Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская статыстыка можа даць і 700 цэнтнэраў з гектара


20 кастрычніка адзначаецца Ўсясьветны дзень статыстыкі. Наколькі адпавядае беларуская статыстыка міжнародным стандартам, ці дзейнічае яна паводле агульнапрынятых у сьвеце падыходаў? Чаму часам лічбы беларускай афіцыйнай статыстыкі выглядаюць досыць фантастычна і не адпавядаюць таму, што ёсьць на самой справе?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Кастусь Скуратовіч.

Леанід Злотнікаў
Кастусь Скуратовіч
Віталь Цыганкоў


Колькі віртуальнай бульбы расьце ў Беларусі?


Цыганкоў: Наколькі адпавядае беларуская статыстыка міжнародным стандартам? Ці дзейнічае яна паводле агульнапрынятых у сьвеце падыходаў? Або ў яе ёсьць асаблівасьці, якія істотна мяняюць карціну, прадстаўленую гэтай статыстыкай? Спадар Скуратовіч, ці можаце вы прывесьці нейкі прыклад, калі лічбы беларускай статыстыкі не зусім адпавядалі таму, што ёсьць на самой справе?

Скуратовіч: Зразумела, магу. Гэта перш-наперш дадзеныя па сельскагаспадарчай вытворчасьці. Напрыклад, вытворчасьць бульбы. Лічыцца, што найбольшы ўраджай быў дасягнуты ў 1989 годзе — каля 9 мільёнаў тон. Але і ў далейшыя гады ў статыстыцы амаль такая самая лічба заўсёды паўтараецца.

Паводле статыстыкі, 80 працэнтаў бульбы вырошчваецца ў прыватным сэктары. Але ж вёска даўно ўжо ня тая, там амаль няма хатніх гаспадарак, у якіх засталіся карова, сьвіньні, гусі, куры, якім патрэбна гэтая бульба.

Цыганкоў: Гэта ж ніхто ня можа падлічыць, хто і колькі вырошчвае бульбы на сваіх прысядзібных участках, на лецішчах. Аднак беларуская статыстыка бярэцца гэта вызначыць «на вочка»?
Ад 0,5 да 1 працэнта валавога ўнутранага прадукту можна прыпісаць адной толькі бульбай.

Скуратовіч: Так. Калі браць Польшчу, дык там вытворчасьць бульбы скарацілася за гэтыя гады ўдвая. І Польшча ад гэтага горш сябе пачуваць ня стала, яны канстатуюць тое, што ёсьць. А беларусы гэтага зьніжэньня проста не паказваюць.

Такім чынам, ад 0,5 да 1 працэнта валавога ўнутранага прадукту можна прыпісаць адной толькі бульбай. Да таго ж няма ніякай адказнасьці. Прыкінуў — калі ёсьць у сялян зямля, дык там павінна нешта расьці. Значыць, там расьце бульба. Але яе там няма, прынамсі ў такіх аб’ёмах.

Як робяць ураджай 700 цэнтнэраў з гектара?


Цыганкоў: Спадар Злотнікаў, вы на старонках прэсы нават вялі дыскусію зь Міністэрствам статыстыкі. Ці пераканалі вы іх? Ці можаце вы сказаць, што беларуская статыстыка працуе паводле міжнародных стандартаў?

Злотнікаў: У 1993 годзе наша краіна далучылася да міжнародных пагадненьняў па вядзеньні статыстыкі — маю на ўвазе пераход на статыстыку паводле сыстэмы нацыянальных разьлікаў. Цяпер беларуская статыстыка адпавядае сусьветным нормам яе вядзеньня.

Але, зь іншага боку, наша эканоміка не адпавядае патрабаваньням рынку, пад якія былі распрацаваныя міжнародныя стандарты. Таму часам адбываюцца вельмі дзіўныя рэчы, перш за ўсё за кошт тых дадзеных, што даюцца зь месцаў.

І я магу прывесьці прыклады. Некалькі гадоў таму ў прэсе прайшоў факт, што ўлады ў Гомельскай вобласьці, каб добра выглядаць у сваіх справаздачах, пісалі, колькі збожжа атрымліваецца ў прыватных гаспадарках, у насельніцтва. Адны чыноўнікі напісалі, колькі збожжа было сабрана, другія — колькі гектараў зямлі было адведзена пад збожжа. Потым нехта падлічыў, і атрымалася, што ўраджайнасьць збожжа склала 700 цэнтнэраў з гектара. Гэта быў сьмех на ўсю краіну.
нехта падлічыў, і атрымалася, што ўраджайнасьць збожжа склала 700 цэнтнэраў з гектара. Гэта быў сьмех на ўсю краіну.
Але ж не статыстыкі гэта зрабілі, а тыя людзі, якія на месцах гэтыя дадзеныя малявалі.

Другі прыклад. Памятаеце, як некалькі гадоў таму 3 стратныя гаспадаркі аб’ядноўвалі ў адну і потым давалі справаздачу, што колькасьць стратных гаспадарак зьменшылася ў тры разы. Але гэта самы просты спосаб, існуюць і больш складаныя.

Я нават вёў на старонках прэсы палеміку зь Міністэрствам статыстыкі наконт наступнага: паводле ўсіх дадзеных у нас штогод былі вышэйшыя за Расею тэмпы росту ВУП, мы пачалі раней за Расею гэты рост (Беларусь у 1996-м, Расея ў 1999-м), мы расьлі хутчэй, не было ў нас спаду і падчас крызісу. З усяго гэтага атрымліваецца, што мы павінны быць даўно наперадзе Расеі. Але на самой справе ВУП на душу насельніцтва ў Расеі прыкладна ў 1,4 раза большы, чым у Беларусі.

Дзяржава патрабуе ад усіх — давай рост аб’ёмаў вытворчасьці. І рост даюць, даюць на паказчыках, на паперы.

«У каманднай эканоміцы заўсёды будзе скажоная статыстыка»


Цыганкоў: Спадар Скуратовіч, калі вы атрымліваеце чарговую порцыю афіцыйнай статыстыкі, ці бываюць у вас выпадкі, калі вы бачыце, што «тут нешта ня тое»?

Скуратовіч: Канечне. Калі мы чуем замежныя навіны, дык там кажуць пра тое, як упалі продажы недзе ў ЗША ці ў Эўропе, а пасьля гэтага падвысілася беспрацоўе і зьнізіліся аб’ёмы вытворчасьці. А ў нас у Беларусі аб’ём беспрацоўя фактычна не мяняецца, як быў 0,6-0,8 працэнта, так і застаецца. Аднак аб’ём вытворчасьці зьнізіўся даволі істотна!

Гэта азначае, што статыстыка пастаўленая ў такія ўмовы, калі яна ня можа адлюстроўваць рэальную сытуацыю.

Злотнікаў: Статыстыка вельмі розная. Ёсьць банкаўская, мытная, статыстыка асобных міністэрстваў. Я ёй карыстаюся, і ў асноўным яна добрая і адпавядае міжнародным стандартам.

Але што тычыцца статыстыкі пра аб’ёмы вытворчасьці, то не статыстыкі яе робяць. Яе робяць прадпрыемствы, яе робяць зьнізу. Ад іх зьверху патрабуюць — «дай паказчыкі», і яны даюць паказчыкі. Таму справа не ў статыстыцы, справа ў сыстэме. У каманднай эканоміцы заўсёды будзе скажоная статыстыка.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG