Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
19 кастрычніка ўвечары ў сталічным фальварку “Добрыя мысьлі” адчынілася выстава Алеся Марачкіна “Постаці”. У экспазыцыі каля трыццаці графічных аркушаў, прысьвечаных дзеячам беларускай гісторыі і культуры, а на мальбэрце мастака твор, які ўпершыню быў прадстаўлены публіцы. Гэта партрэт паэта Анатоля Сыса.

Фактычна ўся сэрыя Аляксея Марачкіна "Постаці" -- новая. Мастак кажа, што гэта плён ягонай працы апошняга году. Частка твораў была паказаная на пачатку году ў экспазыцыі да 70-годзьдзя спадара Марачкіна.

Сярод твораў пераважна гістарычныя асобы -- вялікі князь Альгерд, Стэфан Баторы, дзяржаўны дзеяч ВКЛ Януш Радзівіл, дзеяч беларускай Рэфармацыі Васіль Цяпінскі, першы распрацоўшчык шматступеневай ракеты інжынэр Казімер Семяновіч і многія іншыя.

Творы выкананыя ў новай для Аляксея Марачкіна тэхніцы. Гэта кампутарная графіка на тканіне, якая потым дапрацоўвалася пэндзалем і алоўкам мастака.

Але асноўная частка прэзэнтацыі была прысьвечаная жывапіснаму твору "У гэтай краіне". Так пачынаецца адзін з апошніх вершаў Анатоля Сыса. І прысутныя, і сам мастак шмат гаварылі пра гэтую трагічную постаць у сучаснай беларускай паэзіі.

Гэта бадай першы паўнавартасны жывапісны партрэт Анатоля Сыса, які зьявіўся за пяць з паловай гадоў ад сьмерці паэта.

Арганізатарка выставы, мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская кажа пра экспазыцыю: "І сам Аляксей Марачкін, і шэраг іншых беларускіх мастакоў цягам апошніх 30 гадоў імкнуліся стварыць галерэю выбітных беларускіх постацяў -- у жывапісу, у графіцы, у скульптуры. Гэтая сэрыя Аляксея Марачкіна як бы падсумавала гэтыя намаганьні ды пошукі, стала нібы канцэнтратам усяго найлепшага, што было зроблена ў гэтым напрамку ў другой палове 20-га і напачатку 21-га стагодзьдзя. У гісторыі беларускага мастацтва ўжо былі прыклады, калі ў 16-м стагодзьдзі ствараліся сэрыі графічных партрэтаў Сапегаў, Радзівілаў паводле раней напісаных жывапісных твораў. Але гэтая сэрыя вылучаецца высокім мастацкім і грамадзянскім узроўнем і безумоўна стане падручнікам для беларусаў многіх наступных пакаленьняў".

На фота: віншаваньне з выставай (Алесь Марачкін зьлева)


На фота: Партрэт Анатоля Сыса прымеркаваны да ягонага дня нарэджэньня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG