Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Правальскі: “Выкраданьне брата – гэта правакацыя супраць мяне”


Уладзімер Правальскі

Уладзімер Правальскі

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Правальскі лічыць, што ягонага брата Юрыя Правальскага, якога амаль суткі трымалі ў міліцыі, выкралі з мэтай перашкодзіць працы ягонай ініцыятыўнай групы.

Юрыя Правальскага, роднага брата і сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Правальскага, затрымалі ўчора ўвечары, не паведаміўшы сваякам прычыны. Сёньня каля 14-й яго адпусьцілі, таксама не сказаўшы, што за прычына была для затрыманьня.

Паводле Ўладзімера Правальскага, на ягонага брата не складалі аніякіх пратаколаў і не казалі, што ён нешта парушыў. Учора ўвечары да яго на вуліцы пад’ехала міліцэйская машына, і чатыры супрацоўнікі, не паказаўшы сваіх дакумэнтаў, гвалтам адвезьлі Ю.Правальскага ў Першамайскі РАУС.

Кандыдат у прэзыдэнты напісаў скаргу на імя начальніка Першамайскага райаддзелу міліцыі, якія, ён лічыць, сьвядома ўводзілі ў зман сваякоў затрыманага. Родным заявілі, што Юры Правальскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, аднак гэтая інфармацыя не пацьвердзілася – дзяжурны сказаў, што ў іх такога няма. Сёньня ў РАУС Уладзімер Правальскі ўбачыў, як ягонага брата некуда выводзяць, прычым затрыманы пасьпеў крыкнуць: "Мне хочуць зрабіць укол”.

Уладзімер Правальскі лічыць, што затрыманьне брата – гэта памкненьне перашкодзіць яму ў выбарчай кампаніі. Бо замест таго, каб займацца зборам подпісаў, чацьвёра сваякоў – чальцоў ініцыятыўнай групы кандыдата – займаліся пошукамі Юрыя Правальскага.

Спадар Правальскі кажа, што заўтра ж напіша заяву ў Генэральную пракуратуру пра выкраданьне брата – затрыманьне без прычыны амаль на суткі, ды яшчэ прыхоўваньне інфармацыі пра месца знаходжаньня чалавека ён кваліфікуе менавіта так. Дзеяньні міліцыі, на ягоную думку, – гэта свядомая спроба стварыць перашкоды асобе, якая вылучаецца на пасаду прэзыдэнта.

Патэнцыйны кандыдат гаворыць, што не выключае іншых правакацый і спрабуе іх пазьбегчы. Да прыкладу, карыстаецца толькі грамадзкім транспартам, а не прыватным аўто – каб не было падставаў спыніць машыну за парушэньне правілаў дарожнага руху і затрымаць яго самога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG