Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада баіцца выбараў, апазыцыі і беларускага народу”


Выбарчая кампанія — асноўная тэма тэлефанаваньняў. Слухачы таксама абмяркоўваюць іншыя тэмы: ці патрэбная Беларусі нафта з Вэнэсуэлы? Ці хопіць на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў? Дзеля чаго ўлада зьнішчае беларускую мову?


Наша слухачка патэлефанавала пасьля таго, як даведалася пра законапраект аб мовах у суседняй Украіне.

«Вось і надыходзіць час расплачвацца Януковічу з Расеяй за сваё прэзыдэнцтва. А якое цудоўнае сяброўства дэманстравалі перад тэлекамэрамі! А расплачваюцца ўкраінскай мовай, а значыць, і ўкраінскай культурай. Так і Лукашэнка расплаціўся беларускай мовай, усё нацыянальнае ўтоптвалася. Паважаная „Свабода“, скажыце, навошта імпэрцам так упарта забіраць у суседніх народаў родныя мовы? Кожнаму народу даражэйшае найперш сваё.

Лукашэнка баіцца выбараў, апазыцыі і беларускага народу. Калі так масьліць, то і нафта пацячэ з далёкай Вэнэсуэлы, і заробкі, і сацыяльныя гарантыі. Ну, не жыцьцё настане ў Беларусі, а рай зямны. А крэдыты, якія ён нахапаў, гойсаючы па іншых краінах, як ён будзе аддаваць? Ці, можа, яму іх даруюць? За што? Гады два таму чула, як Лукашэнка хваліўся: маўляў, нам навязваюць упарта другую мадэль эканамічнага разьвіцьця, а мы сваім шляхам пайшлі і мелі рацыю. А ўсё ляснула зь ягоным эканамічным шляхам. Дык адкуль жа на парозе рай зямны ў Беларусі?»


Лявон Баршчэўскі
Навуковец і палітык Лявон Баршчэўскі камэнтуе званок слухачкі:

«У расейскай зьнешняй палітыцы існуе фальшывая тэза аб тым, што трэба ўсіх зрабіць рускімі, тады яны будуць для нас добрыя. Калі ж яны будуць іншай нацыянальнасьці, то яны патэнцыйныя ворагі. Гэта існуе стагодзьдзі. Гэтая фальшывая тэза рэалізуецца.

Ведаючы настроі ў суседніх краінах, Лукашэнка якраз за зьнішчэньне беларускай адукацыі, за неадкрыцьцё беларускага ўнівэрсытэту, за прыдушэньне беларускіх літаратараў атрымоўваў фактычна ільготныя нафту і газ.

Але цяпер ужо для Масквы гэта ня тая цана. Яна лічыць, што тут ён сваю задачу выканаў. Цяпер яна яму выстаўляе іншыя рахункі. Таму ён гэта й рабіў. Ня думаю, што ў яго ёсьць паталягічная нянавісьць прыродная да гэтага. Ён папросту цынічна гандляваў гэтымі каштоўнасьцямі дзеля ўтрыманьня сваёй улады. Атрыманьне нафты і газу азначала ўтрыманьне ўлады ў Беларусі».

Ці патрэбна Беларусі вэнэсуэльская нафта? «Навошта набываць нафту, калі на чорным рынку можна набыць таньней і бэнзін, і салярку?» — жартуе наш слухач:

«Я хачу закрануць чорны рынак паліва. Ведаеце, у нас на Беларусі зялёнае паліва каштуе 1300 рублёў, а белае дызэльнае — ад 1500 да 1700 рублёў, практычна на тысячу таньней. Калі ўзяць Беларусь, 10 адсоткаў гэтага дызэльнага паліва крадзецца, таму і кошты нізкія. Дык, ведаеце, можа, і ня трэба столькі танкераў гнаць? А можа, і варта красьці? Хай Уга Чавэс грузіць нафту танкерамі».

Леанід Злотнікаў
Гэты званок камэнтуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Я ня думаю, што ў нас такі аб’ём на чорным рынку. Звычайна гэта каля мяжы з Украінай ці Расеяй, калі „чаўнакі“ туды-сюды возяць. Аб’ём, які ідзе легальна, і той, які ідзе ня толькі для перапрацоўкі на паліва, а для іншых мэтаў, непараўнальныя. Наконт вэнэсуэльскай нафты — невядома. Няма ніякіх дадзеных пра тое, што гэтая нафта таньнейшая за расейскую. Незразумела, чаму менавіта вэнэсуэльская, а не расейская. Расея па сусьветных коштах прапануе, і бяры, колькі хочаш, і ніякіх праблемаў».

Ці ёсьць шанцы патрапіць у выбарчыя камісіі тым асобам, кандыдатуры якіх вылучаныя бяз згоды чыноўнікаў. Вось званок на гэту тэму:

«Як патрапіць назіральнікам ва ўчастковыя камісіі ад апазыцыі ў гарадах краіны? У прыватнасьці, у Бабруйску. Я б вельмі хацела прысутнічаць у камісіях, каб бачыць, што дзеецца, а можа, і памагчы нашым кандыдатам ад апазыцыі».

А вось яшчэ званок на гэтую ж тэму ад нашага слухача Сяргея Шынкевіча зь Менску.

«У мяне Першамайскі раён. Буду спрабаваць патрапіць у сябры выбарчай камісіі па месцы жыхарства. Калі гэта вас цікавіць, то можаце зьвязацца са мной па тэлефоне. Потым я вам распавяду, што ў мяне атрымалася».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG