Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў форуму Рады Эўропы не пусьцілі да дэманстрантаў



У Ерэване праходзіць форум Рады Эўропы “Ў імя будучыні дэмакратыі”. Сярод удзельнікаў форуму – пяць прадстаўнікоў Беларусі.

У ходзе дыскусіяў на форуме іх удзельнікі абмяркоўваюць тонкасьці дэмакратычных працэдур – найперш гаворка ідзе пра новыя выклікі, зь якімі сутыкаюцца разьвітыя дэмакратыі. Асобнае абмеркаваньне беларускай тэмы ў ходзе ерэванскай сустрэчы не прадугледжанае. Сёлетні форум – ужо шосты: Рада Эўропы праводзіць такія акцыі з 2005 году.

Ад Беларусі ўдзел у рабоце панэляў у сталіцы Армэніі бяруць прадстаўнікі Ўсходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў Валянціна Палевікова і Аляксандар Дабравольскі, каардынатарка адукацыйных праектаў руху “За Свабоду” Дар’я Слабчанка, супрацоўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Ўладзімер Шчэрбаў і прадстаўніца незалежнай экспэртнай суполкі expertby.org, прэсавая сакратарка патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука Ганна Красуліна.

19 кастрычніка, у дзень адкрыцьця форуму, апазыцыйныя сілы Армэніі правялі акцыю пратэсту. Нягледзячы на цікавасьць удзельнікаў форуму Рады Эўропы да мітынгу, іх не дапусьцілі пагутарыць з дэманстрантамі, паведаміла ў інтэрвію нашаму радыё Ганна Красуліна:

“Нас хутка правезьлі аўтобусам міма дэманстрацыі і завезьлі за браму Дому прыёмаў ураду, дзе праходзіць форум. І ў нас не было магчымасьці выйсьці да людзей і атрымаць інфармацыю. Арганізатары форуму тлумачылі гэта неабходнасьцю гарантаваць нашую бясьпеку...

Дэманстранты стаялі за імправізаванымі кратамі. Частка людзей была апраненая ў паласатыя робы, і гэтыя людзі паказвалі, што яны хочуць вырвацца з-за кратаў. Яны трымалі ў руках надпісы з напамінам пра ахвяраў рэжыму, а таксама напаміналі пра 13 палітычных зьняволеных у Армэніі. Дэманстранты працягвалі акцыю да вечара – чакалі, калі ўдзельнікі форуму выйдуць з Дому прыёмаў ураду пасьля заканчэньня паседжаньняў форуму”.



Армянская апазыцыя заявіла, што мітынг быў арганізаваны, каб зьвярнуць увагу эўрапейцаў на парушэньні правоў чалавека ў Армэніі. Дэманстранты патрабавалі вызваліць апазыцыянэраў, што знаходзяцца за кратамі ў сувязі з пасьлявыбарнымі падзеямі сакавіка 2008 году, устанавіць і пакараць вінаватых у тых падзеях, аднавіць перадаваньне незалежнай тэлекампаніі “А1+” і правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары.



Перад пачаткам форуму Рады Эўропы шэраг армянскіх грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў выказалі сваё незадавальненьне тым, што іх не ўключылі ў лік удзельнікаў форуму.

Група армянскіх арганізацыяў таксама распаўсюдзіла супольную заяву, адрасаваную генэральнаму сакратару Рады Эўропы Турб’ёрну Яглянду. У заяве адзначаецца, што Армэнія ня выканала патрабаваньняў рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, і зьмешчаны заклік да Яглянда наведаць, будучы ў Ерэване, апазыцыянэраў, зьняволеных у сувязі з падзеямі сакавіка 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG