Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Цэны на газ для Беларусі – зыходзячы зь дзейнага кантракту


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Цэны на газ для Беларусі ў 2011 годзе будуць фармавацца, зыходзячы зь дзейнага кантракту.

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 15 кастрычніка пасьля завяршэньня сустрэчы кіраўнікоў ўрадаў краін Мытнага саюзу.


"Мы дамовіліся сёньня аб тым, што ў нас ёсьць дзейны кантракт, які будзе працаваць цягам усяго 2011 году, і цэны на газ у 2011 годзе павінны фармаваць, зыходзячы з гэтага кантракту", – заявіў У. Пуцін на прэс-канфэрэнцыі, паказанай тэлеканалам "Вести-24".

Паводле Пуціна, "Газпрому" дадзена ўказаньне пачаць працу для падрыхтоўкі кантракту на 2012 - 2015 гады, "зыходзячы з нашых стратэгічных абавязаньняў і жаданьня выбудаваць адзіную эканамічную прастору з улікам выхаду на роўнадаходнасьць з 2015 году".

Акрамя таго, Пуцін адзначыў, што Расея адменіць вывазное мыта на нафту для Беларусі пасьля падпісаньня і ратыфікацыі дакумэнтаў аб адзінай эканамічнай прасторы.

Экспартнае мыта на нафту для Беларусі захаваецца да 2012 году, калі ўдзельнікі Мытнага саюзу павінны стварыць адзіную эканамічную прастору.

"Пасьля падпісаньня і ратыфікацыі ўсяго пакету дакумэнтаў, які павінен быць пакладзены ў аснову адзінай эканамічнай прасторы, расейскі бок ўзяў на сябе абавязаньні адмяніць наагул вывазное мыта на сырую нафту. Мы сёньня яшчэ раз пацьвердзілі гэтую пазыцыю. Гэта будзе выканана", – сказаў У.Пуцін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG