі пераклад “Папулярнай музыкі зь Вітулы” – гэта 35 пераклад на замежную мову рамана Мікаэля Ніемі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG