Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З надыходам восені аматары сонца перабіраюцца ў салярыі, каб ня страціць летняга загару. Як сьведчаць адміністратары менскіх салярыяў, праблемаў з наведнікамі ў іх не было нават гэтым летам (за выключэньнем бадай што ліпеня), а цяпер, калі надышла халодная пара і сонца мала, тут настае сапраўдны бум. Ультрафіялетавыя промні маюць шэраг пазытыўных эфэктаў: яны нішчаць вірусы і бактэрыі, спрыяюць сынтэзу бялку, вітаміну D, фэрмэнтаў, гармонаў, засваеньню кальцыю. Таксама яны зьмяншаюць вязкасьць крыві, умацоўваюць касьцявую сыстэму, зьніжаюць узровень халестэрыну, падвышаюць імунітэт і паляпшаюць абменныя працэсы.

Тым часам шэраг вядучых брытанскіх ды амэрыканскіх дэрматолягаў кажуць, што салярыі могуць выклікаць псыхалягічную залежнасьць.

Як дэманструюць вынікі апытаньня, праведзенага брытанскімі адмыслоўцамі на чале з доктарам Дэвідам Фішэрам, пад крытэрыі залежнасьці падпалі прыкладна 40% апытаных аматараў салярыю. Такія людзі псыхалягічна схільныя да трывогі, дэпрэсіі, а таксама наркотыкаў, алькаголю ды іншых рэчаў, якія выклікаюць залежнасьць.

Паводле Стыва Фэлдмана, амэрыканскага лекара-дэрматоляга з факультэту мэдыцыны ўнівэрсытэту Ўэйк-Форэст, прычынай залежнасьці ад загару могуць быць эндарфіны, якія вылучаюцца пад узьдзеяньнем ультрафіялетавых промняў і выклікаюць у чалавека станоўчыя эмоцыі. У выніку людзі часьцей і рэгулярней ходзяць у салярый ды праводзяць там больш часу.

Трывогу адмыслоўцаў, аднак, выклікае ня толькі псыхалягічная залежнасьць. Як перакананыя Дэвід Фішэр, Стыў Фэлдман ды шмат якія іншыя аўтарытэтныя дэрматолягі, рызыка ўзьнікненьня раку ў аматараў салярыю прыкладна гэткая ж, як і ў курцоў альбо ў тых, чыя праца зьвязаная з азбэстам ці фармальдэгідам.

Салярый непажаданы для тых, каму менш за 30


Паводле апошніх дадзеных Міжнароднага агенцтва дасьледаваньня раку, што супрацоўнічае з Усясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, наведнікі салярыяў, якім менш за 30 гадоў, маюць падвышаную на 75% рызыку захварэць на рак скуры. Колькасьць выпадкаў такога агрэсіўнага захворваньня, як мэлянома скуры, сярод маладых жыхарак шэрагу заходнеэўрапейскіх краін ды ЗША ў пэрыяд 1973 па 2004 год (калі ў гэтых рэгіёнах адбываўся бум салярыяў) амаль патроілася. Істотна павялічылася і колькасьць хворых на мэляному сятчаткі вока.
Колькасьць маладых людзей з ракам скуры за апошнія 30 гадоў сама мала патроілася.


Каб запабегчы пагрозе раку скуры, УААЗ заклікала з большай пільнасьцю ставіцца да салярыяў. Пэўныя краіны ўжо адрэагавалі на гэты заклік. Так, ад мінулага году ў Нямеччыне дзейнічае закон, які забараняе наведваць салярыі тым, хто не дасягнуў 18 гадоў. Паводле дадзеных нямецкіх дэрматалягічных арганізацый, раней у салярыях рэгулярна загаралі каля 4 мільёнаў непаўналетніх немцаў.

Абмежаваньні для моладзі на наведваньне салярыю дзейнічаюць таксама ў Нідэрляндах, Фінляндыі, краінах Балтыі. У Латвіі для таго, каб пазагараць у салярыі, непаўналетнія мусяць мець пры сабе дакумэнт, які сьведчыць асобу, і даведку-дазвол ад сямейнага лекара або дэрматоляга. Такая даведка сапраўдная на працягу 6 месяцаў.

Акрамя таго, латвійскі ўрад абавязаў уладальнікаў салярыяў да 1 студзеня 2011 году ўсталяваць лямпы, максымальнае выпраменьваньне якіх не перавышае 0,3 вата на 1 кв.м. Тым часам, паводле дадзеных мясцовага Цэнтру абароны правоў спажыўца, летась праверку ўзроўню выпраменьваньня лямпаў праігнаравалі 93% фірмаў, якія прапануюць паслугі салярыяў.

У Беларусі такога закону няма. Салёнаў штучнага загару ў Менску ды іншых беларускіх гарадах усё больш. Ці ня ў кожным зь іх прысутнічае рэкляма — маўляў, тут нядаўна набылі самыя сучасныя і бясшкодныя лямпы. Можна азнаёміцца і з памяткай-папярэджаньнем пра магчымыя наступствы ўзьдзеяньня штучнага сонца. Вызначаюцца катэгорыі людзей, якім ня раяць наведваць салярыі. Сярод іх — і непаўналетнія. Даведак ад лекараў і пасьведчаньняў асобы ад кліентаў салярыяў ніхто не патрабуе.

Тым часам беларускія адмыслоўцы-анколягі ў Бараўлянах канстатуюць, што хворых на мэляному скуры зьяўляецца ўсё больш. Паводле мэдыкаў, пухлінныя працэсы апошнім часам актывізаваліся ня толькі з-за вялікай колькасьці салярыяў, але і ў сувязі з анамальнай сьпёкай, якая назіралася сёлета. Спэцыялісты лічаць, што беларусам трэба вельмі асьцярожна ставіцца да сонечных ваннаў.

Таблетка замест сонца і салярыю


Ці прапануе штосьці сучасная мэдыцына тым, хто жыве ва ўмовах дэфіцыту сонца? Бо, акрамя згаданых эндарфінаў і карысных вітамінаў, УФ-прамяні спрыяюць выпрацоўцы мэляніну. Гэты прыродны радыепратэктар бароніць нас ад наступстваў гама-апраменьваньня і спрыяе вывядзеньню з арганізму радыеактыўных рэчываў.

Як даказалі дасьледаваньні групы навукоўцаў на чале з доктарам Дэвідам Фішэрам, атрымаць загар бяз сонца ці салярыю ўсё ж можна. Дзеля гэтага распрацаваны новы мэдычны прэпарат, які можа выкарыстоўвацца як у мэдычных, так і ў касмэтычных мэтах.

Як сьведчыць брытанскі дэрматоляг і адзін з распрацоўнікаў прэпарату Дэвід Фішэр, "асноўная нашая мэта — павелічэньне выпрацоўкі скурай чалавека мэляніну, які б абараніў яе ад шкоднага УФ-выпраменьваньня і, як вынік, ад раку скуры. Гэта дазволіць ня толькі павялічыць ахоўныя якасьці скуры, але і пазбавіць людзей ад неабходнасьці загараць у салярыях або на сонцы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG