Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы едзе ў Беларусь на машыне


Даля Грыбаўскаце

Даля Грыбаўскаце

Сёньня з рабочым візытам Беларусь наведае прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Кіраўніка літоўскай дзяржавы чакаюць у Менску а 12-й гадзіне. Спадарыня Грыбаўскайце едзе зь Вільні ў Менск на аўтамабілі. Плянуецца, што прэзыдэнт Літвы адразу накіруецца ў Адміністрацыю беларускага прэзыдэнта, дзе пройдуць яе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. У праграму візыту ўключана і наведваньне Нацыянальнай бібліятэкі.

У Вільні найперш акцэнтуюць увагу на тым, у якім статусе едзе ў Беларусь іх прэзыдэнт. Ад 1 студзеня наступнага году Літва будзе старшыняваць у АБСЭ. І дарадца кіраўніка літоўскай дзяржавы Дарус Сямашка ўжо заявіў: Даля Грыбаўскайце будзе гаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам пра тое, што сьнежаньскія выбары ў Беларусі мусяць адпавядаць стандартам АБСЭ.

Прэзыдэнта Літвы суправаджае міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс. Ён і яго беларускі калега Сяргей Мартынаў сёньня падпішуць пагадненьне аб памежным руху. На падставе яго для жыхароў 50-кілямэтровай памежнай зоны ў абедзьвюх дзяржавах будуць створаныя ўмовы для больш простага перасячэньня мяжы.

А 17-й гадзіне міністар замежных спраў Літвы правядзе асобную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG