Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зацьвердзіў Мядзьведзеў сцэнар далучэньня Беларусі да Расеі?


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Мядзьведзеў зацьвердзіў сцэнар адхіленьня Лукашэнкі ад улады і ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі», — гэтак гучыць загаловак публікацыі ў ізраільскім інфармацыйным агенцтве «Курсор». Аўтар артыкулу сьцьвярджае, што днямі ў Маскве была праведзена адмысловая нарада па беларускім пытаньні, на якой разглядаліся прапановы адносна вызначанай мэты — адхіленьня Лукашэнкі і далучэньня Беларусі да Расеі. Наколькі рэалістычным уяўляецца апісаны ў ізраільскім агенцтве сцэнар? Ці можна пагадзіцца з ідэяй, якая ўжо прагучала ў камэнтарах беларускіх палітыкаў, што такая публікацыя магла б быць інсьпіраваная беларускім кіраўніцтвам? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Наколькі рэалістычным падаецца вам намаляваны ізраільскім журналістам сцэнар? Ці кладзецца ён на існуючыя страхі і падазрэньні беларусаў наконт памкненьняў Масквы? Маё, напрыклад, асабістае ўражаньне, што ў гэтай публікацыі добра перамешаныя праўда і паўпраўда, сапраўдныя матывы з фантастычнымі сцэнарамі.

Класкоўскі: Я б сказаў, што гэта гратэскавы сцэнар, але з моцнымі элемэнтамі рэалізму. Давайце паспрабуем раскласьці ўсё па палічках.

Напрыклад, тое, што палітыка Масквы вялікадзяржаўная, відаць няўзброеным вокам. Факт, што сапраўды ў 2002 годзе Пуцін прапанаваў рэфэрэндум у пытаньнях аб’яднаньня дзьвюх краінаў. Цяпер рыторыка Крамля стала больш асьцярожнай, але ж гэта не азначае, што за кулісамі гэтыя пытаньні не накідаюцца. Днямі, дарэчы, Пуцін зноў згадаў пра адзіную валюту, якая дэ-факта азначае капец сувэрэнітэту.

Потым, існуе канцэпцыя прывілеяваных інтарэсаў Расеі ў так званым «блізкім замежжы». Яна таксама мае вялікадзяржаўны характар і скіраваная фактычна на абмежаваньне сувэрэнітэту суседніх краінаў. Каб яны не ўваходзілі ў заходнія блёкі, ані ў Эўразьвяз, ані ў НАТО — карацей, прывязаць да сябе.
Калі ўявіць сабе, што расейскі капітал апанаваў камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы, то фармальнае далучэньне да Расеі і непатрэбнае.


Калі ўявіць сабе, што расейскі капітал апанаваў камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы, то фармальнае далучэньне да Расеі і непатрэбнае. Тады можна пакінуць фармальныя атрыбуты дзяржаўнасьці. І такі варыянт дзяржавы-сатэліту дастаткова рэальны. Таму цяпер Масква мэтадычна прэсінгуе і чакае, пакуль плод сасьпее.

Цыганкоў: У сёньняшніх камэнтарах беларускіх палітыкаў прагучала ідэя, што такая публікацыя магла б быць інсьпіраваная беларускім кіраўніцтвам. Маўляў, калі Расея хоча зрынуць Лукашэнку і паглынуць Беларусь, то беларусам варта аб’яднацца вакол дзейнага прэзыдэнта, які зьяўляецца «гарантам сувэрэнітэту». Як вы ацэніце гэтыя камэнтары?

Класкоўскі: Ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці аўтара. Па-першае, у якасьці абаронцы сувэрэнітэту Лукашэнку і так піяраць усе дзяржаўныя СМІ. І цяжка ўявіць сабе такую складаную камбінацыю, каб прапіхвалі гэтую публікацыю на нейкі ізраільскі рэсурс.

Выбачайце за нясьціпласьць, але калі б я не напісаў камэнтар да гэтай публікацыі, то, можа, яе б ніхто асабліва і не заўважыў. Дзеля чаго тады трэба было гарод гарадзіць?

Ведаеце, у гэтых камэнтарах беларускіх палітыкаў вельмі вялікі налёт перадвыбарнай барацьбы. Адзін з патэнцыйных кандыдатаў нават дагаварыўся да таго, што Расея зьяўляецца гарантам беларускай незалежнасьці. Усё ж ня варта забывацца, што той самы Пуцін рубам ставіў пытаньне пра далучэньне Беларусі да Расеі шасьцю абласьцямі. Калі гэта гарант незалежнасьці, то — выбачайце мяне.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG