Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку другі раз пасадзілі ў турэмны карцэр


Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка зноў пакараны карцэрам. Мікалай Аўтуховіч, як паведамляюць сваякі, "не зломлены духам". Актывіст "Гавары праўду" Міхась Башура не прызнае сябе вінаватым. З Уладзімерам Асіпенкам сустрэліся дачка і жонка.

Паводле бацькі вязьня Бабруйскай калёніі Андрэя Бандарэнкі, той ізноў на 7 дзён патрапіў у карцэр калёніі, зараз нібыта за нейкае парушэньне ўнутранага парадку. Валер Бандарэнка кажа.

Валер Бандарэнка
"Яны зноў яго пасадзілі. Выйшаў і адразу зноў за нешта. Вось толькі што інфармацыя паступіла, 20 хвілін таму. А сядзіць ён ужо з пачатку тыдня. І толькі ў панядзелак мусіць выйсьці. Тады, магчыма, ад яго будзе званок".

Нагадаю, два тыдні таму Андрэя Бандарэнку пакаралі карцэрам на 7 дзён за адмову працаваць на шкоднай вытворчасьці. Нібыта на нейкіх працах у калёніі ужываюць небясьпечны газ фэнол. Адміністрацыя калёніі пазьней гэта абвергла, аднак Андрэя Бандарэнку пакаралі. За што зараз яму далі 7 дзён карцэра, міліцыянты не кажуць. Валер Бандарэнка дамовіўся ў адвакатам Зьмітром Лаеўскім, што той на наступным тыдні наведае ягонага сына ў калёніі і высьветліць ўсе абставіны апошніх падзей.

У Івацэвіцкай калёніі нейкі час таму пабывала жонка Мікалая Аўтуховіча Алена. Паводле яе, Мікалай не "зломлены духам". У тым ліку жонка Аўтуховіча перадала ад яго падзяку прадстаўнікам недзяржаўных мэдыяў за падтрымку. Сярод названых мэдый, як паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, ёсьць і "Радыё Свабода". Паводле Алега Воўчака, у калёніі людзі неяк даведваюцца пра тое, што паведамляюць СМІ пра Мікалая Аўтуховіча і гэта яму дапамагае. Вось якія зьвесткі мае праваабаронца адносна здароўя Аўтуховіча.

Алег Воўчак
"Паводле дактароў, усё на тым жа месцы. Абяцалі, але за лячэньне не ўзяліся. Казалі, што зоймуцца мясцовыя з гарадзкой паліклінікі, у выніку ніхто не займаецца".

11 кастрычніка ў Савецкім судзе Менска пачаўся суд над паэтам, актывістам "Гавары праўду" Міхасём Башурам. Вінаватым сябе Міхась Башура не прызнаў, а сьведкі, як лічыць адвакат Тамара Сідарэнка, не пацьвердзілі цалкам ягоную віну. Працэс у выніку быў адкладзены да 18 кастрычніка дзеля таго, каб пракурор Галіна Корнева змагла выставіць Міхасю Башуру новае абвінавачаньне. Лідэр кампаніі "Гавары праўду" Уладзімер Някляеў перакананы, што ягонага калегу перасьледуюць з палітычных прычын.

"Башура ня ёсьць крымінальнік. Башура ёсьць актывіст кампаніі "Гавары праўду", каардынатар кампаніі па Менску і менавіта за гэта яго судзяць і хутчэй за ўсё да нечага, але прысудзяць".

З 6-га жніўня Міхася Башуру трымаюць пад вартай у розных беларускіх турмах, цяпер — у ізалятары на Валадарскага, у камэры, дзе на 26 вязьняў ёсьць толькі 13 ложкаў.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.
XS
SM
MD
LG