Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзкім пасёлку Івянец недалёка ад Менску 16 кастрычніка адбылася падзея, якая стала спробай адраджэньня старадаўняй традыцыі кірмашу.

Кірмаш пачаўся з асьвячэньня адноўленай капліцы Божай Міласэрнасьці ў колішняй сядзібе Пятра Драгунцава. Менавіта сярод старых будынкаў гэтага маёнтка і быў зладжаны Творчы кірмаш, што арганізавалі Івянецкі музэй традыцыйнай культуры, цукеркавае прадпрыемства "Івкон" ды Івянецкі пасялковы савет.

Увесь вялікі кірмаш быў падзелены на асобныя тэматычныя кірмашыкі, і кожны чалавек мог ня толькі паназіраць за працай кавалёў, ткачоў, кухараў ды іншых майстроў, але і сам намаляваць карціну, прасьпяваць песьню ці нават знайсьці сабе жонку, узяўшы ўдзел у вясельным кірмашыку. Была магчымасьць трапіць і на дэгустацыю цукерак — як зрабілі, напрыклад, сьвятары Івянецкага касьцёлу.

Арганізатары кірмашу заклікалі ўсіх раскрыць свае таленты ды здольнасьці. Атмасфэру фэсту стваралі прадстаўнікі рыцарскіх клюбаў, а таксама музыкі, сярод якіх былі гурты "Джамбібум" ды "Дубінскія фанабэры", сьпяваў і Зьміцер Вайцюшкевіч.

Калі ў кагосьці з гасьцей сьвята не хапала грошай на шашлык, то можна было бясплатна падсілкавацца кашай з салдацкай паходнай кухні.

Агулам на фэсьце пабыло каля 2 тысячаў чалавек. Гэта быў першы Івянецкі Творчы кірмаш, які арганізатары абяцаюць зрабіць і налета.



XS
SM
MD
LG