Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Башура: "За кратамі паміраюць людзі, якія патрапілі туды абсалютна здаровымі"


Міхась Башура у будынку суду адразу пасьля вызваленьня

Міхась Башура у будынку суду адразу пасьля вызваленьня

Госьць начнога эфіру – актывіст кампаніі “Гавары праўду”, выдавец і паэт Міхась Башура, які 19 кастрычніка выйшаў на волю, атрымаўшы штраф памерам 17,5 мільёна рублёў.

Абламейка: Міхась, якія першыя думкі і пачуцьці на волі?

Башура: Па-першае, я да самага канца ня верыў, што мяне сёньня вызваляць. Бо я выпадкова пачуў, як канвойныя зь некім размаўляюць,
Першае, што я адчуў, гэта як смачна пахне паветра
і канвойных замаўляюць на заўтра, каб мяне везьці ў суд. Пакуль судзьдзя чытаў прысуд, я ня верыў, што мяне выпусьцяць. Але гэта адбылося, і першае, што я адчуў, гэта як смачна пахне паветра. Зусім інакш адчуваеш сябе. Вядома ж, у нашай краіне ня так шмат волі, свабоды, але кантраст усё ж такі адчувальны. Паветра зусім іншае.

Абламейка: Як вы ацэньваеце свой прысуд? Амаль 6 тысяч даляраў. Ці не зашмат, калі ўлічыць, што вы два з паловай месяцы адседзелі ў турме?

Башура: Натуральна, што з прысудам я ня згодны. Лічба штрафу 17.5 мільёнаў рублёў адразу нават не ўяўлялася рэальнай. Гэтая лічба перабівалася пачуцьцём, што мяне ўсё ж выпускаюць і гэта галоўнае, што я буду на волі. Але тым ня менш, мы з адвакатам, Сідарэнкай Тамарай Аляксандраўнай, якая мне моцна дапамагла ў гэтым працэсе, будзем абскарджваць гэты прысуд.

Абламейка: Ці адчувалі вы палітычны аспэкт у дзеяньнях сьледчых?

Башура: Палітычны аспэкт прасочваўся ад самага пачатку, і сьледчыя гэтага не хавалі. Яны адкрыта казалі, што ведаюць, за што я
Палітычны аспэкт прасочваўся ад самага пачатку, і сьледчыя гэтага не хавалі.
адказваю ў кампаніі "Гавары праўду", ведаюць мае абавязкі. Называлі мне нейкія астранамічныя лічбы заробкаў, якія я нібыта там атрымоўваю. Гэтая справа адназначна была распачатая менавіта з-за маёй дзейнасьці ў кампаніі "Гавары праўду".

Абламейка: Ці плянуеце далей ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева?

Башура: Абавязкова. Я на нейкі час выпаў з гэтага працэсу, але я сачыў за кампаніяй "Гавары праўду" і чакаў таго часу, калі выйду на волю і змагу зноў уліцца ў гэтую працу. Мне гэтага вельмі моцна не хапала. Някляеў прыяжджаў да мяне на суды, прыяжджаў і сёньня, але потым перанеслася абвяшчэньне прысуду. Ён адзін зь першых сёньня патэлефанаваў і павіншаваў мяне з вызваленьнем. У нас зь ім добрыя адносіны і думаю, што мы будзем працягваць далей працаваць.

Абламейка: Якой вы прытрымліваецеся думкі пра праваахоўчую сыстэму Беларусі пасьля таго, што з вамі адбылося?

Башура:
Адным словам -- жах. Гэта вялізная і шырокая тэма. Пра гэта можна размаўляць вельмі доўга. Тое, як дзейнічаюць нашыя сьледчыя, нашыя суды, я ўжо не кажу пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятарах. Дзякуй Богу, я не патрапіў "на зону", як кажуць, -- у турму. Мне сукамэрнікі казалі, што я пабачыў ня больш за 5 адсоткаў, але мне гэтага было дастаткова, каб скласьці сваё цэласнае ўяўленьне пра ўсю гэтую судова-карную сыстэму. Хібаў у ёй вельмі-вельмі шмат.

У нас на Валадарскага ў камэры было 26 чалавек на 15 нараў. Плошча камэры -- 24 квадратных мэтры. З двух бакоў нары ў тры паверхі, пасярэдзіне стол, за якім можа зьмясьціцца 8 чалавек. Калі ноччу клаліся спаць, дык некалькім чалавекам не было нават дзе сесьці. Але я
У нас на Валадарскага ў камэры было 26 чалавек на 15 нараў.
лічу, што гэта драбяза, у параўнаньні з псыхалягічным ціскам на людзей. І самае галоўнае, у мяне ёсьць інфармацыя, што за кратамі паміраюць людзі, якія патрапілі туды абсалютна здаровымі. Літаральна апошнім часам памерлі два чалавекі. Адзін ад раку, а ў другога праблемы з ныркамі і не вытрымала сэрца. Калі ён быў затрыманы, у яго ніякіх праблем у гэтым пляне не было. Менавіта гэта страшна. Людзі ня толькі калечацца фізычна, маральна, псыхалягічна, але людзі там яшчэ і паміраюць. Пра гэта недастаткова вядома. Я маю намер сабраць патрэбную інфармацыю, і лічу, што гэта трэба данесьці да грамадзкасьці. З гэтым трэба нешта рабіць.


слухаць гутарку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG