Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельгаспрадпрыемствы Магілёўшчыны фальшуюць статыстычныя зьвесткі пра колькасьць жывёльнага статку. Гаспадаркі ўтойваюць факты здыханьня жывёлы, каб пазьбегнуць пакараньня. Дзясяткі галоў здохлых кароў і сьвіней расьпісваюць на работнікаў гаспадарак, якія нібыта ўзялі іх для ўласных патрэбаў.

Вяскоўцы пра тое, што яны зьяўляюцца ўласьнікамі "мёртвых душаў", нават і не здагадваюцца. Гэтыя зьвесткі ўтрымліваюцца толькі ў справаздачнай дакумэнтацыі гаспадарак. Днямі афіцыйныя крыніцы паведамілі вынікі праверкі па гэтых фактах.

У калгасе "Іскра" Хоцімскага раёну расьпісалі на работнікаў гаспадаркі 30 здохлых кароў. За гэта старшыню аштрафавалі на 1 мільён 50 тысячаў рублёў (трыццаць базавых велічыняў) і пазбавілі пасады на год. Загадчыца фэрмы выплаціць 1 мільён 400 тысячаў штрафу (сорак базавых велічыняў) і адпрацуе шэсьцьдзесят гадзін на грамадзкіх працах.

У гаспадарцы "Прагрэс" Касьцюковіцкага раёну кошт дваццаці галоў здохлай жывёлы аплацілі працаўнікі.

"Загадчыцу фэрмы прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, пастановай суду яна на чатыры гады пазбаўлена права займаць пэўныя пасады. У Быхаўскім аддзеле міліцыі ёсьць матэрыял праверкі ў адносінах да загадчыцы фэрмы адной з гаспадарак, якая ўнесла наўмысна непраўдзівыя зьвесткі, схаваўшы сьмерць 150 галоў парасят", -- цытуюць афіцыйныя крыніцы супрацоўніка аддзелу барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.

На Кругляншчыне рыхтуюць да перадачы ў суд матэрыялы яшчэ на чатырох загадчыц фэрмаў. Яны незаконна сьпісалі шэсьцьдзесят галоў здохлай жывёлы.

Са спэцыялістамі згаданых гаспадарак пагутарыць не ўдалося. Пачуўшы пытаньне, яны адразу клалі слухаўку альбо спасылаліся на адсутнасьць начальства, якое магло б адказаць на такія пытаньні.

Дзевяноста працэнтаў гібелі калгаснай жывёлы — гэта парушэньне тэхналягічнай дысцыпліны.
Паводле спэцыяліста сельскай гаспадаркі Віктара Страчанкі, дзевяноста працэнтаў гібелі калгаснай жывёлы — гэта парушэньне тэхналягічнай дысцыпліны, бо бальшыня фэрмаў не адпавядае сучасным патрабаваньням.

"Гэта тое, што толькі выявілі. А так гэтыя факты паўсюдна. За падзёж накладаюць вялікія штрафы на кіраўнікоў і спэцыялістаў. Гэта ж трэба працаваць, каб не было падзяжу, а так — то вільгаць, скразьнякі, то недакорм, то гнілое сена. Яны ўсю віну перакладаюць на даярак і цялятніц. А даярка маўчыць. Калі яна выступіць, яе папросту пазбавяць працы", -- тлумачыць Віктар Страчанка.

Ягонае меркаваньне пацьвярджаюць і даяркі. Паводле адной зь іх, на жывёлагадоўчых комплексах гіне да пяцідзесяці кароў за год: "У першую чаргу вінаватай застаецца цялятніца. А тое, што вэтурачоў няма, тое, што мэдыкамэнтаў няма, тое, што не праколваліся цяляты, а тое, што кармы? Пояць цялят сухім малаком… А наш заробак? Налічваецца семсот-васемсот, а атрымліваем трыста".

Беларускае заканадаўства прадугледжвае за падробку статыстычных зьвестак пакараньне — да двух гадоў пазбаўленьня волі.

На Магілёўшчыне за хаваньне фактаў здыханьня калгаснай жывёлы заведзеныя чатыры крымінальныя справы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG