Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў назад забілі Вераніку Чаркасаву


Блізкія і сябры журналісткі ўскладуць сёньня кветкі на магілу журналісткі. Забойства Веранікі Чаркасавай дасюль застаецца не раскрытым.

Апошнія гады свайго жыцьця Чаркасава працавала ў недзяржаўнай газэце “Салідарнасць”.

Журналістка была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 году ў сваёй кватэры ў Менску. Яе цела з шматлікімі нажавымі раненьнямі знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімер Мялешка.

Асноўнай вэрсіяй было прызнана забойства на бытавой глебе. Аднак вынікі журналісцкіх расьсьледаваньняў дазваляюць дапускаць, што забойства Веранікі Чаркасавай зьвязана зь яе прафэсійнай дзейнасьцю.

Чаркасава шмат займалася актуальнымі праблемамі беларускай палітыкі, сярод іншага езьдзіла ў камандзіроўку ў Ірак у апошнія гады кіраваньня Садама Хусэйна. Загадкавая сьмерць журналісткі навяла яе былых калегаў на думку, што ёй маглі за нешта адпомсьціць ці забілі, каб яна не апублікавала сэнсацыйных зьвестак.

Рэдактар інтэрнэт-рэсурсу “Салідарнасць” Аляксандар Старыкевіч так камэнтаваў факт, што сьледзтва дасюль не ўстанавіла забойцаў журналісткі:

“Мы з адпачатку меркавалі, што пры цяперашніх уладах забойцы ня будуць знойдзеныя. Гэта пацьвярджае нашую вэрсію пра палітычны характар гэтага забойства. Але лічу, што калі не праз 4, дык праз 14 ці болей гадоў усё роўна забойцаў знойдуць”.

Сьледзтва некалькі разоў аднаўлялі і зноў прыпынялі з фармулёўкаю “ў сувязі зь невысьвятленьнем асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага”.

У інтэрвію БелаПАН старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў паведаміў сёньня, што расьсьледаваньне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай па-ранейшаму прыпыненае, аднак апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца. Паводле Балашова, “ніякіх значных абставінаў у справе не ўстаноўлена”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG