Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы з вамі знаходзімся ў неспрыяльным становішчы. Трэба думаць, як нам забясьпечваць сваю незалежнасьць", - заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы прэзыдэнта Літвы Далю Грыбаўскайце, якая прыбыла ў сталіцу Беларусі з рабочым візытам.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што незалежнасьць можна найперш забясьпечыць праз энэргетычнае супрацоўніцтва дзьвюх краін.

Беларусь зацікаўлена ў выкарыстаньні літоўскага порту Клайпеда пры перавозцы вэнэсуэльскай нафты і беларускіх калійных угнаеньняў. Для Літвы гэта таксама добры прыбытак. Акрамя таго Літва зацікаўлена ў транзыце празь Беларусь украінскай электрычнасьці.

У сваю чаргу Даля Грыбаўскайце заявіла, што Літва зацікаўлена ў паляпшэньні і актывізацыі адносін зь Беларусьсю.

Яна нагадала, што ў наступным годзе Літва будзе старшынстваваць у АБСЭ. «У гэтых рамках мы хочам дапамагчы Беларусі, быць побач падчас выбараў, дапамагчы быць больш адкрытай і прызнанай у Эўропе», – сказала прэзыдэнт Літвы.

Яна падкрэсьліла, што Літва гатовая «супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Эўразьвязе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага хацець».

Гэта першы візыт Далі Грыбаўскайце ў Менск. Напярэдадні візыту Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што літоўская дэлегацыя мае намер заклікаць беларускі бок «заняць больш адкрытую пазыцыю ў адносінах да Эўропы і праводзіць адпаведныя рэформы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG