Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым грунтуецца сяброўства Беларусі і Вэнэсуэлы?


У выніку чарговага візыту Уга Чавэса ў Менск Беларусі абяцана 30 млн. тон нафты за тры гады. Наколькі моцны эканамічны падмурак двухбаковых дачыненьняў? Колькі каштуе вэнэсуэльская нафта? Які аптымальны маршрут яе транзыту?


Удзельнікі: супрацоўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Сяргей Богдан і журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Тацяна Манёнак
Сяргей Богдан
Валер Карбалевіч


Эканамічны падмурак двухбаковых дачыненьняў


Валер Карбалевіч: «У пачатку беларуска-вэнэсуэльскага сяброўства экспэрты ставіліся да яго ня надта сур’ёзна. Казалі, што на антыамэрыканскай рыторыцы нічога не пабудуеш. Праект паставак вэнэсуэльскай нафты называлі ня больш як піар-акцыяй, палітычным кукішам Маскве.

Але вось пасьля цяперашняга візыту Чавэса ў Менск, абяцаньня паставіць 30 млн. тон нафты за тры гады, думаю, стаўленьне да беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва павінна зьмяніцца. 10 млн. тон у год — гэта палова ўсёй нафты, якую могуць перапрацаваць беларускія НПЗ. Гледзячы па ўсім, у сур’ёзнасьць гэтага праекту паверылі і суседзі. Маю на ўвазе найперш заяву прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча пра гатоўнасьць забясьпечыць транзыт вэнэсуэльскай нафты праз украінскую тэрыторыю. Дык на чым грунтуецца сяброўства Беларусі і Вэнэсуэлы? Пад яго падводзіцца моцны эканамічны падмурак?»

Сяргей Богдан: «Гэта супрацоўніцтва грунтуецца на ўзаемных інтарэсах, а не на антыамэрыканскай рыторыцы ці ідэалёгіі. Пра інтарэс Беларусі сказана шмат.

А карысьць Вэнэсуэлы можна сфармуляваць у трох пунктах. Па-першае, Беларусь дапамагае Вэнэсуэле ў мадэрнізацыі краіны. Па-другое, Беларусь дапамагае павысіць абароназдольнасьць Вэнэсуэлы.

Па-трэцяе, Вэнэсуэла атрымоўвае дывэрсыфікацыю паставак сваёй нафты. Выхад на эўрапейскі рынак — гэта стратэгічная задача для Каракаса. Бо нафтавы рынак вельмі жорстка падзелены, выйсьці на новыя рынкі цяжка. Бо ў вонкавым гандлі Вэнэсуэлы моцна дамінуе паўночнаамэрыканскі рынак.

Такія складаныя праекты ў сэнсе выкананьня сталі магчымыя таму, што ў абедзьвюх краінах (Беларусі і Вэнэсуэле) існуе моцная аўтарытарная ўлада. Вось, напрыклад, у Іране няма такой жорсткай адміністрацыйнай улады, таму іранская нафта ў Беларусь пакуль не ідзе».
Эканамічны эфэкт ад паставак вэнэсуэльскай нафты пакуль незразумелы.


Тацяна Манёнак: «Эканамічны эфэкт ад паставак вэнэсуэльскай нафты пакуль незразумелы. НПЗ атрымоўваюць плату толькі за паслугі, за працэсінг. Эфэкт Беларусь можа мець толькі пры ўмове, калі Вэнэсуэла пастаўляе нам нафту на льготных умовах. Але калі сама нафта і каштуе танна, то вялікі кошт транзыту. Паводле маіх зьвестак, гэты эфэкт на мяжы рэнтабэльнасьці.

Прыярытэтнай задачай павінна была стаць мадэрнізацыя нашых НПЗ, давядзеньне іх да эўрапейскіх стандартаў. Вось Мажэкяйскі НПЗ у Літве, які належыць польскай кампаніі, купляе нафту на біржы. Калі б было выгадна купляць вэнэсуэльскую нафту, то ён бы гэта рабіў. Таму казаць пра посьпехі дывэрсыфікацыі паставак нафты нам пакуль рана».

Ці таньней вэнэсуэльская нафта за расейскую?


Карбалевіч: «Колькі каштуе вэнэсуэльская нафта? Ці таньней яна за расейскую? На гэты конт існуе шмат рознай і супярэчлівай інфармацыі. Ці цана тут увогуле ня мае значэньня, бо дзейнічае палітычная цана?

Ці тут дзейнічае тая бартэрная схема, якая выкарыстоўвалася Беларусьсю пры пакупцы газу і нафты ў Расеі ў 1990-я гады? То бок, за газ і нафту плацілі тварамі па адвольных цэнах».

Цану вэнэсуэльскай нафты нельга зводзіць да грашовага вымярэньня.
Богдан: «Цану вэнэсуэльскай нафты нельга зводзіць да грашовага вымярэньня. Расея выкарыстоўвае нафту для палітычнага ціску. Таму патрэбны канкурэнт расейскай манаполіі.

Нафта — гэта не звычайны тавар, а спэцыфічны. Яго не прывязеш проста так. Для яго транзыту патрэбна інфраструктура. Таму цана на біржы і цана пасьля дастаўкі на месца — гэта вялікая розьніца. Бо транзыт можа каштаваць больш, чым непасрэдна сама нафта. Таму паняцьце „сусьветная цана“ мала пра што кажа.

Акрамя таго, нафта — палітычны тавар, моцная зброя. Таму зьдзелкі з нафтай нідзе не празрыстыя. Кажуць, што Лукашэнка з Чавэсам аб нечым таемна дамовіліся. А хто ведае, якія дамоўленасьці ў ЗША з Саудаўскай Аравіяй? Адбыліся першыя, невялікія аб’ёмы паставак. Верагодна, што калі аб’ёмы павялічацца, то цана зьменшыцца.

Ці сапраўды далёка вазіць вэнэсуэльскую нафту ў Беларусь? Вось ЗША возяць жа нафту з Пэрсыдзкай затокі. Асноўная праблема — не перавозка нафты ў танкерах праз акіян, а ў тым, што Беларусь ня мае выхаду да мора».

Карбалевіч: «Пра экзатычнасьць праекту кажуць таму, што ёсьць нафта побач, а Беларусь вязе з далёкай Вэнэсуэлы».

Богдан: «У ЗША таксама ёсьць нафта на Алясцы, у Мэксыканскай затоцы. Тым ня менш, яны купляюць нафту з Пэрсыдзкай затокі».

Манёнак: «Так, бартэр у аплаце вэнэсуэльскай нафты мае месца. Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў казаў, што мы аплачваем гэтую нафту паслугамі, будаўніцтвам ды інш.

Расея не адмаўляецца пастаўляць нам нафту ў аб’ёме, які дазваляе цалкам загрузіць нашы НПЗ. Прычым, калі ўлічыць мыта, то па біржавой цане за мінусам транспартных выдаткаў. Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, у траўні кошт расейскай нафты быў на 200 даляраў меншы, чым кошт вэнэсуэльскай нафты. Але перапрацоўка расейскай нафты, якая пастаўляецца з улікам мыта, ня мае эканамічнага эфэкту.

Калі сапраўды Вэнэсуэла будзе пастаўляць 10 млн. тон нафты ў год, то Беларусь зможа нават экспартаваць сваю ўласную нафту. Але праблема ў тым, што калі плячо транспартаваньня нафтапрадуктаў звыш 600 км., то эканамічнага эфэкту ня будзе. Падмануць эканоміку немагчыма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG