Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава ў Бэрліне: Гітлер як чалавек з народу


На мінулым тыдні ў Бэрліне адкрылася выстава, якая стала першай пасьля Другой сусьветнай вайны выставай у Нямеччыне, прысьвечанай пэрсанальна правадыру Трэцяга Райху Адольфу Гітлеру.

Як адзначаюць газэты The Wall Street Journal і International Herald Tribune ў сваіх артыкулах аб гэтай падзеі, для нямецкіх музэйнікаў Адольф Гітлер заставаўся апошнім табу, што тычыцца паказу эпохі нацызму. Усе іншыя аспэкты жыцьця Нямеччыны ў гэтым гістарычным пэрыядзе так ці іначай былі адлюстраваныя на ранейшых выставах, а вось фюрэра як чалавека, які цешыўся сапраўднай народнай любоўю, ніхто да гэтай пары не наважваўся паказваць. Перш за ўсё таму, што немцы баяліся выклікаць шырэйшую грамадзкую настальгію па гітлераўскіх часах ды гістарычны рэвізіянізм, чаго ўвесь час дамагаюцца розныя маргінальныя ўльтраправыя групоўкі, незадаволеныя эканамічнай сытуацыяй і высокім адсоткам мігрантаў у краіне.

Выставу пад назвай "Гітлер і немцы: Нацыя і злачынства" арганізаваў Нямецкі гістарычны музэй у Бэрліне. Куратары выставы, паводле The Wall Street Journal і International Herald Tribune, моцна перастрахаваліся перад магчымымі закідамі ва ўсхваленьні фюрэра, а таму сьвядома прыглушылі прэзэнтацыю Гітлера як асобы: на выставе, напрыклад, няма ні партрэтаў Гілера, ні ягоных цывільных пінжакоў і вайсковых уніформаў. Затое музэй паклаў націск на доказ тэзы, што Гітлер згуртаваў вакол сябе нямецкі народ ня дзякуючы прысутнасьці нейкага звышнатуральнага "злога генія" ў сваёй асобе ці магутнай нацысцкай прапагандзе, а дзякуючы таму, што ён быў "чалавекам з народу", які адрадзіў сярод немцаў пасьля паразы ў Першай сусьветнай вайне нацыянальны гонар, даў немцам лепшую эканамічную долю і веру ў лепшую будучыню.

Выстава паказвае, што немцы энтузіястычна падтрымлівалі Гітлера, не зважаючы на нацысцкія злачынствы і генацыд у іншых краінах, пакуль іхная армія выйгрывала вайну. У 1943, калі нямецкая ваенная машына засеклася, пачаўся паступовы адліў нямецкага энтузіязму і захапленьня фюрэрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG