Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі “дадатак” да лукашэнкаўскага пікету


Спачатку аўтар «дадатку» не хацеў здымацца з адкрытым тварам

Спачатку аўтар «дадатку» не хацеў здымацца з адкрытым тварам

Мясцовы жыхар прыйшоў на пікет, дзе зьбіраюцца подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, з самаробным плякатам. На ім — фота вядомай асобы і шматзначны надпіс «Надо? Ел!»

Сэнс напісанага прыстойна апрануты мужчына сярэдняга веку тлумачыць ня стаў: маўляў, няхай разумеюць, хто як хоча. Мінакі рэагавалі бурна: са сьмехам падыходзілі да стала, за якім уладкаваліся зьбіральнікі подпісаў, ды пыталіся, ці ня выганяць іх з працы. Бо спадар з плякатам выглядаў як удзельнік пікету.

Пікетовец прапанаваў зьняцца разам з удзельнікамі «лукашэнкаўскага» пікету.

Мужчына і хлопец, якія зьбіралі подпісы за вылучэньне Лукашэнкі, стаміліся тлумачыць, што яны тут ні пры чым. І ўрэшце перасунулі свой столік на некалькі мэтраў убок. Але спадар з плякатам ізноў падышоў да іх. Так паўтаралася некалькі разоў.

Асабліва цікаўныя спыняліся і чакалі, ці ня выклічуць удзельнікі пікету міліцыю. Але тыя казалі, што рабіць гэтага ня будуць, бо чалавек з плякатам ім асабліва не замінае. Міліцэйскія машыны некалькі разоў праяжджалі па вуліцы Леніна, уздоўж якой у Віцебску месьцяцца пікеты, але ніводнага разу не спыніліся.

Урэшце пікетоўцы сышлі, скончыўшы сваё дзяжурства. Спадар з плякатам пастаяў яшчэ колькі часу, адказваючы на пытаньні, навошта ён гэта робіць. Не назваўшы свайго імя, мужчына паведаміў, што ён быў прадпрымальнікам, але ягоную фірму тройчы руйнавалі падаткі. Цяпер ён беспрацоўны.

Заўтра невядомы ўдзельнік выбарчай кампаніі абяцаў прыйсьці зноў — і, мажліва, з новым плякатам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG