Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсійная рэформа, у прыватнасьці, павышэньне пэнсійнага ўзросту, стала прычынай масавых страйкаў у Францыі. Яны ўжо прывялі да перабояў з палівам, на запраўках сканчаецца бэнзін.

Дэманстрацыі адбываюцца ў больш чым 200 гарадах краіны, у тым ліку і ў самых буйных – Парыжы, Марсэлі, Бардо, Лілі і Тулюзе.

Страйкі прывялі да перабояў у працы ўсіх 12 нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны, 10 заводаў спыніліся ці спыняцца ў бліжэйшы час.

На кожнай дзясятай запраўцы Францыі скончыўся бэнзін, і ў некаторых рэгіёнах людзі пачалі масава скупляць паліва.



У панядзелак 18 кастрычніка да страйкоўцаў далучыліся “дальнабойнікі” – кіроўцы велікагрузных аўтамабіляў. Яны заблякавалі некаторыя дарогі і нафтасховішчы.

Упраўленьне грамадзянскай авіяцыі рэкамэндавала авіякампаніям удвая скараціць колькасьць рэйсаў у парыскі аэрапорт Арлі.

Міністэрства транспарту Францыі папярэдзіла, што галоўны аэрапорт краіны – парыскі Шарль дэ Голь – можа спыніць працу, паколькі яго запасаў паліва хопіць толькі на бліжэйшыя некалькі дзён.

Паводле дадзеных паліцыі, у дэманстрацыях на мінулым тыдні ўзялі ўдзел больш за мільён чалавек. Прафсаюзы ацанілі колькасьць удзельнікаў акцый пратэсту на 3,5 млн.



Пры гэтым, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, страйкоўцаў падтрымлівае каля 70% французаў.

Удзельнікі забастовак незадаволеныя плянамі ўраду павысіць пэнсійны ўзрост з 60 да 62 гадоў, а таксама павысіць узрост атрыманьня поўнай дзяржаўнай пэнсіi з 65 да 67 гадоў.

Пэнсійную рэформу ўжо ўхваліла ніжняя палата парлямэнту краіны. Абмеркаваньне законапраекту ў Сэнаце прызначанае на 20 кастрычніка.

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі заявіў у панядзелак, што не адмовіцца ад пэнсійнай рэформы, якую лічыць вельмі неабходнай – з-за велізарнага дэфіцыту пэнсійных фондаў.

"Я не дапушчу, каб эканоміка Францыі пацярпела ад блякады паставак", – заявіў у нядзелю францускі прэм'ер-міністар Франсуа Фіён.

Па заявах урадавых чыноўнікаў, у краіне ёсьць стратэгічны запас паліва, якога павінна хапіць на тры месяцы.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, 70% французаў лічаць, што цяперашнія акцыі пратэсту выліюцца ў агульнанацыянальны рух, падобны да таго, што паўстаў у сярэдзіне 1990-х гадоў.

У 1995 годзе тры тыдні пастаянных дэманстрацый і страйкаў вымусілі ўрад адмовіцца ад эканамічных рэформаў, якія прадугледжвалі ў тым ліку павышэньне пэнсійнага ўзросту.

XS
SM
MD
LG