Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Украінская эліта не ўспрыняла законапраекту “Аб мовах ва Ўкраіне”


Cупрацоўніца кіеўскага бюро Радыё Свабода Ірына Штогрын

Cупрацоўніца кіеўскага бюро Радыё Свабода Ірына Штогрын

18 кастрычніка па ўсёй Украіне адбыліся акцыі пратэсту, накіраваныя супраць зьнішчэньня ўкраінскай мовы. Менавіта да гэтага, на думку пратэстоўцаў, можа прывесьці прыняцьце законапраекту “Аб мовах ва Ўкраіне”. У Кіеве акцыя прайшла пад сьценамі Вярхоўнай Рады, а ў рэгіёнах – каля абласных адміністрацыяў. У Данецку, як і ў іншых традыцыйна расейскамоўных гарадах, таксама пратэставалі супраць далейшай русыфікацыі. Госьць начнога эфіру Свабоды – супрацоўніца кіеўскага бюро Радыё Свабода Ірына Штогрын. Яна распавядае пра зьмены ў моўнай сытуацыі ва Ўкраіне і пратэсты нацыянальнай эліты супраць законапраекту “Аб мовах ва Ўкраіне”.

Абламейка: Якая наогул цяпер моўная сытуацыя ва Ўкраіне? Якія ў гэтай галіне адбыліся зьмены за час кіраваньня Януковіча?

Штогрын: Прадстаўнікі "Партыі рэгіёнаў", якіх мы запрашалі ў эфір, якія раней лёгка размаўлялі на дзяржаўнай украінскай мове ў эфіры, чамусьці катэгарычна адмаўляліся рабіць гэта пасьля таго як Януковіч стаў прэзыдэнтам. Тая сытуацыя адбілася і на тэлебачаньні. Напрыклад, тэлеканал "Інтэр" зьмяніў сваю мову такім чынам, што калі чалавек зь іншай краіны прыедзе ва Ўкраіну і ўключыць тэлеканал "Інтэр", то па інтанацыях, па гучаньню мовы, па тым як падаецца інфармацыя, ён можа падумаць, што ўключыў тэлеканал ОРТ. Расейская мова, па-сутнасьці стала галоўнай аднаго з галоўных тэлеканалаў – "Інтэр". Зьмянілася сытуацыя ў рэклямным бізнэсе. Раней ўся зьнешняя рэкляма, якой ва Ўкраіне надзвычай багата, была па-ўкраінску. Зараз нават у сталіцы Ўкраіны зьяўляецца шмат рэклямы па-расейску, таксама яна гучыць і з радыёэфіру як мова вядучых і мова саміх рэклямных блёкаў.

Абламейка: Ірына, а як рэагуе на ўсе гэтыя зьмены нацыянальная эліта Ўкраіны? Да нас даходзяць часам асобныя выказваньні, што людзі баяцца ператварэньня Ўкраіны ў другую Беларусь?

Штогрын: Сёньня адзін з натхняльнікаў закону пра мовы рэгіянал Калесьнічэнка сказаў, што гэты законапраект да выбараў ня будзе разглядацца, яго ня будуць высоўваць. І хаця яго аргумэнт быў такі, што ня трэба даваць козыраў апазыцыі, якая спэкулюе на гэтым законапраекце, я разглядаю гэта як крок назад, што партыя ўлады вымушаная рэагаваць на тое, што эліта, па-сутнасьці не ўспрыняла яго. Быў таксама адкрыты ліст да прэзыдэнта ад украінскай інтэлігенцыі. Зьбіраліся подпісы, іх было вельмі шмат, і сярод тых людзей, што падпісалі гэты ліст, былі людзі, вядомыя ўсёй краіне і за яе межамі.

Слухаць перадачу цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG