Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тур: Эканамічная праграма Раманчука — экстрэмісцкая


Першы намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур

Першы намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур

Беларускі ўрад рапартуе пра значныя посьпехі ў лібэралізацыі эканомікі. Аднак ці насамрэч ёсьць падставы казаць пра тое, што плянавая мадэль беларускай эканомікі за апошні час зьведала істотныя зьмены?

У Міністэрстве эканомікі Беларусі сьцьвярджаюць, што 2010 год праходзіць пад знакам беспрэцэдэнтнай дагэтуль адкрытасьці ў дыялёгу ўлады і бізнэс-супольнасьці. Першы намесьнік міністра Андрэй Тур удакладняе, што дадзена зялёнае сьвятло на прыватызацыю прадпрыемстваў, на якія раней ніхто прэтэндаваць ня мог, спрошчаная працэдура падатковага адміністраваньня, скарочаны пералік відаў дзейнасьці, якія падлягаюць абавязковаму ліцэнзаваньню. Праўда, цалкам адмаўляцца ад мэханізму кантраляваньня дзяржава не зьбіраецца:
Ліцэнзія — гэта самы жорсткі від рэгуляваньня, які ажыцьцяўляецца. І яе адмена патрабуе пэўных зьменаў.

"Ніводзін від дзейнасьці ў любой краіне не нерэгулюецца. Усе віды рэгулююцца, іншае пытаньне — чым. Ліцэнзія — гэта самы жорсткі від рэгуляваньня, які ажыцьцяўляецца. І яе адмена патрабуе пэўных зьменаў. Цяпер праходзіць узгадненьне праект адпаведнага ўказу, якім прадугледжана рэгуляваньне розьнічнага гандлю. Там ёсьць прапановы на ўвядзеньне гандлёвага рэестру, але ў любым выпадку мы павінны вельмі добра ўяўляць сабе тую колькасьць арганізацый, суб'ектаў гаспадараньня, якія ўсім гэтым займаюцца. Іншае пытаньне — якія патрабаваньні будуць прад'яўляцца. Але гэта ўжо другі момант і сфэра абмеркаваньня".

Ужо не адзін год, абяцаючы "пацяпленьне" бізнэс-галіне, дзяржава не сьпяшаецца рэалізаваць гэта на практыцы. Калі верыць чыноўнікам, лібэральны падыход прыватнікам нясе прэзыдэнцкая Дырэктыва №4, тэкст якой дагэтуль не агалошаны і знаходзіцца, па словах спадара Тура, у стане "пастаяннага ўдасканаленьня":

"Што тычыцца дырэктывы. Няпросты дакумэнт, ідзе вельмі сур'ёзная дапрацоўка, вельмі шмат прапаноў, прычым, рознага парадку і па ўсіх кірунках. Бліжэйшым часам мы павінны завяршыць агульную працу і накіраваць яго ў адміністрацыю прэзыдэнта. Думаю, што да выбараў гэтая дырэктыва зьявіцца. А чаму так доўга? Таму што ня ўсё так проста. Як і ўсе іншыя дырэктывы, гэта ў першую чаргу палітычны дакумэнт. Ён вызначае стратэгічны вэктар разьвіцьця паводзінаў і выпрацоўку палітыкі ў гэтым накірунку. Зрэшты, выйдзе дырэктыва — усё ўбачыце. Праект актыўна абмяркоўваецца. У нас столькі прапаноў, лістоў і розных рэкамэндацый, што гэта і ёсьць прычына таго, што ён так доўга прапрацоўваецца. І сам тэкст дырэктывы пастаянна мяняецца, разумееце?".
Уладзімер Кудзінаў

Аднак у лібэралізацыі беларускай мадэлі эканомікі сумняваюцца тыя, хто меў непасрэдныя стасункі зь дзяржаўнымі інстанцыямі, адказнымі за кантроль над гэтай сфэрай. Так, некалі пасьпяховы бізнэсовец Уладзімер Кудзінаў, які пасьля "палітычнай адседкі" іміграваў ва Ўкраіну, разважаньні на тэму лібэралізацыі называе "пустым гукам" і спробай выбіць пад гэтую марку чарговыя крэдыты:
Гэта проста словы ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта дзеля таго, каб патэнцыйныя "донары" далі якіясьці крэдыты.

"Думаю, што паварот на Захад, так званая лібэралізацыя — усё гэта адбываецца толькі на словах. А ў рэальным жыцьці не адбываецца нічога. То бок, насамрэч нічога не зьмянілася ў параўнаньні з тым, што было раней. Каб былі нейкія зрухі да пабудовы дэмакратычнага грамадзтва, ці каб была ў Беларусі свабода слова, як, прыкладам, ва Ўкраіне, то такое магчыма. Але ў беларускіх умовах толькі пры зьмене ўлады. Калі будуць чэсныя выбары, калі абяруць новага прэзыдэнта, калі праз пэўны прамежак часу будзе пабудаваная крыху іншая сыстэма кіраваньня грамадзтвам у параўнаньні з той, якая існуе цяпер. Вось тады і можна будзе гаварыць пра сапраўдную лібэралізацыю. А цяпер гэта проста словы ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта дзеля таго, каб патэнцыйныя "донары" далі якіясьці крэдыты. Таму гэта проста словы".

Пакуль што стаўленьне дзяржаўных ведамстваў да альтэрнатыўных прапановаў у галіне эканомікі досыць насьцярожанае. Вось як адрэагаваў першы намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур на просьбу ацаніць эканамічную праграму аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука:

"Пытаньне ў тым, што Раманчук — зь ліку людзей, якія ёсьць прыхільнікамі выключна лібэральнага тыпу эканомікі. І тое, што ён узначальвае цэнтар Мізэса, гаворыць шмат пра што. Мізэс — гэта той чалавек, які адносіцца да пляяды архінэалібэралаў, у якіх дзяржава не прысутнічае практычна нідзе і ні ў чым. То бок, на іх думку, дзяржава — гэта велізарны тормаз, і тое, што перашкаджае разьвіцьцю. І акурат у гэтай частцы — многія моманты, якія мы проста ня можам падтрымаць. Праблема нават ня ў тым, што быў крызіс. Цяпер распрацоўваецца праект аб дзяржаўна-прыватным партнэрстве, і гэта акурат тыя элемэнты, якія павінны паказаць сфэры, дзе можа і павінна прысутнічаць дзяржава, і дзе можа і павінны прысутнічаць бізнэс. Прычым, у залежнасьці ад каньюнктуры — усясьветнай, нацыянальнага разьвіцьця эканомікі — падвышаецца роля дзяржавы. Бо няма сёньня роўнага разьвіцьця. Там, дзе ўдалыя ўмовы, зразумела, роля дзяржавы скарачаецца. Але там, дзе ўзьнікаюць нейкія складанасьці, там зьяўляецца дзяржава. А ў нашым выпадку складанасьці ўзьнікаюць заўсёды".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG