Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дарогі: расслабцеся — вас здымаюць


Штодзень у Беларусі да адміністратыўнай адказнасьці за перавышэньне хуткасьці прыцягваюць блізу 1200 кіроўцаў. У выходныя дні гэтая лічба падвойваецца. Але, як мяркуюць экспэрты, бліжэйшым часам колькасьць парушальнікаў можа павялічыцца ў разы — ад 9 кастрычніка дзейнічае прэзыдэнцкі ўказ аб захадах, накіраваных на забесьпячэньне бясьпекі дарожнага руху з выкарыстаньнем спэцыяльных тэхнічных сродкаў. Фактычна дакумэнт узаконіў завочныя штрафныя санкцыі для тых, хто трапіў у аб’ектыў камэраў з паказаньнем «перавышэньне хуткасьці».

Кіроўцы ў гарадах і на дарогах рэспубліканскага значэньня на некаторы час могуць расслабіцца. Ва ўпраўленьні Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі паведамілі, што сыстэма фота- і відэафіксацыі хуткаснага рэжыму найперш укараняецца на трасе Берасьце — Масква, дзе агулам будзе ўсталявана больш за сто «кінакамэраў». Аднак, як патлумачыў начальнік службы прафіляктыкі і прапаганды бясьпекі дарожнага руху спэцпадразьдзяленьня дарожна-паставой службы «Страла» Яўген Лапец, да драконаўскіх захадаў яшчэ не дайшло. Прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з указам і забясьпечыць захады дзеля рэалізацыі дакумэнту Савет міністраў мусіць за тры месяцы:

«Ніякай статысткі пакуль няма, інфармацыя наконт нейкіх парушэньняў да нас яшчэ не даходзіла. Таму сказаць, што кампанія разгорнутая па ўсіх кірунках, не выпадае. Указ жа набыў сілу зусім нядаўна, 9 кастрычніка. Таму яшчэ адпрацоўваецца ўвесь мэханізм».

Аднак лібэральны пэрыяд наўрад ці будзе працяглы, бо калі камэры ўсталёўваюць, значыць, гэта камусьці патрэбна. Дарэчы, на згаданай ужо трасе М1 (Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі) камэры ў тэставым рэжыме працуюць зь мінулага году, аднак законнай сілы іх дзейнасьць ня мела. Між тым зь цягам часу аўтаномныя прыстасаваньні сачэньня зьявяцца на іншых трасах і ў гарадах. Ахутаць краіну каўпаком Адзінай сыстэмы фотафіксацыі ўзялася аўстрыйская кампанія «Avonside Holdings GmbH».

Ва ўпраўленьні ДАІ МУС удакладнілі, як будзе тэхнічна працаваць схема: карцінка з прыстасаваньняў абапал дарог трапляе ў цэнтры кіраваньня на маніторы дзяжурных, якія зафіксуюць марку аўтамабіля, нумарны знак і асобу кіроўцы-парушальніка. Адказнасьць за перавышэньне хуткасьці будзе несьці ўладальнік аўто — нават калі за рулём у той момант знаходзіўся іншы чалавек. Да пратаколу, дасланага поштай, будзе далучаны рэчавы доказ — фатаграфія машыны:
На гэтым участку дарогі ня трэба будзе выстаўляць дадатковы нарад міліцыі дзеля таго, каб кантраляваць бясьпеку дарожнага руху.


«Да адказнасьці за перавышэньне хуткаснага рэжыму будзе прыцягвацца ўласьнік транспартнага сродку, што перш за ўсё аблегчыць працу супрацоўнікам ДАІ. То бок на гэтым участку дарогі ня трэба будзе выстаўляць дадатковы нарад міліцыі дзеля таго, каб кантраляваць бясьпеку дарожнага руху».

Да моманту стварэньня татальнай сеткі відэасачэньня на дарогах ролю «фотакарэспандэнтаў» давядзецца выконваць супрацоўнікам ДАІ. Састарэлыя радары заменяць сучасныя камэры, якія ня толькі зафіксуюць хуткасьць, але і здымуць праблемнае аўто.

З навацыяй, якую бяруць на ўзбраеньне, яшчэ да пачатку дзеяньня ўказу аб відэафіксацыі пазнаёмілася маладая менская кіроўца Юлія. Паводле яе адчуваньняў, найперш у захапленьні ад новага слова ў барацьбе з «шумахерамі» супрацоўнікі ДАІ, якім цяпер ня трэба кожны раз расказваць, на якой падставе спыненая машына:

«Спынілі на хуткасьці. Падышоў супрацоўнік міліцыі і зь нейкай вялікай радасьцю пачаў паказваць камэру. А там нармальнае відэа, глядзіш, як звычайны фільм. Паказваецца ў запаволеным руху твая машына і адбіваецца яе хуткасьць. То бок адкруціцца практычна нельга, таму што на камэры менавіта твая машына. Як мне падалося, даішнікі навацыі страшна рады, таму што раней, калі ты не пагаджаесься з тым, што табе выносяць папярэджаньне ці зьбіраюцца складаць пратакол, то яны павінны былі захоўваць дадзеныя на радары. І паралельна нікога хапаць не маглі. Зараз жа яны могуць гэта рабіць бесьперапынна. Да таго ж цяпер яны ўсё будуць запісваць, і выпадкаў, спрэчных пратаколу, хутчэй за ўсё, будзе менш. Аспрэчваць сытуацыю пры такіх доказах будзе цяжка».

Штраф за зафіксаванае перавышэньне выпісваецца аўтаматычна і ня будзе адрозьнівацца ад таго, калі «за руку» пры дапамозе радару ловіць інспэктар ДАІ. Сума спагнаньня залежыць ад памеру перавышэньня і вагаецца ад 1 базавай велічыні да пазбаўленьня права кіраваньня аўтамабілем. Прыкладам, перавышэньне хуткасьці двойчы цягам году больш як на 20 кілямэтраў за гадзіну цягне пазбаўленьне правоў ад паўгода і вышэй. І ўжо зусім кароткая размова, калі парушэньне зьдзейсьнена ў стане алькагольнага ап’яненьня.

І ад гэтага наўрад ці што зьменіцца, таму што раней ці пазьней усе будуць цудоўна ведаць, дзе гэтыя камэры стаяць.
Праваабаронца ў аўтамабільнай галіне Канстанцін Міхайлаў так ацэньвае намер беларускіх уладаў узяць пад павальны фота- і відэакантроль аўтамабільныя дарогі, а ў пэрспэктыве — і гарадзкія вуліцы:

«Можа, эфэктыўней трэба было працаваць тым жа работнікам ДАІ, чым ісьці на розныя хітрасьці. Канечне, тут меркаваньне дваістае. З аднаго боку, камэры — нібыта і добра: чалавек прытармозіць перад камэрай, але далей ён паедзе гэтак жа, як і ехаў — 90 ці 160 кілямэтраў на гадзіну. І ад гэтага наўрад ці што зьменіцца, таму што раней ці пазьней усе будуць цудоўна ведаць, дзе гэтыя камэры стаяць. Па-другое, як бы чыноўнікі ні хацелі, яны не паўплываюць на выпраўленьне сытуацыі ў цэлым. ДТЗ як былі, так яны і будуць. Тут больш глябальна трэба праблему ставіць — сьвятлафоры ўсталёўваць, эфэктыўнае рэгуляваньне, зноў жа, праца ДАІ. Бо калі стаіць затор у сто машын, даішнік можа проста стаяць і чакаць, пакуль ён сам па сабе рассмокчацца. Хоць усім было б нашмат прыемней, калі б ён выйшаў і адрэгуляваў рух на скрыжаваньні, упарадкаваўшы патокі. Ён можа гэта зрабіць і мае на гэта права, але, як правіла, ня робіць. Тое ж і з ДТЗ: аварыя здарылася — ДАІ едзе 1,5-2 гадзіны. Адпаведна, зноў затор, хтосьці кудысьці ляціць, сьпяшаецца — і зноў аварыя. То бок трэба было, каб ДАІ працаваць пачала, а ўжо пасьля ставіць камэры відэасачэньня. А ў нас усё робіцца, каб першым чынам папоўніць бюджэт. А тое, што сядзяць разгільдзяі і нічога ня робяць, дык гэта нікому не патрэбна».

Паказальна, што дагэтуль ня вызначана, хто будзе займацца эксплюатацыяй тэхнічнай сыстэмы на трасе М1, хто будзе друкаваць фатаздымкі парушальнікаў і якім чынам будуць кампэнсавацца паштовыя выдаткі на адпраўку заказных лістоў. Прынамсі, Дзяржаўтаінспэкцыя запэўнівае, што яе справа — фіксаваць парушэньні і спаганяць штрафы. Але відавочна, што тэхнічнай справы будзе толькі большаць: да 2014 году Менск абяцаюць абсталяваць камэрамі новага пакаленьня, здатнымі фіксаваць ня толькі хуткасьць, але і праезд на чырвоны сыгнал сьвятлафора, паркоўку ў забароненых месцах, парушэньне правілаў манэўраваньня і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG