Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Вы першы жывы беларускі пісьменьнік, якога мы ўбачылі. А хто быў першым у Вашым жыцьці?

Воля і Кася

Мне выпала расьці ў страшэнна зрусіфікаваным на той час Полацку, на вуліцах якога, памятаецца, была ўсяго адна беларуская шыльда. Праўдзівей, не зусім шыльда, таму яна і ацалела. На фасадзе старога будынку гарадзкой “бани”, куды я з татам па суботах хадзіў мыцца, з цэглы было чамусьці выкладзенае таямнічае слова “Лазьня”, прычым менавіта з дарэформенным мяккім знакам. Дарэчы, гэты помнік гадам беларусізацыі існуе дасёньня, і я, бывае, ваджу туды знаёмых на экскурсію.

Не выключаю, што цяпер у выніку нястомнага клопату ўлады пра разьвіцьцё роднай мовы па Полацку зноў сноўдаюць падшыванцы, якія глядзяць на слова “Лазьня” гэтаксама тупа, як некалі я сам.

Здаецца, да пятае клясы я і не здагадваўся, што на сьвеце ёсьць беларускія пісьменьнікі.

Ды аднойчы нас раптам зьнялі з уроку і павялі ў актавую залю, якая адначасова была і сталоўкаю, дзе нядаўна, заспрачаўшыся з старэйшым сябрам Фімам, я спакойна зьеў 18 пончыкаў і мог бы працягваць, каб яны ня скончыліся.

У залю, якая пахла ня толькі пончыкамі, але і менш смачнымі рэчамі, сабралі ўсю школу ад першаклясьнікаў да выпускнікоў. Дырэктарка абвясьціла, што зараз перад намі будуць выступаць беларускія пісьменьнікі.

Ад той сустрэчы запомнілася, што пісьменьнікаў было трое. У памяці яны засталіся безаблічнымі і безыменнымі, затое выдатна памятаецца, як хтосьці з дрэнных вучняў, а можа, і з настаўнікаў-беларусафобаў перадаў на сцэну цыдулку з пытаньнем, ці праўда, што “Пролетарии всех стран соединяйтесь!” па-беларуску будзе “Галадранцы ўсяго сьвету, гоп да кучы!” Дырэктарцы пытаньне не спадабалася, і яна папрасіла ў гасьцей прабачэньня. Ды пісьменьнікі не засмуціліся, а, наадварот, разьвесяліліся і нешта адказвалі, хоць у залі стаяў такі галас, што на задніх радах ужо амаль нічога не было чуваць.

Аднак галоўнай мэты тая сустрэча (прынамсі, у выпадку са мной) дасягнула. Я даведаўся, што ёсьць беларускія пісьменьнікі, якія гавораць на беларускай мове. Гэта адыграла ў маім жыцьці велізарную ролю.

У спыненым, ледзьве канчаткова не зламаным мэханізьме, зварухнулася нейкая шасьцярэнька...

Потым здарылася першая прачытаная па-беларуску кніжка — “Ён быў піянэрам” пісьменьніка-партызана Яўгена Курто. Твор, скажу шчыра, уразіў мяне толькі нехарошымі словамі, што старанна панапісваў на кожнай старонцы нехта з папярэдніх чытачоў.

Аднак тая шасьцярэнька не замерла, бо неўзабаве я ўзяў у школьнай бібліятэцы зборнік беларускіх казак.

Да нацыянальнага космасу яшчэ заставалася велізарная дыстанцыя, але з вопрадня мальчика Вовы пачынаў неўпрыкмет вызваляцца хлопчык Уладзя.

Колькі гадоў таму ўжо безнадзейна хворы пісьменьнік Яўген Будзінас заехаў да мяне з маладзенькай сакратаркай-студэнткай, каб падараваць свой апошні раман. “Подпиши девочке книгу”, — папрасіў Жэня. Я зьняў з паліцы “Каханка яе вялікасьці”. Дзяўчо зьбянтэжылася, а потым адважылася падзяліцца сваім адкрыцьцём: “Ой, а я думала, вы уже давно умерли…”

Такім чынам, цяпер ужо я сам раблюся для кагосьці першым жывым беларускім пісьменьнікам і тым самым усяляю ў юныя душы веру ў сьветлую будучыню айчыннай літаратуры, ці, прынамсі, у ейнае існаваньне.

Жыве беларускі пісьменьнік!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG