Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырнаццатага кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень маці. Гэтае сьвята было прызначана першым прэзыдэнтам нашай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнка ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста пятым годзе. У гэты дзень улады традыцыйна справаздачацца пра тое, як добра жывуць беларускія маці, а экспэрты, журналісты і рэдактары, якія скептычна ставяцца да афіцыёзу, наадварот, зьвяртаюць увагу на тое, што жанчыны нараджаюць усё менш ахвотна, атрымліваюць на малых дзяцей мізэрную дапамогу, зарабляюць менш за бязьдзетных.

Заўсёды забаўна назіраць, як і тыя, і другія выкарыстоўваюць адны і тыя ж лічбы і факты, каб абгрунтаваць сваё меркаваньне. Так, афіцыйныя крыніцы інфармацыі з гонарам адзначаюць, што ў краіне год ад году расьце індэкс нараджальнасьці. А незалежныя СМІ смуткуюць, што гэты індэкс усё адно занадта нізкі.

Сярод усіх гэтых лічбаў толькі адну не выпадае трактаваць па-рознаму- у Беларусі каля дваццаці шасьці тысяч дзяцей ня маюць бацькоў бацькоўскай апекі. У пераважнай большасьці гэтых дзетак ніколі ня будзе маці, пра якую складаюць песьні, вершы, малююць карціны. Агульнавядомы факт, што ў найбольш заможных краінах сьвету дзеці, якія зь нейкіх прычынаў засталіся без бацькоў, вельмі хутка знаходзяць сабе прыёмную сям’ю. Большасьць нашых мамаў вельмі рэдка задумваюцца пра тое, каб зрабіць шчасьлівым чужое дзіця. Чаму?

У адпаведнасьці з апошнімі дадзенымі ўсясьветнага мацярынскага індэксу Беларусь займае трыццаць трэцяе месца сярод ста шасьцідзесяці краінаў, спрыяльных для мацярынства. Гэтая пазыцыя досыць высокая. Так, у сем’ях з адным дзіцем дзяржава забясьпечвае дзесяць працэнтаў усіх прыбыткаў, з двума — адзінаццаць, а з трыма і болей — дваццаць працэнтаў. Дапамога на дзяцей аказваецца да 18 гадоў.

Жаночы індэкс
Ста­тус зда­роўяАду­ка­цый­ны ста­тусЭка­на­мічны ста­тусПалі­тычны статус
Най­больш разь­ві­тыя кра­іныРызыка
ма­ця­рын­скай сьмя­рот­нась­ці
Працэнт
жан­чы­наў,
якія
вы­ка­ры­стоў­-
ва­юць
срод­кі
су­час­най
кан­тра­цэп­цыі
Чаканая
пра­цяг­ласьць жыць­ця
жан­чы­ны
Чаканая
пра­цяг­ласьць афі­цый­на­га школь­на­га на­ву­чань­ня жан­чы­ны
Абяца­ныя ма­ця­рын­скія льготы (2009)Суадно­сі­ны дэк­ля­ра­ва­на­га да­хо­ду
жан­чы­ны і даходу
муж­чыны
Удзел жан­чын у дзяр­жаў­ным кі­ра­вань­ні (% мес­цаў, за­ня­тых жан­чы­на­мі)
2005200820092008працягласць20072010
Альбанія490228011365 дзён0,5416
Аўстралія13.30071842112 месяцаў0, 7027
Аўстрыя21,50047831516 тыдняў0.4028
Баўгарыя7, 400407714135 дзён0,6821
Беларусь4 800567615126 дзён0,6332
Бельгія7, 80073831615 тыдняў0,6438
Босьнія і Герцэгавіна29, 0001178131 год0,6119
Вугоршчына13,30071781624 тыдні0,7511
Вялікая Брытанія8,20082821652 тыдні0,6720
Гішпанія16,40062841716 тыдняў0,5237
Грэцыя25,900468217119 дзён0,5117
Данія17,80072811852 тыдні0,7438
ЗША4,80068821612 тыдняў0,6217
Ірляндыя47,60066831826 тыдняў0,5614
Ісьляндыя12,700-84203 месяцы0,6243
Італія26,6004184175 месяцаў0,4921
Канада11,00072831617 тыдняў0,6522
Латвія8,500567817112 дзён0,6722
Літва7,800337817126 дзён0,7019
Люксэмбург5,000-821316 тыдняў0,5720
Македонія6,5001077129 месяцвў0,4933
Малдова3,700437312126 дзён0,7324
Мальта8,30043821514 тыдняў0,459
Чарнагорыя4,5001777--0,5811
Нарвэгія7,70082831846—56 тыдняў0,7740
Нідэрлянды10,20065821716 тыдняў0,6742
Новая Зэляндыя5,90072822014 тыдняў0,6934
Нямеччына19,20066831614 тыдняў0,5933
Партугалія6,400638216120 дзён0,6027
Польшча10,60028801616 тыдняў0,5920
Расея2,700537314140 дзён0,6414
Румынія3,200387715126 дзён0,6811
Сэрбія4,500197714365 дзён0,5922
Славакія13,80066791528 тыдняў0,5818
Славенія14,200638218105 дзён0,6114
Украіна5,200497415126 дзён0,598
Фінляндыя8,500758318105 дзён0,7340
Францыя6,90077851616 тыдняў0,6119
Харватыя10,500-80141+ год0,6724
Чэская рэспубліка18,10063801628 тыдняў0,5716
Швэцыя13,80078841514 тыдняў0,6229
Эстонія2, 900567917140 дзён0,6523
Японія11,60044871514 тыдняў0,4511


Індэкс дзяцінстваРэйтынг
Статус дзяцінстваSOWM 2010
Найбольш разьвітыя краіныУзровень смяротнасьці дзяцей да 5 гадоў (на тыс. народжаных)Ахопленыя дашкольнай адукацыяй (% ад агульнай колькасьці)Ахопленыя сярэдняй адукацыяй (% ад агульнай колькасьціІндэкс мацярынства (сярод 43 краінаў)Жаночы індэкс (сярод 43 краінаў)Дзіцячы індэкс
(сярод 43 краінаў)
200820082008
Альбанія144978434342
Аўстралія61011482128
Аўстрыя49210026335
Баўгарыя1182105343131
Беларусь1310295332836
Бельгія512111091113
Босьнія і Герцэгавіна151189413643
Вугоршчына78997211523
Вялікая Брытанія67397141024
Гішпанія4123119131511
Грэцыя469102242617
Данія4961195419
ЗША86194282334
Ірляндыя4-11311826
Ісляндыя396110356
Італія410110017242
Канада670101201721
Латвія990115251933
Літва76999222127
Люксэмбург3869529349
Македонія113884424240
Малдова177283403841
Мальта610198354113
Чарнагорыя8-----
Нарвегія492113129
Нідэрлянды51011208922
Новая Зэляндыя6931206324
Нямеччына41081019143
Партугалія48010119228
Польшча760100292929
Расея138984383538
Румынія147287373239
Сэрбія75790364035
Славакія89493313030
Славенія48094161220
Украіна169894393737
Фінляндыя3641117618
Францыя411311312134
Харватыя65194272532
Чэская рэспубліка4114952327
Швэцыя510196151812
Эстонія695100171913
Японія48810132386

Такім чынам, быць маці з фінансавага боку ня так і цяжка, а пра такі працяглы адпачынак для догляду за дзіцём матулі зь некаторых эўрапейскіх краінаў і ЗША нават ня мараць. Аднак экспэрты адзначаюць асаблівасьці цяперашняга беларускага мацярынства. Вось што кажа сацыёляг Тацьцяна Шчурко, якая дасьледуе рэпрадуктыўныя практыкі беларусак:

Тацяна Шчурко
Шчурко:
«У нас адпачатку пазыцыя, і гэта пазыцыя дзяржавы таксама, на тое, што першачарговы абавязак жанчыны — гэта быць маці. І, адпаведна, ёй не патрэбная цяжкая праца, ёй не патрэбная кар’ера. У большасьці жанчын назіраецца канфлікт паміж яе жаданьнем і тым, што патрабуе ад яе грамадзтва. І ў бальшыні выпадкаў стымулам да нараджэньня дзіцяці становіцца не сьвядомае жаданьне, а „таму што так трэба“. Яны гавораць вельмі такімі банальнымі фразамі пра тое, чаму яны вырашылі мець дзіця — „у гэтым сэнс жыцьця“, „гэта перадвызначэньне“, „кожная жанчына гэта павінна“ і гэтак далей. Але, нарадзіўшы дзіця, яны пачынаюць разумець, што ня ўсё так весела, як падавалася да таго. Калі раней яны думалі пра цяжарнасьць вельмі пазытыўна, то пасьля яны пачынаюць разумець, што ня змогуць рабіць нешта з таго, што яны хацелі, пра што марылі, да чаго імкнуліся. Таму што цяпер у іх на гэта няма часу — яны цяпер занятыя доглядам за дзіцем. І плюс да таго яны пачынаюць разумець, што ўся адказнасьць за дзіця кладзецца толькі на іх».

Несьвядомае мацярынства прыводзіць да звычайнай сытуацыі, калі маці не знаходзіць паразуменьня са сваім дзіцем. Так апісвае сытуацыю пэдагог-псыхоляг Вольга Бурко:

Вольга Бурко
«Па-першае, жаданьне нарадзіць дзіця ў бальшыні выпадкаў — несьвядомае. Мамы не гатовыя да таго, якімі будуць іх дзеці: не гатовыя да іхных капрызаў, не гатовыя да іхных двоек, не гатовыя да таго, што дзіця ня будзе слухацца, што яно будзе, напрыклад, гіпэрактыўнае ці што яно ня будзе вымаўляць гук „р“. І другое — маладыя мамы, асабліва тыя, што нарадзілі дзіця да дваццаці пяці гадоў, яны яшчэ самі не пасьпелі рэалізавацца — ані сацыяльна, ані матэрыяльна — і спрабуюць свае мары навязаць сваім дзецям. Мне здаецца, што цяпер мамы мала размаўляюць са сваімі дзецьмі і мала тлумачаць свой пункт гледжаньня. Калі гаварыць пра прыватныя выпадкі, то яны ўсе падобныя адзін да аднаго. Дзіця не давярае маме, яно баіцца ёй прызнацца ў тым, што яно нечага не разумее, і хоча, каб гэта зрабіў іншы чалавек, які на яго не крычыць. Усё ідзе па схеме — пакрокавая інструкцыя „як трэба жыць“: выйсьці замуж, нарадзіць дзіця, пачуць ад мужа першае „не, я ня буду гэтага рабіць“, у выніку прыняць рашэньне, што я ўсё буду рабіць сама, пасьля „прэсаваць“ дзіця і так далей. Вось гэтая схема працуе амаль заўсёды — зараз магу сказаць, што ў 70% выпадкаў, а 30% — гэта ўжо іншыя сытуацыі».

Недавер — гэта, бадай, адзіная праблема, якую адзначаюць дзеці ў стасунках з мамамі:

Абавязак мацярынства можа пераадольвацца рознымі, часам вельмі нестандартнымі спосабамі. І гэтаму таксама ёсьць навуковае тлумачэньне. Гаворыць Тацьцяна Шчурко:

«Ёсьць жанчыны, якія адыходзяць ад стандартных варыянтаў харчаваньня дзіцяці; ёсьць такія, што адмаўляюцца ад мэдычнай дапамогі, выкарыстоўваюць нетрадыцыйную мэдыцыну, жанчыны нараджаюць дома. Усе гэтыя варыянты ёсьць, але іх цяжка выявіць, таму што пра гэта не прынята размаўляць. Зазвычай такія жанчыны асуджаюцца грамадзтвам, і, адпаведна, яны не гатовыя выносіць гэтую інфармацыю на публічнае абмеркаваньне».

Вось што кажа пра свае мацярынскія і коўчынгавыя перакананьні спэцыяліст па грудным ускормліваньні, трэнэр Натальля Разахацкая:

Разахацкая: «Сучасныя беларускія мамы вельмі актыўныя, яны вельмі заахвочаныя карміць самі і атрымаць сучасную інфармацыю па ўскормліваньні. З другога боку, яны ня вельмі ўпэўненыя ў сваіх сілах — карміць самім. Натуральнае бацькоўства — гэта перш за ўсё блізкі кантакт з малым ад самага нараджэньня. Мы гаворым пра першыя шэсьць месяцаў як пра „ручны“ пэрыяд, калі малыш патрабуе вельмі блізкага кантакту з мамай, і таму мама па сутнасьці носіць яго „за пазухай“. Сумесны сон з малым дзіцем, вельмі абмежаванае выкарыстаньне падгузьнікаў, пампэрсаў».

А гэта развагі арганізатараў клюбу бацькоў, якія нараджаюць дома, Рыгора і Тацьцяны:

Рыгор: «Мы нарадзілі дома, у ванну. Прысутнічалі нашыя сябры, у якіх быў досьвед хатніх родаў. Зараз дзіцяці два гады і тры месяцы. Мы наведваем паліклініку, мы зарэгістраваныя, ходзім да доктара, дзіця прапісанае ў кватэры. Калі дзіцяці было месяц-два, мы вырашылі шукаць бацькоў, якія таксама нарадзілі дома, прытрымліваюцца пэўных прынцыпаў — мы вэгетарыянцы, падтрымліваем ідэю родавых сядзібаў у Беларусі, — і мы пачалі зьбірацца.

Такой статыстыкі няма. Таму магу сказаць ад сябе, тры гады вывучаючы гэтае пытаньне, што ў Беларусі кожны дзень дома нараджаецца дзіця, і такіх дзяцей тысячы.

Я чатырнаццаць гадоў працаваў агентам па нерухомасьці, і я ведаю, што незалежна ад матэрыяльнага стану сям’і паміж бацькамі і дзецьмі заўсёды ёсьць нейкія разборкі. Я вось гэтага хацеў пазьбегнуць ад самога пачатку — пайсьці іншым шляхам. Таму што сучасныя бацькі хочуць дзяцей забясьпечыць усім магчымым ад пачатку — кватэры, машыны, дачы, а ад дзяцей не атрымліваюць ніякай удзячнасьці. І дзецям гэтым робяць толькі горш. На маю думку, падрыхтавацца да пачацьця, першыя гадзіны дзіця, і ўвогуле першы год ягонага жыцьця аказваюць на ўсё жыцьцё вырашальнае значэньне. Таму я хацеў менавіта да гэтага падрыхтавацца».

Тацьцяна: «Яны нейкія больш упэўненыя, больш самастойныя, імі не пакамандуеш. Вось я гляджу: у нас хлопчык суседзкі, яны амаль аднагодкі, але ён нейкі ці то заціснуты, ці то ў яго болей страхаў. А яны калі маленькія, у іх позірк асэнсаваны. У тры тыдні — нават зьдзіўлялася, як ён на мяне глядзеў. Я нават казала: „Радзіслаў, чаму ты на мяне так глядзіш, што я раблю ня так?“ Вось настолькі дарослы позірк. І я такі позірк бачу ў тых дзетак, што таксама дома нарадзіліся».

У апошнія гады вельмі папулярнымі сярод маладых мамаў сталі сьлінгі — адмысловыя хусткі, якія дазваляюць камфортна ўладкоўваць немаўля на маміным целе, пакідаючы рукі свабоднымі. Такія мамы аб’ядноўваюцца ў супольнасьці па інтарэсах. Гаворыць гарадзенская сьлінга-мама Ганна Кузняцова:

Вольга Кузьняцова
«Дзеткі, якіх носяць у сьлінгу, у іх цалкам задавольваецца патрэба блізкасьці з бацькамі, патрэба залежнасьці — гэта фізіялягічная патрэба першага году жыцьця. Гэта нашая спрадвечна беларуская традыцыя. Я сустракаю часта бабуляў, нават у маім доме жыве адна, якая, як мяне бачыць зь дзіцем у сьлінгу, кажа: „У нас на вёсцы так насілі“. На руках жа таксама ўвесь час не паносіш: трэба і гаспадаркай займацца, і іншыя дзеці ёсьць, і мужа накарміць, і ў хаце прыбрацца. Насілі ў ручніках, напрыклад».

Гэтыя мамы і цэлыя сем’і бароняць сваё ўласнае разуменьне таго, што значыць быць мамай. І ім даводзіцца праходзіць няпросты шлях змаганьня з тымі стэрэатыпамі, якімі поўніцца нашае грамадзтва.

Аднак у кожным грамадзтве здараюцца сытуацыі, калі маці мусяць разам сказаць сваё слова. Так, у Аргентыне роспачныя маці і бабулі тысячаў людзей, якія зьніклі падчас Бруднай вайны 1976-1983 гадоў, аб’ядналіся ў арганізацыю «Маці травеньскай плошчы». Знакам салідарнасьці для іх сталі белыя хусткі. Гэтых жанчын, якія страцілі самае дарагое, ужо не было чым напалохаць. Менавіта яны перамаглі дыктатуру.




Дэманстрацыі Маці Травеньскай Плошчы

У Беларусі я выявіла дзьве мацярынскія арганізацыі: грамадзкую арганізацыю салдацкіх маці і грамадзкае аб’яднаньне «Маці супраць наркотыкаў». Здаецца, гэта і ёсьць пункты роспачы беларускіх мацярок. Вось што кажа Ірына Лук’яновіч, старшыня аб’яднаньня «Маці супраць наркотыкаў»:

Лук’яновіч: «Правільна было б назваць нашую арганізацыю „Бацькі супраць наркотыкаў“, таму што мэта яе — аб’яднаць бацькоўскія намаганьні ў барацьбе супраць наркаманіі, алькагалізму і распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі. Але, як правіла, паказвае практыка, што ў большасьці выпадкаў зьвяртаюцца па дапамогу менавіта маці. Таты зь нейкіх прычын захоўваюць нэўтральную пазыцыю. Можа, яны і змагаюцца за сваіх дзяцей, але актыўна не далучаюцца да грамадзкай дзейнасьці. Але ў нас ёсьць і таты».

У ЗША сярод мноства фармальных і нефармальных мацярынскіх ініцыятыў вылучаецца арганізацыя MomsRising. Маці, якіх яна аб’ядноўвае, ставяць на мэце разам пабудаваць такую Амэрыку, якая будзе прыязная да сям’і. Усяго за некалькі гадоў свайго існаваньня арганізацыя дамаглася вялікага палітычнага ўплыву. Сустракаючыся зь сябрамі гэтай арганізацыі, тады яшчэ сэнатар Барак Абама сказаў: нягледзячы на ўсю ўхвальную рыторыку, мы мусім прызнаць, што маем хутчэй «неспрыяльнае для сем’яў» грамадзтва. З ініцыятывы МамзРайзінг зьявіўся папулярны фільм «Маніфэст мацярынства», які распавядае пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца маці, што працуюць, і іх сем’і. А таксама абмяркоўвае, куды можа рухацца дзяржава, каб кожны грамадзянін дасягаў жыцьцёвага балянсу паміж працай і сям’ёй.

Цікава, ці здольны нехта з нашых палітыкаў падзяліцца часткай сваёй улады на карысьць мацярынскай арганізацыі?

А што здольныя зрабіць нашы жанчыны, каб быць шчасьлівай маці? Гэтае пытаньне я адрасавала тым, чыё меркаваньне лічу сапраўды важным:

Дар'я Каткоўская. Фота Марына Іванова
Дар’я Каткоўская, шчасьлівая юрыстка і маці

«Я думаю, што яна можа зрабіць шмат. Вось мы тут з мужам пажартавалі. Ён кажа: „Каб жанчына магла быць шчасьлівай маці, трэба, каб яна спачатку знайшла мужа, а потым нарадзіла дзіця“. Я кажу: „Ну, прабач, для некаторых, каб стаць шчасьлівай маці, трэба не знайсьці мужа, а, напрыклад, ад мужа сысьці“. Я да таго, што для таго, каб быць шчасьлівай маці, кожная жанчына мусіць зрабіць нешта сваё. Напрыклад, можна сказаць, што яна шчасьлівая маці, але ёй дрэнна на працы ці яна няшчасная жонка. І для мяне быць шчасьлівай маці — гэта каб ва ўсіх сфэрах майго жыцьця ўсё было добра — на працы, і дома, і з мужам, і з бацькамі, і ў нейкіх сваіх сацыяльных актыўнасьцях таксама».

Віктар Яўмененка
Віктар Яўмененка, эканаміст

«Жанчына, каб быць шчасьлівай маці, павінна нарадзіць дзіця, пажадана — як мага больш. Яна павінна безумоўна захоўваць сямейны агмень, усе праблемы, якія ёсьць у сям’і, каб яна тушыла, як пажары. Каб ня толькі дзеці, але і мужык быў шчасьлівы ў шлюбе і мог дарыць сваё цяпло і свой пазытыў дзецям і жонцы».




Тацяна Барысік
Тацьцяна Барысік, настаўніца


«Выбраць свайму дзіцяці добрага бацьку. І, па-другое, на свае сілы разьлічваць, калі ўжо не атрымалася выбраць добрага бацьку».






Пётра Рудкоўскі
Пётр Рудкоўскі, багаслоў, філёзаф

«Апроч біялягічнага мацярынства існуе духоўнае мацярынства. Беручы беларускую рэчаіснасьць: культура, мова беларуская — гэта хворае, параненае дзіця, якое патрабуе бескарысьлівай апекі. Адзначыў бы яшчэ сацыяльную справядлівасьць, супрацьдзеяньне дыскрымінацыі — гэта сфэры, дзе найбольш патрэбныя спадарыні са сваім мацярынскім інстынктам».




Аліна Стэфановіч
Аліна Стэфановіч, заснавальніца сайту dzietki.org


Аліна Стэфановіч: «Каб быць шчасьлівай маці, жанчына мусіць быць шчасьлівая, мусіць быць жанчынай і мусіць быць маці. Здаецца, такія розныя паняткі, але яны аб’ядноўваюцца адным словам — любіць. Любіць дзяцей, мужа, сям’ю і сябе».




Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзыдэнты


Алесь Міхалевіч: «Для таго каб быць шчасьлівай маці, жанчына павінна быць упэўненая ў будучыні сваіх дзяцей. Хтосьці знаходзіць мужа, у якім яна ўпэўненая і які гарантуе ёй і праз гэта яе дзецям гэтую будучыню. Хтосьці сам зарабляе грошы. Гэта кожная жанчына вырашае для сябе сама».




Тацяна Лісецкая
Арына Лісецкая, скрыпачка, палітоляг, юрыст


«Найлепшае, што жанчына можа зрабіць, каб наогул быць шчасьлівай, гэта быць здаровай — псыхалягічна, фізычна і зьнешне. А гэта комплекс усяго і адразу, пагадзіцеся, мала каму дадзены. Быць шчасьлівай жанчынай і шчасьлівай маці — гэта амаль аднолькава. Тут уся фішка — быць, па-першае, задаволенай сабой. Калі нараджаецца дзіця, мы, жанчыны, разумеем, што цяперака будзем заўжды любіць і быць любімымі. Вяртаючыся да пытаньня, што можа зрабіць жанчына, каб быць шчасьлівай маці: першае — нарадзіць. Другое — па любові. Трэцяе — патрапіць гэта ўсё гарманізаваць і ўтрымаць. Дзякуй Богу, у мяне гэта атрымалася».
XS
SM
MD
LG