Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўляецца суд над Міхасём Башурам


18 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску мае аднавіцца працэс у справе актывіста кампаніі "Гавары праўду" Міхася Башуры, якога судзяць за нібыта паўторную падробку дакумэнтаў.

Актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура знаходзіцца ў менскай турме на вуліцы Валадарскага з 6-га жніўня. Працэс над ім пачаўся 11 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску. А 15 кастрычніка пракурор Галіна Корнева нечакана папрасіла зрабіць перапынак, каб перафармуляваць абвінавачаньне.

Адвакат не выключае зьяўленьня ў абвінавачаньні нейкіх новых абставінаў
Адвакат Тамара Сідарэнка кажа, што на судовым працэсе стала відавочнаю слабасьць пазыцыі дзяржаўнага абвінавачаньня. Зь яе гледзішча, вэрсія сьледзтва пра тое, што Міхась Башура двойчы падрабіў даведку аб заробках і сам яе падаў у выканкам і крэдытную ўстанову, не выглядала пераканаўчай. Адвакат не выключае зьяўленьня ў абвінавачаньні нейкіх новых абставінаў і, магчыма, іншага артыкулу з больш сур'ёзнай адказнасьцю. Яна кажа: "Альбо ў межах гэтага абвінавачаньня яму паставяць у віну нейкія новыя абставіны, альбо гаворка пра іншы артыкул, які кваліфікуе гэтыя дзеяньні. І артыкул больш сур'ёзны".

Я спытаўся ў Тамары Сідарэнкі, ці былі ў яе адвакацкай практыцы выпадкі перавыстаўленьня абвінавачаньня і якія наступствы гэта мела, калі такое здаралася?

"Новае абвінавачаньне звычайна прыводзіла да больш цяжкіх наступстваў. Разглядалася пытаньне аб даказанасьці гэтага абвінавачаньня. Вось і тут давядзецца ўсебакова разглядаць новае абвінавачаньне", -- лічыць адвакат.

За апошнія гады дзясяткі актывістаў адказвалі перад судом паводле розных, пераважна крымінальных абвінавачаньняў. Ці было такое, каб некаму падчас суду перафармулявалі абвінавачаньне? Праваабаронца Валянцін Стэфановіч згадаў толькі адзін выпадак, калі на судзе над Мікалаем Аўтуховічам пракурор сам адмовіўся ад часткі абвінавачаньняў, калі ўбачыў, што ў судзе яны не былі даказаныя.

Праваабаронца праводзіць паралель: "Там палічылі, што гэта ня будзе даказана, і таму пракурор сам адмовіўся ад некаторых артыкулаў. А тут яму новае абвінавачаньне выставяць. Сапраўды, незразумела, што там будзе? Таму трэба дачакацца, як усё будзе адбывацца".

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны стрымана паставіўся да зьвесткі пра тое, што яму выставяць новае абвінавачаньне. "Магчыма, яго гэта неяк азадачыла, але ён, паводле характару, аптыміст, выгляду не падае ", — сказала Тамара Сідарэнка пра Міхася Башуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG