Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Супраца з рэжымам Чавэса мае пад сабой хісткую глебу"


Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс

Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс

У Менску з рабочым візытам знаходзіцца прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Асноўнае пытаньне, якое абмяркоўваецца, зьвязана з пастаўкамі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы прыбыў у Менск позна ўначы. Гэта ягоны пяты візыт у Беларусь. Яшчэ ў 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс дамовіліся аб рэгулярных кантактах на найвышэйшым узроўні, каб надаць дадатковую дынаміку разьвіцьцю двухбаковага супрацоўніцтва. Сёлета ў сакавіку ў Вэнэсуэле другі раз пабываў беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка і запэўніў, што зноў прыляціць у Каракас у 2011-м. Тады ж абодва дзяржаўныя кіраўнікі заявілі, што "закапаюць капіталізм".

Сёньня Уга Чавэс прыбыў у Менск пасьля візыту ў Расею і падчас сустрэчы з А.Лукашэнкам сказаў, што ў Маскве было "вельмі холадна". Перамовы ў фармаце сам-насам паміж кіраўнікамі Беларусі і Вэнэсуэлы цягнуліся больш за тры гадзіны. Уга Чавэс заявіў, што гарантуе стабільнасьць паставак нафты ў Беларусь і беларускія НПЗ ня будуць мець недахопу нафты цягам 200 гадоў. Ён адзначыў, што "тут няма даўжнікоў – мы таварышы, і мы разам будуем альтэрнатыву імпэрыялізму".

Потым перамовы праходзілі ў пашыраным складзе. Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, А.Лукашэнка і У. Чавэс абмяркуюць шырокі спэктар пытаньняў двухбаковых дачыненьняў, у тым ліку супрацоўніцтва ў нафтахімічнай сфэры. Плянуецца падпісаць шэраг двухбаковых дакумэнтаў.

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, у беларуска-вэнэсульскіх кантактах на высокім узроўні спалучаецца як піяраўскі, так і прагматычны чыньнікі:

Аляксандар Класкоўскі
"З аднаго боку, гэта і дэманстрацыя Маскве, што мы не прападзем у любым выпадку, у нас ёсьць надзейныя сябры. А з другога боку, Чавэс і грошы падкідаў якраз тады, калі Масква прытармазіла крэдыт. І цяпер пачала дзейнічаць нафтавая альтэрнатыва. Афіцыйны Менск, паколькі цяпер дачыненьні з Масквой рэзка пагоршыліся, а насустрач Эўразьвязу ісьці ня хочацца, бо дэмакратызацыя ўяўляе сабой пагрозу для рэжыму, насамрэч пачаў рэалізоўваць раней такую дэкляратыўную тэзу пра шматвэктарнасьць. І робіць акцэнт на так званы трэці сьвет".

У сакавіку 2010 году Беларусь і Вэнэсуэла падпісалі пагадненьне аб пастаўках нафты. Згодна зь ім, афіцыйны Менск цягам 12 месяцаў зможа закупіць каля 4 мільёнаў тон нафты. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве Беларусь плянуе павялічыць аб'ём закупак нафты ў Вэнэсуэле да 10 мільёнаў тон, што складзе амаль 50% агульнага гадавога аб'ёму нафтаперапрацоўкі ў краіне. Вэнэсуэльская нафта паступае на беларускія НПЗ праз парты Адэсы і прыбалтыйскіх краін. Але ці можна казаць, што гэты праект выгадны? Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што дагэтуль невядома, па якой цане адбываюцца пастаўкі:

Леанід Злотнікаў
"Было паведамленьне ў мэдыях, якое абапіралася на зьвесткі Белстату, што гэта цана крыху вышэйшая, чым усясьветная цана на нафту. А потым не было ні абвяржэньня, ні новай інфармацыі. Таму невядома, што дакладна адбываецца адносна цаны. Але пры добрых дачыненьнях з Расеяй гэтая цана не была б вышэйшай, чым цана на расейскую нафту".

Наколькі пэрспэктыўным выглядае беларуска-вэнэсуэльскае нафтавае супрацоўніцтва?

"Я думаю, гэта доўга працягвацца ня будзе. Бо і сам Чавэс ня вельмі ўстойліва трымаецца, можа, гады тры прабудзе прэзыдэнтам, а потым багата што памяняецца. І ў нас памяняецца. Таму на пэрспэктыву цяжка адказваць".

Паводле Аляксандра Класкоўскага, супраца з рэжым Чавэса мае пад сабой хісткую глебу:

"Чавэс, хаця і лідэр з аўтарытарнымі замашкамі, усё ж у яго краіне больш дэмакратыі і апазыцыя яго прыціскае вельмі адчувальна. Калі яшчэ хісьнецца і цана на нафту, то наагул усё гэтае нібыта доўгатэрміновае супрацоўніцтва можа ўшчэнт разьляцецца".

Уга Чавэс наведае спартыўны комплекс "Менск-арэна", Нацыянальную бібліятэку, экспазыцыю нафтагазавага абсталяваньня, якое вырабляецца ў Беларусі, і адну з будпляцовак.



У Менск Уга Чавэс прыбыў з Масквы, дзе падпісана сярод іншага расейска-вэнэсуэльская дамова аб будаўніцтве першай АЭС на тэрыторыі Вэнэсуэлы. Зь Менску Уга Чавэс накіруецца ў Кіеў, дзе плянуецца абмеркаваць пытаньне паставак нафты ў Беларусь. Праз Украіну — асноўную транзытную дзяржаву – нафта чыгункай паступае на мазырскі НПЗ. Ня выключана, што будуць абмяркоўвацца больш танныя шляхі нафтавага транзыту, а менавіта нафтаправод Адэса-Броды. У канцы лістапада праз адгалінаваньне гэтага трубаправоду, як плянуецца, пацякуць першыя 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты. Абодва бакі зацікаўленыя ў зьніжэньні кошту паставак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG