Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамбраўскайце: Візыт прэзыдэнта Літвы мала арыентаваны на інтарэсы сваёй краіны

  • Тацяна Поклад

Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце

У Літве напярэдадні візіту Далі Грыбаўскайце ў Менск палітолягі адзначаюць, што гэты візыт не арыентаваны найперш на карысьць інтарэсаў Літвы, а таксама згадваюць дамову аб спрошчаным памежным руху, якую Беларусь і Літва абяцаюць падпісаць цягам апошніх двух гадоў.

“Думаю, гэтым разам візыт прэзыдэнта за мяжу ня мае асабліва вялікага дачыненьня да інтарэсаў уласна Літвы. Адна з асноўных мэтаў гэтага візыту была так і сфармуляваная – у сувязі з будучымі выбарамі ў Беларусі, у кантэксьце таго, што Літва – адна з трох будучых старшыняў у АБСЭ. Думаю, асноўны акцэнт сустрэчаў кіраўнікоў будзе менавіта зьвязаны з выбарамі, якія павінны быць арганізаваныя ў адпаведнасьці з нормамі дэмакратыі. Адно з асноўных пытаньняў, мяркую, будзе удзел у выбарах незалежных назіральнікаў”, – адзначыла напярэдадні візыту прэзыдэнта Літвы ў Беларусь кіраўніца адзьдзелу палітычнага аналізу і дасьледаваньняў Цэнтру дасьледаваньня Ўсходняй Эўропы Жывіле Дамбраўскайце.

У інтэрвію для радыё "Свабода" Жывіле Дамбраўскайце таксама сказала:

Жывіле Дамбраўскайце
“Інтарэсы Літвы, на мой погляд, гэтым разам – на другім пляне. Пра іх будуць, вядома, згадкі, але ня ў першую чаргу. Пра гэты візыт нельга сказаць, што ён выкліканы найперш і толькі нацыянальнымі інтарэсамі Літвы. Прынамсі, гэтым разам візыт кіраўніка дзяржавы да суседзяў значна меней арыентаваны на інтарэсы сваёй краіны, у параўнаньні з тым, калі прэзыдэнт Беларусі гасьцяваў у Літве і асноўным пытаньнем было эканамічнае супрацоўніцтва”.

Калі ж казаць пра магчымае падпісаньне дамовы аб памежным руху, пра якую нагадваюць аглядальнікі ў сувязі з візытам Грыбайскаўце ў Менск, дык гэта ў інтарэсах абедзьвюх краінаў пароўну, – падкрэсьліваюць палітолягі.

“У Літве ужо прайшла інфармацыя, што ў час гэтага візыту можа быць нарэшце падпісанае пагадненьне, аб якім размова ідзе ўжо два гады”, – заўважае палітоляг Вадзім Вілейта, адзін з лідэраў літоўскай грамадзкай арганізацыі Belarus Watch. – Гэта сапраўды успрымаецца, як галоўны магчымы вынік візыту кіраўніцы Літвы ў Менск".

Палітоляг працягвае: “Хаця гэта выглядае даволі сумна, калі вынікам дачыненьняў дзьвюх краінаў цягам двух гадоў будзе падпісаньне такой па-сутнасьці невялікай дамовы, якую да таго ж анансавалі так шмат разоў, што гэтым разам абяцаньне яе падпісаць выклікае скепсіс. Абедзьве краіны на словах дэманструюць жаданьне адкрыць межы для сваіх бліжэйшых суседзяў, на справе вельмі насьцярожана ставяцца да такой магчымасьці. Калі і будзе падпісаная дамова аб спрошчаным памежным руху, аб бязьвізавым малым руху, на мой погляд, гэта хаця і невялікі крок, але крок у слушным кірунку. Пры гэтым выклікае вялікую насьцярожанасьць, наколькі падрыхтаваныя памежныя службы абедзьвюх краінаў да павелічэньня руху. Баюся, што пра гэта дзяржаўныя дзеячы падумаюць у апошнюю чаргу, і толькі калі праблема паўстане, пачнуць на яе рэагаваць”.

Дарадца папярэдняга прэзыдынта Літвы Валдаса Адамкуса, палітоляг Лаўрас Белініс адзначае:

Гэтая паездка можа своеасаблівым чынам уплываць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі
“Насамрэч, і для Літвы, і для Беларусі карысна, калі іх кіраўнікі камунікуюць больш інтэнсіўна. Суседнія краіны маюць заўсёды шмат праблемаў, зьвязаных з рухам жыхароў праз мяжу, эканамічнымі дачыненьнямі, і гэтак далей. З іншагу боку, усе памятаюць, што ў Беларусі пачынаецца выбарчая кампанія, і сапраўды гэтая паездка можа своеасаблівым чынам уплываць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Але рашэньне аб візыце ў Менск не прымалася цягам тыдня ці пары тыдняў, гэта заўсёды доўга ўзгадняецца, так што гэта было сплянавана значна раней. Так што спадзяемся, што цягам гэтай паездкі нашая прэзыдэнт і яе спадарожнікі ні сваімі словамі, ні паводзінамі не паўплываюць на выбары у тым сэнсе, што ня зробяць нічога на карысьць таго ці іншага з кандыдатаў. А ў самой Літве гэты візыт не сапсуе рэйтынгі Грыбаўскайце, бо многія вельмі спадзяюцца на зрухі ў спрашчэньні памежных правілаў, і калі цяперашні візыт гэтаму паспрыяе, гэта будзе на карысьць усім”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG