Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У нас стварылі дзяржаву чыноўнікаў і для чыноўнікаў...”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 кастрычніка 2010 году

Выбарчая тэма працягвае заставацца галоўнай у пошце “Свабоды” на працягу некалькіх апошніх тыдняў. Назіраючы за пікетамі, сустракаючыся з актывістамі, якія зьбіраюць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, нашы слухачы спрабуюць параўнаць гэту выбарчую кампанію з папярэднімі, разважаюць пра тое, наколькі верагодная зьмена ўлады ў Беларусі пасьля 19-га сьнежня, ці ёсьць на гэта сілы ў апазыцыйных кандыдатаў.

З аднаго зь лістоў на гэту тэму і пачну сёньняшнюю размову. Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну магчымасьці палітычных зьменаў у сёньняшняй Беларусі ацэньвае скептычна. І вось чаму. Слухач піша:

“Чарговы раз пераконваюся ў слабасьці, павярхоўнасьці, негатовасьці чарговых апазыцыйных кандыдатаў. Гэтых людзей ніхто ніколі ня бачыў і ня ведае. Немагчыма за два месяцы зьмяніць тое, што створана магутнай ідэалягічнай машынай за 16 год. Гэта ня тыя лідэры, якія гатовы павесьці за сабой, прымусіць паверыць у іх сілу, здольнасьць зьмяніць жыцьцё ў лепшы бок. І я больш чым перакананы, што ня вераць у гэта і яны самі. Таму што гэта адказнасьць за лёс мільёнаў грамадзян нашай краіны. А ці гатовы яны да гэтага?

Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку. Але чаго дамагліся тыя, за каго я аддаваў свой голас? Яны абяцалі ісьці да канца, заўсёды заставацца з народам, клікалі на Плошчу… А ў выніку ціха сыходзілі, зьнікалі і ніколі больш не вярталіся. Я ні ў чым не папракаю іх і з павагай да іх стаўлюся. Бо ня трэба забываць: мы жывем у страшны час і ў страшнай краіне, у якой зьнікаюць палітыкі і журналісты, дзе за іншадумства зьбіваюць, калечаць і жорстка ламаюць лёсы. Немагчыма атрымаць перамогу за такі кароткі тэрмін. Але можна і трэба менавіта зараз пасадзіць парастак будучай перамогі.

Простыя людзі стаміліся ад крывадушнасьці і хлусьні афіцыйнай улады, ад бязьдзейнасьці і нахабства чыноўнікаў. Але зь недаверам ставяцца і да апазыцыі, бо тая за лесам праблемаў ня бачыць дрэўцаў інтарэсаў простых грамадзянаў. Апазыцыя ва ўсіх грахах вінаваціць прэзыдэнта, а той, са свайго боку, абвінавачвае апазыцыю ў спробах прапіярыцца і нагрэцца на ўсіх праліках і няўдачах дзяржавы, — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну, — Але ў гэтым супрацьстаяньні ёсьць і трэцяя сіла. Сіла, якая валодае неабмежаванымі магчымасьцямі і паўнамоцтвамі, у якой няма праблемаў з фінансаваньнем, і якую не асабліва турбуе тое, хто кіруе краінай цяпер, і хто будзе ля стырна заўтра. Яны цудоўна адчувалі сябе да ’94-га году і зусім не гаруюць цяпер. І нават калі зьменіцца правіцель — яны ўсё роўна застануцца. Імя гэтай трэцяй сілы — чыноўнікі. Ім глыбока напляваць на простых людзей, Канстытуцыю, прэзыдэнта і крызіс. Іх Бог — хабар, а Біблія — карупцыя. І ў нашай краіне любы, нават самы невялікі гарадок з больш-менш разьвітай інфраструктурай ператварыўся ва ўдзельнае княства з уласнай гіерархіяй. Тут ёсьць свае “аўтарытэты”, свае недатыкальныя асобы. Арганізаваныя злачынцы і хабарнікі цудоўна ўжываюцца зь міліцыяй. На высокім узроўні арганізаваны побыт і адпачынак тых, у чыіх руках улада. Усе яны павязаны, усюды ў іх “свае” людзі. Самае страшнае, калі рысу пераступаюць тыя, хто паводле абавязку павінны абараняць нас. І амаль кожны месяц зьяўляюцца гучныя справы людзей у пагонах, дырэктараў буйных прадпрыемстваў, старшыняў райвыканкамаў. Думаю, што ніхто зь іх ня дзейнічаў асобна. Проста “воўчая зграя” разарвала слабака і правяла чарговае паказальнае кармленьне “дзікіх зьвяроў”. Але па сутнасьці ў маштабах краіны нічога не зьмяняецца. Чыноўнікі ўсё гэтак жа езьдзяць на дарагіх аўто, купляюць кватэры, будуюць катэджы, адпачываюць за мяжой. Пытаньне: а на якія грошы, кім і як яны заробленыя? Але хто і ў каго адважыцца спытаць гэта, калі ў нас дзяржава чыноўнікаў і для чыноўнікаў? Кантрактная сыстэма найму на працу служыць выдатным кляпам для тых, хто хацеў бы нешта запярэчыць. А просты люд абавязаны за капейкі гарбаціцца, паміраць у хваробах і галечы, назіраючы, як пры напаўразбураных бальніцах у нас будуюць лядовыя палацы”
.

Напэўна, спадар Падсьвільскі, Вы памятаеце, як у ’93-’94-м гадах людзі з заміраньнем слухалі па “радыёкропцы”, як малады дэпутат Лукашэнка лаяў карупцыянэраў — за службовыя машыны і дачы, за спэцразьмеркавальнікі і спэцпаліклінікі, за славутую “скрынку цьвікоў”, якую кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч ці то аплаціў, ці то не аплаціў бюджэту. І людзі паверылі: вось ён, збавіцель. Няхай прыйдзе і зьнішчыць гэта карупцыйнае гняздо, няхай жалезнай рукой навядзе парадак і дысцыпліну…. І вось мінула 16 год. Тыя лецішчы, за якія некалі ладзіў разнос тагачасным намэнклятуршчыкам Аляксандар Рыгоравіч, выглядаюць сабачымі будкамі на тле катэджаў, у якіх жывуць намэнклятуршчыкі сёньняшнія. Тыя службовыя “Волгі”, якія служылі прадметам зайздрасьці і нянавісьці на пачатку 90-х — дрындулеты ў параўнаньні з уласнымі новенькімі “Лексусамі” і “Мэрсэдэсамі”, на якіх езьдзяць начальнікі сёньняшнія. Сыстэма спэцпаліклінік, спэцпэнсій і спэцзаробкаў ня толькі ня зьнішчана — наадварот, удасканалена, адладжана і стала яшчэ больш агіднай і амаральнай на тле жабрацкіх заробкаў, пэнсій і занядбаных паліклінік і шпіталяў для “чэрні”…

Дык, можа, выйсьце не ў “жалезнай руцэ” і жорсткай уладнай “вэртыкалі”, а ў тым, каб людзі самі выбіралі мясцовых начальнікаў у выніку справядлівых, а не паказушных выбараў; каб гэтыя начальнікі трымалі справаздачу перад дэпутатамі, каб пра іх не баяліся пісаць мясцовыя журналісты, каб іх, не пытаючыся дазволу, мог у любы момант прыцягнуць да адказнасьці незалежны суд… Напэўна, толькі тады, калі на гэтыя простыя пытаньні паспрабуе сумленна адказаць большасьць беларускіх грамадзянаў, і адбудуцца ў краіне тыя зьмены, якіх сёньня многія так чакаюць.

Раіса Катлярова з Магілёва пільна сочыць за выказваньнямі патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта наконт моўнай праблемы, захаваньня беларушчыны. Пачуўшы, як вылучэнец хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі сказаў, што выступае за паступовае, а ня рэзкае вяртаньне беларускай мовы ў грамадзкі ўжытак, слухачка піша:

"Дзіўна чуць гэта ад паплечніка шаноўнага Паўла Севярынца. Якая яшчэ паступовасьць патрэбна? Па-першае, куды падзеліся тыя 10 год, якія адводзіліся на паступовы ўвод беларускай мовы на пачатку Адраджэньня? Па-другое, куды ж зьнікаюць тыя веды па беларускай мове, якія атрымліваюць усе, хто вучыўся ў школе?

Вядзецца размова не пра тое, каб пагалоўна ўсіх прымусіць гаварыць па-беларуску. Неабходна перавесьці на беларускую мову выкладаньне ў школах, каледжах, ВНУ. А там працуюць ужо адукаваныя людзі. Ды і чыноўнікі ўсе як адзін маюць дыплёмы аб вышэйшай ці сярэдняй спэцыяльнай адукацыі. І амаль усе — тутэйшыя. Спэцыялістаў зь іншых рэспублік былога СССР да нас ужо дваццаць год не прысылаюць. Дык якая тут паступовасьць патрэбна?

Увогуле, стаўленьне нашых дэмакратычных кандыдатаў да беларускай мовы выклікае ў мяне нямала пытаньняў. Вось спадар Раманчук прыкладна два месяцы таму праводзіў сустрэчу з актывістамі дэмруху спрэс па-расейску. І толькі адказ на маё пытаньне даў па-беларуску. Па-беларуску ён ды іншыя прамаўляе хіта толькі на “Свабодзе”. Спадар Някляеў кампанію "Гавары праўду" праводзіць па-расейску. І гэты сьпіс можна працягваць.

... Дэградацыя насельніцтва ў нас страшэнная — нават старэйшага пакаленьня. І ў такіх дэградаваных сем'ях вырастаюць такія ж дэградаваныя дзеці. Я ўсё жыцьцё працавала зь людзьмі, доўгі час была загадчыцай крамы "Тэхніка ў побыце". Цяпер на пэнсіі. Але ў сувязі з асаблівасьцямі свайго характару пры любой нагодзе размаўляю зь людзьмі. І бачу: без духоўнага адраджэньня Беларусь ня выжыве. Дзякуй Богу, хлеба мы ўжо наеліся, відовішчаў наглядзеліся. Ды вось, толькі ня бачна на беларускім небасхіле таго адраджэнца, за якога, на першы выпадак, хацелася б ня толькі прагаласаваць, а і выйсьці на Плошчу. У 2006-м годзе я там была, праўда, толькі на шляху да Акрэсьціна"
.

Палітыкі, якія ўзяліся змагацца за прэзыдэнцкае крэсла дзеля рэальнай перамогі, а не дзеля ўдзелу ў масоўцы, вымушаны лічыцца з рэальнай моўнай сытуацыяй у краіне. Таму, спадарыня Раіса, і Яраслаў Раманчук, і Ўладзімер Някляеў падчас сустрэч з выбарцамі і афіцыйнымі асобамі нярэдка карыстаюцца расейскай мовай. Гэта ня значыць, што ў іх нейкае грэблівае, насьцярожанае ці адмоўнае стаўленьне да беларускай мовы. Абодва гавораць па-беларуску часта і ахвотна, у выбарчых праграмах абодвух прадугледжана вяртаньне мове рэальнага дзяржаўнага статусу... Дарэчы, і выбарчыя пікеты Уладзімера Някляева, наколькі я заўважыў у Менску, аформлены пераважна па-беларуску.

На тэму выбараў і моўнай праблемы выказваецца ў сваім лісьце на “Свабоду” і Васіль Завадзкі з Маладэчна. Разважаючы пра ўдзел у гэтай кампаніі апазыцыйных вылучэнцаў, слухач піша:

"Мяне вельмі ўразіла тое, што апазыцыя вылучыла так шмат кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Няўжо яны не разумеюць, што гэта гульня для іх будзе беспасьпяховай?

Я падтрымаю толькі таго кандыдата, які цалкам за адраджэньне беларускай мовы і гістарычнай сымболікі. Хто грэбуе беларускай мовай, той нясе вялікую адказнасьць перад вялікім беларускім народам, яго гісторыяй і будучыняй", —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Завадзкі з Маладэчна

Жыхары Ліды пэнсійнага веку Іван Мужчоўскі, Мар'ян Заблоцкі ды іншыя працягваюць дамагацца вяртаньня сваіх грашовых укладаў, якія абясцэніліся ў савецкім Ашчадным банку ў выніку гіпэрінфляцыі на пачатку 90-х гадоў. У сваім чарговым лісьце на “Свабоду” яны пішуць:

"Аляксандар Лукашэнка сказаў расейскім журналістам, што чакае, каб за яго прагаласавалі прынамсі дзьве траціны выбарцаў. Цікава, адкуль такая самаўпэўненасьць? Ад сябе можам сказаць: калі толькі ён не пачне з 1-га лістапада вяртаць нашы ўклады, якія "згарэлі" ў ашчадных касах, то на нашы галасы можа не разьлічваць. Яму мы ўжо ня верым. Ён жа калісьці абяцаў, што верне. І вось мінула 16 гадоў. Грошы былі, але іх не аддавалі людзям, а будавалі непатрэбныя нам лядовыя палацы. Калі ня можа вярнуць адразу, няхай аддае паэтапна. Найперш плаціць трэба тым, каму за 70. Ім чакаць ужо няма калі.

Адначасова ёсьць пытаньні і да іншых кандыдатаў: чаму яны ніяк не адлюстроўваюць гэту праблему ў сваіх праграмах? Калі так, то і за іх мы таксама ня будзем галасаваць.

Ведаем, што ў банку грошы ёсьць. А вярнуць трэба паводле курсу: за 1 савецкі рубель — 1 амэрыканскі даляр. У савецкі час 1 даляр каштаваў 70 капеек."
.

Няма, спадарства, у Беларусі такога банку, дзе беларуская ўлада лёгка магла б узяць некалькі мільярдаў даляраў, каб заплаціць падманутым укладчыкам савецкага Ашчаднага банку. На праблеме гэтай цяпер не імкнуцца акцэнтаваць увагу і апазыцыйныя палітыкі. Чаму? Вялікіх дывідэндаў на ёй не заробіш. Маладзейшыя выбарцы ўвогуле ня памятаюць ні Савецкага Саюзу, ні ягоных банкаў. А старэйшых, якія рэальна пацярпелі ад эканамічнага развалу пачатку 90-х, усё менш на гэтай зямлі. Ды і забываюцца з часам старыя страты і крыўды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG