Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі выставяць муляж экс-прэм'ера Шарона ў коме


Арыэль Шарон. Інсталяцыя Ноама Браслаўскага

Арыэль Шарон. Інсталяцыя Ноама Браслаўскага

Муляж у натуральную велічыню былога прэм'ер-міністра Ізраілю Арыэля Шарона будзе выстаўлены ў галерэі ў Тэль-Авіве, паведамляе “Бі-Бі-Сі”.

Інсталяцыя ізраільскага мастака Ноама Браслаўскага ўяўляе сабой фігуру Шарона, які ляжыць у коме на шпітальным ложку. Муляж, які захоўвае зьнешняе падабенства, падлучаны да апарата штучнага дыханьня, і можна бачыць, як ён "дыхае".

Куратары выставы кажуць, што інсталяцыя сымбалізуе "інэртнасьць ізраільскай палітыкі".

82-гадовы Шарон быў адным з самых уплывовых ізраільскіх лідэраў. У 2006 годзе ў выніку інсульту ён упаў у кому, у якой і знаходзіцца да сёньня.

Скульптура будзе выстаўлена на агляд у цёмным пакоі ў галерэі Кішон у чацвер.

Муляж Шарона будзе знаходзіцца ў цёмным пакоі, ён адзеты ў піжаму і падключаны да апарата штучнага дыханьня. Яго вочы адкрыты і грудзі падымаюцца і апускаюцца; чуваць, калі фігура робіць ўдых і выдых.

Паводле Браслаўскага, інсталяцыя "прымушае гледача эмацыйна суперажываць убачанаму".

"Я выбраў Шарона, бо ён зьяўляецца свайго роду аголеным нэрвам ізраільскага грамадзтва, якія выклікаюць ўвесь спэктар эмоцый адносна таго, што ўяўляе сабой Ізраіль сёньня", - кажа аўтар.

"Цела Шарона, якое дыхае і сэрца, якое б'ецца, - алегорыя ізраільскага палітычнага цела, залежнай і мэдытатыўнай істоты, нерухомай, інэртнай, з расплюшчанымі вачыма, якія нічога ня бачаць", - кажа куратар выставы Джошуа Сайман.

Арыэль Шарон стаў прэм'ер-міністрам у 2001 годзе, абяцаючы дамагчыся для Ізраілю "бясьпекі і сапраўднага міру".

Ён выступаў у падтрымку будаўніцтва габрэйскіх паселішчаў на акупаваных тэрыторыях. Яму таксама належыць ідэя будаўніцтва разьдзяляльнага бар'ера на Заходнім беразе.

Аднак, нягледзячы на пярэчаньні многіх ізраільцян, ён настаяў на эвакуацыі габрэйскіх пасяленцаў з сэктару Газы і закрыцьці чатырох паселішчаў на Заходнім беразе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG