Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Масква, Пэкін і Бішкек у люстэрку беларускай палітыкі


Людзі і выбары: рэкорды і загадкі збору подпісаў. - Беларускія журналісты ў Крамлі. - Капітуляцыя кандыдата Гайдукевіча. - Зьнешнепалітычны кантэкст: Кітай як найлепшы сябар Беларусі, Кіргізстан як узор свабодных выбараў.

Гэтыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк, а таксама аглядальнік газэты “Наша ніва” Зьміцер Панкавец і дырэктар кіргіскай службы нашага радыё Венера Джуматаева.



Лукашук: 600 000 – менавіта столькі падпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі было сабрана ў ягоную падтрымку літаральна за тыдзень. Пра гэта паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы дзейнага прэзыдэнта Аляксандар Радзькоў.

Лукашэнка ж заявіў, што далейшы збор подпісаў будзе спынены. Ён нават заклікаў насельніцтва падпісвацца за іншых кандыдатаў:

«Нам трэба зьвярнуцца да людзей і папрасіць: няхай яны аддадуць подпісы і за альтэрнатыўных кандыдатаў. Там іх 16 чалавек. Яны хочуць ісьці на выбары. Няхай ідуць».

Юры, як былі сабраныя гэтыя сотні тысяч подпісаў – цуд невялікі. Але што азначае заклік Лукашэнкі падпісвацца за іншых кандыдатаў?

Дракахруст: Што да звароту Лукашэнкі, маўляў, падпісвайцеся за іншых кандыдатаў, то гэта ўпісваецца ў агульную стратэгію выбараў, абраную ўладамі. Тыя этапы кампаніі, якія некрытычныя для выніку, праводзіць надзвычай лібэральна, для стварэньня дэмакратычнай карцінкі для Захаду. Больш за тое, плян палягае ў тым, каб зарэгістраваць вялікую колькасьць кандыдатаў, каб яны падчас тэледэбатаў дыскрэдытавалі адзін аднаго.

Наўрад ці заклік Лукашэнкі падпісвацца за іншых тлумачыцца страхам байкоту, ідэя байкоту не натхняе прэтэндэнтаў – удзельнікаў выбарчай гонкі. Да таго ж, паводле незалежных апытаньняў, ужо цяпер больш за 60% заяўляюць, што маюць намер ісьці галасаваць.

Лукашук: Ян, як бы вы ацанілі збор подпісаў у іншых кандыдатаў? У чым адрозьненьне ад мінулай выбарчай кампаніі? У чым адметнасьць?

Максімюк : Па-першае, гэта, як здаецца, самы свабодны збор подпісаў за ўсю гісторыю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Я маю на ўвазе ня тое, як зьбіралі подпісы за дзейнага прэзыдэнта на прадпрыемствах, а тое, як іх зьбіраюць за альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзі не баяцца падпісвацца, і гэта наводзіць на думку, што ў гэтай прэзыдэнцкай кампаніі патрэбную колькасьць подпісаў могуць сабраць ня 2 альтэрнатыўныя кандыдаты, як у 2006 годзе, а чатыры-пяць кандыдатаў. Тым больш, што ў некаторых гарадах у тым самым месцы зьбіраюць подпісы за некалькіх альтэрнатыўных кандыдатаў, і людзі ахвотна падпісваюцца за кожнага.

Па-другое, гэтая салідарнасьць канкурэнтаў Лукашэнкі – "хоць кожны з нас за сябе, то ўсё ж праціўнік у нас адзін" – часам мае вельмі цікавыя і сымбалічныя формы. Вось Аляксандар Мілінкевіч, альтэрнатыўны кандыдат з папярэдніх выбараў, пайшоў дапамагаць зьбіраць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, дзе ў 2006 годзе ён спрабаваў рабіць, так бы мовіць, «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі. Сымбалізм Плошчы-2006 нагадвае і ідэя штабу Ўладзімера Някляева паставіць у Менску намёт у месцы збору подпісаў за свайго кандыдата.

Дарэчы, штабу Ўладзімера Някляева трэба аддаць належнае за выдатны «выбарчы крэатыў» у гэтай кампаніі, да якога каманды іншых прэтэндэнтаў і блізка не падыходзяць. Я нагадаю яшчэ раз ката Барсіка, зь якім спадар Някляеў падпісаў мэмарандум аб узаемаразуменьні. У інтэрнэце цяпер гуляе нейкі мультыплікацыйны кот, які надрыўным голасам верашчыць «Някляева ў прэзыдэнты». І сьмешна, і сымпатычна. Нагадаем таксама, што подпісы спадару Някляеву дапамагае зьбіраць спадарыня Кацярына Нікандрава, «Міс Грудзі Беларусі 2010», на імпазантных грудзях якой красуецца майка з надпісам «За Някляева».

Калі браць пад увагу кампаніі ў іншых краінах, дык нічога асаблівага. Але калі мераць усё меркай Беларусі, дык усё гэта нова і нечакана. Гэта, я сказаў бы, кропля нармальнасьці ў палітычнай істэрыцы, якую накручвае ўлада ў кожнай важнейшай выбарчай кампаніі. Згадайма дохлых пацукоў у менскіх водаправодах у 2006 годзе або апэрацыю «белы бусел», якую, паводле крэатыўнікаў Аляксандра Рыгоравіча, каварны Захад праводзіў падчас выбарчай кампаніі 2001 году. Цяпер на чарзе стаіць кітайская сьцяна: Кітай – гэта найлепшы беларускі сябра. Канешне, пры такім сябры ня толькі што дохлыя пацукі, але і натаўскія танкі за Бугам – гэта дзіцячыя цацкі і ня болей...



Лукашук: Ня то што сэнсацыяй, але вартай увагі навіной тыдня стаў сыход з дыстанцыі вэтэрана выбарчых кампаній, кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, даўняга спарынг-партнэра Лукашэнкі.

Я нагадаю, што Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу, нягледзячы на відавочныя недарэчнасьці ў сьпісе. «Якія ж выбары без Гайдукевіча», – сказаў пры рэгістрацыі сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. А вось атрымліваецца – такія. У чым прычына гэтага рашэньня старшыні ЛДПБ?

Гэтае пытаньне – кіраўніку дэпартамэнту паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віктару Марціновічу:

Марціновіч: Мне здаецца, што сыход Гайдукевіча абумоўлены тым, што ў ім больш няма патрэбы. Гайдукевіч быў вельмі добрым, вельмі эфэктыўным страховачным варыянтам на выпадак, калі больш нікога не застаецца ў абойме кандыдатаў. Ён быў добрым другім гульцом, які застаўся, нават калі б іншыя зьняліся.

Цяпер не сытуацыя байкоту, ён не прадбачыцца. Таму сыход Гайдукевіча скіраваны на тое, каб не адбывалася адцягваньне пэўных адсоткаў электарату Лукашэнкі на маргінальных і другасных кандыдатаў. Увесь электарат Лукашэнкі павінен быць кансалідаваны. І чым менш такіх дублёраў, тым лепш для Лукашэнкі.

Лукашук: Беларуска-расейскія адносіны падчас гэтай кампаніі – найгоршыя. Пасьля паказу “Хроснага бацькі –4” узьнікла пытаньне – што ж будзе рабіць Масква? Возьме паўзу ці будзе працягваць інфармацыйны наступ?

Гэтае пытаньне беларускія журналісты атрымалі магчымасьць задаць на гэтым тыдні кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргею Нарышкіну. Гэтая прэсавая канфэрэнцыя стала адказам Крамля на нядаўнюю прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі для расейскіх журналістаў. Узровень не прэзыдэнцкі – Мядзьведзеў ня стаў сустракацца.

На сустрэчу з Нарышкіным былі запрошаныя прадстаўнікі як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных мэдыяў. У прыватнасьці, ад “Нашай нівы” там быў Зьміцер Панкавец, які цяпер з намі на скайп-сувязі.

Зьміцер, якія заявы, што прагучалі падчас прэсавай канфэрэнцыі, падаліся вам найбольш цікавымі і важнымі?

Панкавец: Я ня думаю, што гэта атрымаўся паўнавартасны адказ на Лукашэнкаву прэсавую канфэрэнцыю, але галоўны message, які можна было вынесьці з прэсавай канфэрэнцыі Нарышкіна – гэта тое, што Масква і надалей гатовая супрацоўнічаць з Лукашэнкам.

Нарышкін падчас сустрэчы зь беларускімі журналістамі быў куды больш мяккі і лагодны, чым Дзьмітры Мядзьведзеў у сваім відэазвароце. Ад Лукашэнкі патрабуецца ўсяго толькі прызнаць свае памылкі, пакаяцца і зрабіць першым крок насустрач. І Расея гатовая яму прабачыць і вярнуць усе ранейшыя стасункі. Ад Лукашэнкі патрабуецца ранейшая васальная залежнасьць, безумоўнае выкананьне ўсіх інтэграцыйных дамоўленасьцяў. Мне здаецца, што Масква яшчэ не гатовая мяняць Лукашэнку – гэта было галоўнае пасланьне Нарышкіна. Гэта таксама пасланьне да ўсіх тых апазыцыйных палітыкаў, якія хочуць паказаць сябе як прарасейскіх. Ня варта спадзявацца на тое, што Крэмль іх падтрымае.

Максімюк: Зьміцер, а ці ведаеце вы адказ на пытаньне – ці будзе Масква працягваць інфармацыйны наступ на Лукашэнку? І калі так, то зь якой мэтай?

Панкавец: Што да зьяўленьня "Хростных бацек", то Нарышкін фактычна паўтарыў словы Мядзьведзева, маўляў, у расейскіх журналістаў проста скончылася цярпеньне і таму яны зрабілі гэтыя стужкі. Ён сказаў, што сам глядзеў іх толькі часткова.

Атакі будуць працягвацца, калі Лукашэнка не пагодзіцца на прапанаваныя яму ўмовы. А калі пагодзіцца, то які сэнс працягваць гэтую атаку?

Я зьвярнуў увагу на тое, што на сустрэчы вельмі агрэсіўна паводзілі сябе журналісты беларускіх дзяржаўных мэдыяў. Яны згадалі забойствы Паліткоўскай, Эстэміравай, тое, як расьсьледуюцца гэтыя справы, казалі пра тое, як у Расеі прыціскаюць правы беларусаў. Можа, чарговы стрэл інфармацыйнай вайны будзе хутчэй зь беларускага боку.

Лукашук: У мінулай перадачы мы гаварылі пра зьяўленьне на экранах расейскага тэлебачаньня чарговага “Хроснага бацькі”. Афіцыйны Менск рэагаваў на гэтыя атакі больш чым стрымана – чаму? Хоча памірыцца з Расеяй ці гэта праява слабасьці – бо няма чаго сказаць па сутнасьці?

Дракахруст: Ну, у прапагандзе не бывае, што няма чаго сказаць. Да таго ж у ёй, як нідзе, найлепшая абарона – гэта наступ. А у крытыках Крамля – што заходніх, што расейскіх, дэфіцыту, здаецца, не назіраецца. Таму самаму Лужкову можна было б даць трыбуну, у яго б знайшлося пару цёплых словаў пра Мядзьведзева.

Так што стрыманасьць – гэта безумоўна асэнсаваны выбар. Дарэчы, напярэдадні паказу “Хроснага бацькі” прэсавая служба Лукашэнкі абнародавала ягоныя меркаваньні наконт інфармацыйнага канфлікту:

«Нам ні ў якім разе ня трэба ўвязвацца ў гэтую бойку. Няхай робяць заявы, няхай кажуць, што заўгодна. Ні ў якім разе! Навошта нам нагнятаць абстаноўку, патрэбны ім вораг чарговы — няхай нагнятаюць. Але мы ні ў якім разе не павінны ўвязвацца ў гэта, падстаўляцца, — нам гэта ня трэба».

Справа ў тым, што ягоны вобраз непрадказальнага хулігана, які рэжа “праўду-матку” – гэта маска. Гэта халодны палітык, які пралічвае і свае квазіэмацыйныя эскапады, і момант, калі трэба прамаўчаць. Цяпер апошняе: Крэмль і без таго раззлаваны і настроены даволі рашуча. Цяпер вобраз, які стварае беларуская прапаганда: пасварыліся – памірымся. Як сказаў у маёй перадачы рэдактар “Советской Белоруссіі” Павал Якубовіч, гэта быў пік канфлікту, зараз бакі вернуцца да спакойнага тону. Гэта ня столькі прагноз, колькі інфармацыйная стратэгія.

У гэтым самым рэчышчы – і віншавальная тэлеграма, якую Лукашэнка даслаў Уладзімеру Пуціну з нагоды дня нараджэньня расейскага прэм’ера. Па рэакцыі Масквы вырашылі, што час зьбіраць камяні, а раскідваць – сабе даражэй выйдзе.

Цікава, што цяпер, літаральна ў апошнія тыдні і дні, назіраецца рэзкі паварот у палітыцы беларускіх дзяржаўных СМІ. Забытыя ўсе прэтэнзіі да Расеі, папрокі на адрас Мядзьведзева і Пуціна. Расея зноў саюзьнік, сябра, брат і гэтак далей. Гэта відаць адказ Маскве на тыя прэтэнзіі, папрокі і ўмовы, якія агучыў спадар Нарышкін.

Зьміцер, як вы мяркуеце, ці заўважаць гэты паварот у Маскве і ці задаволіць ён Крэмль? Вы сказалі, што Масква гатовая супрацоўнічаць на пэўных умовах. Але гэтыя ўмовы Лукашэнку як раз раней і не падабаліся. З-за гэтага канфлікт уласна і распачаўся. Тут ёсьць пэўная супярэчнасьць: з аднаго боку, прадстаўнікі дзяржаўных мэдыяў на сустрэчы з Нарышкіным паводзілі сябе адным чынам, а дома гэтыя самыя мэдыі паводзяць сябе зусім інакш.

Панкавец: Я б не пагадзіўся з тым, што ствараўся вораг з Расеі, вораг ствараўся з расейскага кіраўніцтва. Тое, што Расея наш сябра, наш брат і партнэр – гэта ў дзяржаўных СМІ паўтаралася ўвесь час, у самыя горшыя часы гэтай інфармацыйнай вайны. Мне здаецца, што цяпер і Лукашэнка, і Крэмль чакаюць таго самага – хто першы зробіць крок насустрач. Але пакуль я не сказаў бы, што ўжо назіраецца нейкі рух насустрач хоць зь якога боку.

А што да ўмоваў, то я ня думаю, што ў іх ёсьць для Лукашэнкі нешта прынцыповае, апроч, магчыма, мыта на нафту. Усё іншае Лукашэнка выконваў і дагэтуль, і я ня бачу падставаў, каб не выконваў і надалей.

Лукашук: Пакуль іншыя кандыдаты стаялі ў пікетах, зьбіраючы подпісы за сябе, Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні наведаў Кітай. Апошнім часам КНР разглядаецца хіба не як замена Расеі ў якасьці палітычнага патрона і спонсара для афіцыйнага Менску. Фігуруе лічба велізарнага крэдыту, які Кітай дае Беларусі – 15 мільярдаў даляраў. Якія вынікі цяперашняга візыту Лукашэнкі ў Кітай, ці стала больш рэальнай пэрспэктыва атрыманьня Беларусьсю кітайскіх грошай?

Максімюк: Візыт Лукашэнкі ў Кітай закончыўся падпісаньнем дакумэнтаў аб рэалізацыі эканамічных праектаў у Беларусі на суму 3,5 млрд. даляраў. Сярод іх — 3 крэдытныя пагадненьні, 8 камэрцыйных кантрактаў, 2 рамачныя пагадненьні. Значыць, вялікага крэдыту, пра які гаварылі раней, няма. Але і тыя крэдыты, якія Беларусь атрымае, зьвязаныя. Гэта значыць, што за гэтыя грошы беларусы павінны абавязкова набываць кітайскае абсталяваньне.

Паўторым тое, што мы казалі раней. Калі ўзяць пад увагу двухбаковы гандаль, то яго аб’ём з Расеяй у Беларусі ў 15 разоў большы, чым з Кітаем. Кітай Расеі не заменіць.



Лукашук: У студыі да нас далучылася дырэктар кіргіскай службы нашага радыё Венера Джуматаева.

У нядзелю адбыліся парлямэнцкія выбары у Кіргізстане. Выбары, паводле ацэнак усіх назіральнікаў, былі свабоднымі і справядлівымі, якімі не былі ва ўсёй найноўшай гісторыі гэтай краіны. Але вось хто прыйшоў у выніку свабоднага народнага волевыяўленьня і які будзе лёс кіргіскай дэмакратыі ў выніку гэтых выбараў?

Венера, у адпаведнасьці з новай Канстытуцыяй, краіна стала парлямэнцкай рэспублікай, парлямэнт – найвышэйшая ўлада ў краіне. І вось на свабодных выбарах на першым месцы аказваецца партыя «Ата Джурт» – партыя прыхільнікаў зрынутага прэзыдэнта Бакіева. Што гэта азначае для Кіргізстану?

Джуматаева: Гэтыя выбары сталі вялікім сюрпрызам для Кіргізстану. Упершыню большасьць людзей ня спала ўсю ноч: моладзь сачыла за хадой выбараў у Інтэрнэце, а старэйшае пакаленьне сядзела ля тэлевізараў, бо тэлебачаньне ў прамым эфіры ўвесь час распавядала пра самыя апошнія вынікі. Гэта было ўпершыню ў гісторыі Кіргізстану, і быў вялікі энтузіязм. Аднак раніцай калі ўсе даведаліся, што першае месца зь невялікім адрывам заняла прабакіеўская партыя, усе былі шакаваныя.

Але людзі сказалі самі сабе, што калі яны хацелі свабодных выбараў, то мусілі быць гатовыя да сюрпрызаў. Вось мы яго атрымалі і павінны жыць з гэтым.

У парлямэнт прайшлі 5 партыяў, ніводная зь іх ня можа фармаваць урад, бо ніводная не набрала большасьці галасоў, і розьніца паміж імі даволі малая. І цяпер ідуць вельмі цяжкія перамовы паміж гэтымі партыямі. Мы пакуль ня ведаем, якая будзе кааліцыя, як мінімум тры партыі мусяць аб'яднацца.

Добры сцэнар – калі аб'яднаюцца дзьве прадэмакратычныя партыі і да іх далучыцца партыя "Рэспубліка". Кепскі сцэнар – аб'яднаньне двух вельмі антыўрадавых партый, якія заяўляюць, што парлямэнцкая сыстэма ня будзе працаваць у Кіргізстане і трэба вяртацца да моцнай прэзыдэнцкай улады. Калі да іх далучыцца трэцяя партыя – гэта будзе вяртаньне ў мінулае.

Дракахруст: Расейскія СМІ падчас беларускай выбарчай кампаніі не пакідаюць па-за ўвагай прэзыдэнта Лукашэнку. На мінулым тыдні НТВ паказала чарговы фільм “Хросны бацька-4”, у нядзелю першы канал расейскага ТВ паказаў вялікі сюжэт, дзе гаварылася і пра зьніклых у Беларусі палітыкаў, і пра псыхічны стан беларускага лідэра. Наколькі я ведаю, расейскае тэлебачаньне таксама актыўна асьвятляла выбарчую кампанію ў Кіргізстане, прычым не хаваючы, каго Масква хацела б бачыць у ліку пераможцаў: гучалі хваласьпевы на адрас Фелікса Кулава, а пра Амурбека Тэкебаева паказалі сэксуальны кампрамат. Наколькі гэтае інфармацыйнае ўзьдзеяньне паўплывала на выбар кіргізаў?

Джуматаева: Расея вельмі істотна паўплывала на выбар Кіргізстану. Я сёньня вяла праграму на нашым радыё з удзелам прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў Кіргізстану - дунганаў, ўзбэкаў, рускіх і г.д. І яны ўсе сказалі, што галасавалі за партыі "Ар-Намыс" і "Рэспубліка", бо гэтыя дзьве партыі адкрыта заявілі, што яны – прарасейскія партыі. Удзельнікі маёй перадачы, прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў, казалі, што для іх Крэмль – большы аўтарытэт, чым афіцыйны Бішкек.

Расейскія СМІ адыгрываюць дамінуючую ролю ў Кіргізстане. Большасьць людзей глядзяць расейскія тэлеканалы, слухаюць расейскае радыё і чытаюць расейскія газэты.

Лукашук: Якім можа быць лёс менскага выгнанца – зрынутага ў красавіку прэзыдэнта Бакіева? Калі ў красавіку Лукашэнка прыняў яго, гэта здавалася памылковым рашэньнем. Як гэта выглядае цяпер? Бакіеў яшчэ можа вярнуцца і выйграць, а зь ім і Лукашэнка? Альбо былы прэзыдэнт – у любым выпадку адыграная карта, нават калі партыя яго былых паплечнікаў «Ата Джурт» атрымае ўладу?

Джуматаева: Учора Бакіеў даў нам інтэрвію зь Менску. Ён быў вельмі аптымістычна настроены, значна больш аптымістычна, чым быў да выбараў. Ён заявіў, што ў ролі прэзыдэнта ён не зьбіраецца вяртацца, але як грамадзянін Кіргізстану ён абавязкова вернецца.

Я мяркую. што ён уплываў на выбары ў Кіргізстане, меў пэўныя сувязі з пэўнымі партыямі.

У свой час Масква была вельмі разьюшаная тым, што Бакіеў патрапіў у Менск, што ён адтуль заяўляў, што Масква ціснула на ягоны ўрад наконт амэрыканскай базы і шэрагу іншых пытаньняў.

Так што Бакіеў зрабіў мядзьведжую паслугу спадару Лукашэнку што да стасункаў Беларусі і Расеі.

Лукашук: На разьвітаньне некарэктны прагноз – дапусьцім, Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам пасьля 19 сьнежня – ці вернуцца абдымкі і пацалункі ў расейска-беларускія адносіны?

Максімюк: Крамлю ня будзе іншага выйсьця, як мець зь ім дачыненьні як з галавой асобнай дзяржавы. Магчыма, што ў двухбаковых адносінах, у рамках гэтак званай саюзнай дзяржавы, адносіны будуць падкрэсьлена халодныя, але беларуска-расейскія дачыненьні маюць і шырэйшы, шматбаковы кантэкст – тут і СНД, і мытны саюз з Казахстанам, і Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня. У гэтых структурах адносіны будуць, як б сказаў, ня менш раўнапраўныя, чым яны былі дагэтуль.

Дракахруст: Мне здаецца, што не, што стасункі паміж Менскам і Масквой найлепш можна будзе апісаць формулай – халодны мір. Ня будзе абдымкаў і пацалункаў, сустрэч бяз гальштукаў. Стасункі будуць, так бы мовіць, у гальштуках. Па мінімуму сустрэч на вышэйшым узроўні, больш жорсткія, але можа менш публічна скандальныя перамовы па эканамічных пытаньнях. Я мяркую, што прэфэрэнцыі і льготы – і ў цэнах і ў доступу на расейскі рынак – будуць няўхільна зьмяншацца. Адначасна Расея будзе супрацьдзейнічаць спробам Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы пастаўкі энэрганосьбітаў.

І што тычыцца саюзнай дзяржавы, то яна будзе і надалей адміраць нават як ідэя. Здаецца, што і цяпер адна з прычынаў канфлікту – перакіданьне адно аднаму ініцыятывы пахаваньня гэтага ўтварэньня. Яно ўжо не задавальняе ні Менск, ні Маскву, але той, хто выйдзе зь яе – шмат згубіць у вачах двух народаў. Таму гэтую ініцыятыву і перакідаюць, як гарачую бульбіну.
XS
SM
MD
LG