Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сідарэнка: “6 месяцаў просяць таму, што Башура ўжо арыштаваны”


Міхась Башура сёньня ў судовай залі.
Міхась Башура сёньня ў судовай залі.

У Савецкім судзе Менску прайшлі спрэчкі ў справе актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры.

6 месяцаў арышту запатрабавала пракурор Галіна Корнева для Міхася Башуры, актывіста кампаніі «Гавары праўду», якога судзяць за паўторную падробку даведкі аб прыбытках. Паводле пракурора, віна актывіста ў судзе была цалкам даказаная, а тое, што ён не прызнае сябе вінаватым і кажа пра ненаўмысную памылку ў падліках, Галіна Корнева лічыць «спробай пазьбегнуць адказнасьці». «Неверагодна, каб пры заробку ў 87 тысяч рублёў на месяц чалавек пазначыў 686 тысяч і каб гэта была памылка, а не наўмыснае ўвядзеньне ў зман», — мяркуе пракурор.

Адвакат Тамара Сідарэнка папрасіла суд апраўдаць Міхася Башуру, бо лічыць, што ягоная віна не была даказаная. Адвакат спаслалася на паказаньні сьведкі Ірына Шыцік, супрацоўніцы 514-га філіялу Беларусбанку. Паводле сьведкі, калі б Міхась Башура пазначыў у даведцы нават нуль заробку, крэдыт на пабудову ільготнага жытла ягоная сям’я ўсё роўна б атрымала, бо агульны прыбытак астатніх пяці паручальнікаў быў дастатковы, каб пакрываць адсоткі па крэдыце. Таксама адвакат Сідарэнка націскала на тое, што Башура фактычна быў затрыманы з парушэньнем закону — як высьветліла адвакат, падстаў арыштоўваць актывіста першапачаткова не было, бо яму інкрымінаваўся артыкул, які не прадугледжвае ўтрыманьня да суду пад вартай. Ужо пазьней, задняй датай, сьледчыя аб’ядналі дзьве крымінальныя справы супроць Башуры і гэтым апраўдалі ягоны арышт яшчэ 6-га жніўня. Таксама адвакат лічыць, што Міхася Башуру ня варта было арыштоўваць, улічваючы ягоную асобу:

Тамара Сідарэнка.
«Калі нават лічыць, што Башура зрабіў тое, у чым яго абвінавачваюць, то 6-месячны тэрмін арышту ня ўлічвае ўсіх асаблівасьцяў ягонай асобы. Акрамя арышту, паводле гэтага артыкула існуюць і іншыя меры пакараньня. Напрыклад, штраф. Башуру ніколі не прыцягвалі да адказнасьці, ані да крымінальнай, ані да адміністрацыйнай. Да таго ж яшчэ маса абставінаў, якія зьмякчаюць адказнасьць. Мяркую, 6 месяцаў арышту пракурор просіць таму, што Башура ўжо арыштаваны — каб гэты арышт неяк апраўдаць».

Магчыма, што кропку ў працэсе над Міхасём Башурам, якога судзяць зь мінулага панядзелка, паставяць заўтра, 19 кастрычніка. На 15 гадзіну дня прызначана паседжаньне суду, якое распачнецца апошнім словам абвінавачанага. Калі прагучыць прысуд, аднак, прадказаць ужо ніхто не бярэцца, улічваючы тое, як сёньня марудна ішло паседжаньне. Судзьдзя Кірыл Палулех, які вядзе справу Міхася Башуры, сёньня некалькі разоў абвяшчаў працяглыя перапынкі, пасьля якіх суд пачынаўся яшчэ і са спазьненьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG