Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чавэс упэўнены ў перамозе Лукашэнкі і ў 200-гадовым сяброўстве зь ім


Нямецкія, украінскія ды іранскія СМІ камэнтуюць візыт Уга Чавэса ў Менск.

Нямецкія СМІ прыводзяць словы Уга Чавэса адносна перамогі Аляксандра Лукашэнкі на маючых прэзыдэнцкіх выбарах.
“Мы ўпэўненыя ў гэтым”, – заявіў вэнэсуэльскі кіраўнік падчас ўчорашніх перамоваў зь менскім кіраўніцтвам у пашыраным складзе.

Як піша нямецкае эканамічнае выданьне Finanznachrichten, аўтарытарнаму беларускаму рэжыму цяпер няма чаго клапаціцца аб крыніцах энэргіі. Замест цяперашніх чатырох мільёнаў тон нафты ў год, Каракас у будучым годзе накіруе ў Беларусь 10 мільёнаў тон паліва. Цана пры гэтым названа не была.

Уга Чавэс таксама запэўніў Аляксандра Лукашэнку ў 200-гадовым сяброўстве. Ён адзначыў, што “Вэнэсуэла мае самыя вялікія запасы нафты, і беларускім НПЗ хопіць нафты яшчэ на 200 гадоў".

Паводле ягоных словаў, “вэнэсуэльскі народ ставіцца да Беларусі гэтак жа як і да ўласнай краіны, і наадварот”

У сваю чаргу вялікі сябар вэнэсуэльскага народу пакляўся:

"Я клянуся, мы будзем рабіць так шмат для Вэнэсуэлы, што вы ніколі не пашкадуеце аб нашым добрых стасунках”
Лукашэнка таксама падзякаваў Чавэсу і за тое сонца, якое той прывёз з Вэнэсуэлы.

”Мы вітаем цябе на тваёй беларускай зямлі”, – сказаў беларускі кіраўнік свайму вэнэсуэльскаму сябру.

Пэўную ўвагу суботнім беларуска-вэнэсуэльскім перамовам надаюць і ў Кіеве, дзе заўтра адбудзецца сустрэча ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча і яго высокага госьця з Каракасу.

Як пішуць украінскія аглядальнікі, ня цяжка здагадацца, што асноўнымі тэмамі іх сустрэчы стануць нафта ды зброя. Са спасылкай на міністра транспарту і сувязі Канстанціна Яфіменку адзначаецца, што ўжо ў 2011 годзе Ўкраіна будзе транспартаваць для Беларусі 9 мільёнаў вэнэсуэльскага паліва.

Украінскія СМІ з гэтай нагоды прыводзяць словы беларускага кіраўніка: "Вагонамі вэнэсуэльскую нафту возім і вазіць будзем, аднак на калені ня станем”.

Мясцовыя аглядальнікі таксама спыняюцца і нашай тэме заўтрашніх перамоваў у Кіеве. “Не сакрэт, што Чавэс рыхтуецца да вайны з Калюмбіяй. У 2009 годзе ён зьдзейсьніў велізарную закупку ўзбраеньня ў Расіі і Беларусі. Як вядома, Украіна ўшчыльную наблізілася да пяцёрцы сусьветных лідэраў па гандлі зброяй і вырабляе такое ўзбраеньне, якое можа зацікавіць Вэнэсуэлу”.

Як падаюць афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы Ірану, заўтра ж ноччу высокую вэнэсуэльскую дэлегацыю на чале з прэзыдэнтам Уга Чавэсам чакаюць у Іране. Падчас заплянаванай на аўторак сустрэчы Чавэса з Махмудам Ахмадзінэжадам будуць абмеркаваныя “магчымасьці пашырэньня двухбаковых стасункаў”

Прыводзяцца словы, што ўсе тры краіны – Іран, Беларусь і Расея, якія ад самага пачатку былі пазначаныя як галоўныя ў цяперашнім вялікім міжнародным турнэ вэнэсуэльскага прэзыдэнта, маюць для Вэнэсуэлы “гістарычнае значэньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG