Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы пухнуць не ад голаду, а ад незбалянсаванага харчаваньня


16 кастрычніка адзначаецца Ўсясьветны дзень харчаваньня. Па дадзеных Міжнароднага дасьледчага інстытута харчовай палітыкі, які склаў індэкс голаду за 2010 год, сёлета сьвет пераадолеў крытычны парог, калі колькасьць галадаючых перавысіла 1 мільярд чалавек. Паўплывалі рэзкі рост цэнаў на харчаваньне і фінансавы крызіс. Найбольш высокі ўзровень голаду – у афрыканскіх краінах і ў Паўднёвай Азіі. У бальшыні краінаў былога Савецкага Саюза сытуацыя адносна нармальная, за выключэньнем Туркмэністану, Узбэкістану, Грузіі адзначаюць сярэдні ўзровень недаяданьня. Ці пагражае голад Беларусі?

Беларусі голад не пагражае. Прынамсі, асноўнага прадукту спажываньня – бульбы – назапасілі калі 8 мільёнаў тон. То бок на кожнага жыхара – па 840 кіляграмаў бульбы.

Эканаміст Міхал Залескі распавёў:

Міхась Залескі
"Апошні голад у Беларусі – не дай Бог нікому, але каб людзі паміралі, сапраўдны голад, быў у 40-х гадах ХІХ стагодзьдзя, калі быў тут Аракчэеў, царскі рэфарматар, будаваў аграгарадкі. Потым было ўсё добра. Калі зьявілася бульба, пасьля Аракчэева, то за 50 гадоў насельніцтва Беларусі павялічылася ўдвая...

Зараз жа, дзякуючы гэтай бульбе з салам, 60% беларусаў маюць атлусьценьне, лішнюю вагу. А чаму ж яны намінаюць гэту бульбу з салам, а не ядуць, напрыклад, штосьці дыетычнае? Бо няма за што купіць альбо не прадаюць".

У сярэднім кожны беларус зьядае паўкіло бульбы ў дзень – па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, краіна на першым месцы ў сьвеце па спажываньні бульбы. У рацыёне не хапае садавіны, гародніны, зеляніны і рыбы, затое зашмат тлушчаў і вугляводаў. У беларусаў, як правіла, незбалянсаваны рацыён, сьцьвярждае лекар-валеоляг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Аляксандра Лагун:

"У краіне ня вельмі высокія заробкі, і людзі эканомяць на харчаваньні. Самае таннае – гэта крупы, мучныя вырабы – батоны, булкі, бульба ну і ўсялякая тлустая і вэнджаная прадукцыя. Вось і стараюцца многія купляць, каб пахутчэй было, патлусьцей, пасытней – так званы прынцып "чаркі і шкваркі".

У вёсцы народ харчуецца ў асноўным тым, што самі вырасьцілі. Пра свой звычайны рацыён з чаркай і шкваркай распавядае пэнсіянэр Іван:

"Я дастаю каўбаскі хатняй кавалак, яшчэ бульба ды самагоначка з пшаніцы! Ох, як добра. Сытна, ні галава не баліць..."

Гарадзкім пэнсіянэрам цяжэй, таму харчуюцца ў асноўным малочнымі прадуктамі, распавяла бабуля Ганна:

"Пэнсіі не хапае. Трэба Аляксандру Рыгоравічу неяк перадаць, бо яму цяжка зразумець, што на 400 – 500 тысяч немагчыма пражыць. Таму харчуюся ў асноўным малаком, малочнымі прадуктамі – малако самае таннае".

Студэнты, школьнікі злоўжываюць так званым "фаст-футам" – "Макдональд" самы папулярны рэстаран. Танна і сытна таксама – вэрмішэль кшталту "Ролтан" і хуткараспушчальнае пюрэ. Адсюль таксама лішняя вага і сур'ёзныя праблемы са здароўем, кажа лекар-валеоляг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Аляксандра Лагун:
Шмат спажываюць бульбы, мучнога, сьвініны, каўбас, сасісак. І яшчэ шмат солі ...

"Шмат спажываюць бульбы, мучнога, сьвініны, каўбас, сасісак. І яшчэ шмат солі. Соль затрымлівае вадкасьць у арганізму, вось і атрымліваецца, што людзі пухнуць. Гэта ацёкі за конт затрымкі вадкасьці ў арганізму. З аднаго боку, чалавек папраўляецца – залішняя вага. А з другога боку, вось гэтая соль затрымлівае вадкасьць, выклікае ацёкі, і атрымліваецца замкнёнае кола".

Такім чынам, атрымліваецца, што не ад голаду пухнуць беларусы. Нядаўна Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя прызнала беларусаў самымі тлустымі ў СНД.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG