Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў прапануе нацыяналізаваць"Белтрансгаз"


Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў пра неабходнасьць нацыяналізацыі "Белтрансгазу".

Палова акцыяў “Белтрансгазу” цяпер належыць Беларусі, а другая палова знаходзіцца ва ўласнасьці расейскага “Газпрому”.


“Тая частка народнай гаспадаркі, якая была аддадзеная Маскве ў абмен на палітычную падтрымку дзейнага рэжыму насуперак нацыянальным інтарэсам, будзе вернутая беларускаму народу. Гэта ў першую чаргу тычыцца акцыяў "Белтрансгазу", перадача якіх Расеі пагражае эканамічным пэрспэктывам Беларусі”, — гаворыцца ў заяве Рыгора Кастусёва.

Паводле Р.Кастусёва, “акцыянаваньне і перадача ва ўласнасьць расейцам "Белтрансгазу" было крокам, неабходным для выжываньня беларускага аўтарытарызму, але неспрыяльным для эканамічных інтарэсаў бальшыні грамадзянаў.”

“Альтэрнатывы нацыяналізацыі "Белтрансгазу" няма. Гэта ёсьць неабходная ўмова захаваньня нашай гаспадарчай і палітычнай незалежнасьці”, адзначае Рыгор Кастусёў.

Пры гэтым кандыдат ад Партыі БНФ заўважыў, што нацыяналізацыя стратэгічна важных для Беларусі прадпрыемстваў не закране інтарэсы ніводнага добрасумленнага інвэстара, у тым ліку прадпрыемстваў з расейскім прыватным капіталам.

“Нацыяналізацыі павінныя падлягаць тыя прадпрыемствы, ад існаваньня якіх залежыць фінансава-гаспадарчая бясьпека і ўстойлівасьць нашай дзяржавы. Паводле яснай пазыцыі Партыі БНФ, у будучыні новая ўлада свабоднай Беларусі павінна закрыць дарогу да ўдзелу ў прыватызацыйных мерапрыемствах арганізацыям, якія наўпрост альбо праз пасярэдніцкія структуры кантралююцца ўрадамі суседніх краінаў, ці зьвязаныя зь дзейнасьцю злачынных груповак і незаконных палітычных рэжымаў”, гаворыцца ў заяве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG