Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава дамовілася з Газпромам – чорт у дэталях


Сёньня польскі ўрад разглядае новую доўгатэрміновую дамову на пастаўкі расейскага газу Газпрамам, якую ўчора бакі ўзгаднілі і парафавалі ў Маскве.

Як мы паведамлялі раней, плянаваны польска-расейскі газавы кантракт выклікаў засьцярогі і пратэст Эўракамісіі, якая лічыць, што кантроль Газпрому над польскай часткай газаправоду Ямал-Эўропа супярэчыць заканадаўству Эўразьвязу аб дэманапалізацыі сфэры паставак энэрганосьбітаў. Камісія таксама пратэставала супраць транзытных скідак, якія Варшава давала Газпрому.

Нагадаем, што цяпер польская частка трубы Ямал-Эўропа кантралюецца канцэрнам Europol Gaz, у якім па 48 працэнтаў акцый маюць Газпром і PGNiG, польская дзяржаўная газавая кампанія. Астатнія 4 працэнты належаць да Gas Trading, супольнага прадпрыемства Газпрому і PGNiG.

Польскія СМІ паведамляюць, што Варшаве ўдалося дамовіцца з Газпромам адносна таго, што апэратарам газаправоду Ямал-Эўропа ў Польшчы стане польская дзяржаўная кампанія Gaz-System. Паводле заканадаўства Эўразьвязу, Gaz-System будзе падпісваць з усімі зацікаўленымі бакамі дамовы аб транспартаваньні газу, устанаўляць транзытныя тарыфы і інвэставаць у разьвіцьцё трубаправоду.

Газпром, паводле польскіх СМІ, фактычна будзе пазбаўлены кантролю над газаправодам Ямал-Эўропа ў Польшчы. Паводле польскіх СМІ, Варшава таксама выключыла з дамовы ранейшую расейскую забарону на перапродаж закантрактаванага расейскага газу. Польскія СМІ не паведамляюць пра рэакцыі Брусэлю на агучаныя ўмовы новага газавага кантракту Польшчы з Газпромам.


БОЛЕЙ ГАЗУ


Расейскія СМІ, паведамляючы аб новым кантракце, абыходзяць маўчаньнем пытаньне кантролю над польскай часткай трубы Ямал-Эўропа. Затое яны падкрэсьліваюць, што новы кантракт зьяўляецца надзвычай карысным для Газпрому, які пабольшыць долю сваіх газавых паставак на польскім рынку з 65 працэнтаў да амаль 80 працэнтаў.

Паводле дамовы, пачынаючы з 2012 году, Газпром пабольшыць пастаўкі газу з 9,7 мільёна кубамэтраў да 11 мільёнаў кубамэтраў. Раней меркавалася, што новы кантракт будзе працягнуты да 2037 году, але пасьля ўчарашніх перамоваў высьветлілася, што ён будзе абавязваць да 2022 году, калі канчаецца дзейны кантракт на газпромаўскія пастаўкі ў Польшчу.

Польскія крытыкі новага кантракту з Газпромам зьвяртаюць увагу, што прывязаньне краіны да такіх доўгатэрміновых паставак газу з Расеі закрые на доўгія гады пытаньне дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў і перапыніць распрацоўку праграмы здабываньня газу са сланцу, залежы якога ў Польшчы ацэньваюцца як надзвычай багатыя.

З новага польска-расейская газавага кантракту можна цешыцца Беларусі. Большы транзыт расейскага газу ў Польшчу азначае большыя транзытныя аплаты для Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG