Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандaр Лукашэнка перастаў быць народным прэзыдэнтам. Такую выснову можна зрабіць з вынікаў дасьледаваньня грамадзкай думкі Агенцтвам палітычнай экспэртызы BISS і Віталем Сіліцкім, вынікі якога былі прадстаўленыя ў артыкуле «Электарат улады: тады і цяпер». З дасьледаваньня вынікае, што, у параўнаньні з 1998 годам, калі было зробленае першае грунтоўнае дасьледаваньне прэзыдэнцкага электарату, Лукашэнка ў значнай ступені страціў падтрымку вёскі і мястэчак, «рабочай клясы» і дробных дзяржслужачых. Карацей, «цяглавага народу», у якасьці выразьніка інтарэсаў якога ён заўсёды сябе пазыцыянаваў. Пры гэтым прэзыдэнт павялічыў колькасьць прыхільнікаў сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў і фірмаў, мэнэджэраў, асобаў з вышэйшай адукацыяй, жыхароў абласных цэнтраў і сталіцы. Падтрымка Лукашэнкі ў Менску вырасла амаль што ў два разы!

ЛУКАШЭНКА - ВЫБАР БУРЖУА?


Дзіўна? Нічога дзіўнага, на мой погляд. Гэта зусім не зачараванасьць харызмай, якая даўно абтрапалася і зблякла, і не ідэалягічная індактрынаванасьць, бо той ідэалёгіі як не было, гэтак і няма. (Блогер arthin слушна заўважыў, што «менавіта відавочная дзірка ад абаранка на месцы ідэалёгіі аказалася выдатным піяр-прыёмам».) Не, гэта цалкам рацыянальная падтрымка. Азначаныя групы насельніцтва пасьпелі нагуляць сякі-такі тлушчык і капітальчык, цяпер жа абачліва імкнуцца іх захаваць, разважаючы, што лепшае - вораг добрага.

«Зразумела, цяпер за Луку засталося адно быдла і неадэкват, якія жывуць ў Беларуссіі», - гэтае перакананьне, агучанае блогерам levales, не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Такім чынам, значная частка меркавана апазыцыйнага электарату, які нібыта павінен быць найбольш зацікаўлены ў пераменах, то бок у шырокай лібэралізацыі, апазыцыі «здрадзіла». Ці прынялі да ўвагі гэтае сьведчаньне паўзучай «контррэвалюцыі» апазыцыйныя палітыкі, ці ведаюць яны, як заваяваць галасы расчараванага Лукашэнкам «цяглавага народу». («"Хто заўгодна абы не" - цудоўна спрацавала ў 1994-ым. З тых часоў электарат вельмі задумаўся...», - адзначае fox_unexisted)?

Баюся, што не.

«У апазыцыйным асяродку пануе буржуазнасьць», - пісаў ihardrako ў паведамленьні пад загалоўкам «Рыхтуемся змагацца з апазыцыяй». У блогера гаворка ішла пра будучыню, калі «сёньняшняя намэнклятура і сёньняшнія апазыцыйныя лідэры, нарэшце, адкрыта створаць тую самую пануючую клясу, аб якой не прынята казаць уголас, каб не пачуць абвінавачаньняў у марксызме і схільнасьці да левіцы», і тады спатрэбіцца новая, сацыяльна-арыентаваная апазыцыя. Падразумявалася, што да ўлады сёньняшняя апазыцыя абавязкова неўзабаве прыйдзе і абавязкова з тымі праграмнымі лёзунгамі, якія янa вызнае сёньня.

А раптам гэтага цуду не адбудзецца? Мо тады ўжо цяперашняй апазыцыі варта было б «палявець»? Улічваючы тое, што беларуская ўлада ўсё далей і далей адыходзіць ад колішняй сацыялістычнай палітыкі, гэта, падаецца, было б лягічным.

Вядома, у вечна занятых палітыкаў няма часу гэта абмяркоўваць. Аднак вольнаадпушчаным блогерам, зацікаўленым палітыкай, нібыта ніхто не замінаў. Не, таксама не адчулі насьпелай праблемы. У суполцы by_politics ад яе адмахнуліся, увогуле засумняваўшыся ў праўдзівасьці дасьледаваньня: маўляў, нешта мы не заўважалі гэткіх пераменаў сярод сваіх сваякоў і знаёмых. На форуме tut.by удзельнік Scorina_Piterskii усю віну за зьмену электаральнай структуры ўсклаў на вяскоўцаў: «Адбіваюцца ільготы пры паступленьні для сялянаў ды іх масавае перасяленьне ў Горад».

Карацей, інтэрнаўты асабліва не напружвалі галаву.

ПРЭЗЫДЭНТ ДАЕ БІБЛЕЙСКУЮ СВАБОДУ ВЫБАРУ


Улада таксама асабліва не напружвае галаву, каб прывесьці прапаганду ў адпаведнасьць з новымі рэаліямі. Напрыклад, прафэсар Байнёў, якога перад выбарамі запусьцілі ў блогасфэру, ваюе супраць заўчорашняга ворага - «заходніх дэма(на)кратычных каштоўнасьцяў лібэральнага рынку і капіталізму», робячы выгляд, нібыта на двары ўсё яшчэ мінулае стагодзьдзе, а ён праспаў у шапку адмену льготаў і кантрактную сыстэму, аб якой некаторым злосным заходнім капіталістам застаецца толькі марыць, гучныя прыватызацыйныя пагадненьні, не заўважыў, як вакол вырасла безьліч казыно, бізнэс-цэнтраў і гіпэр-молаў, ня чуў пра рэспубліканскі конкурс «Міс грудзі Беларусі» і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Генадзя Давыдзьку, які з экранаў тэлевізараў сьмела і рашуча выступае за легалізацыю прастытуцыі.

Нагадаўшы спадару прафэсару пра тое, што адбылося за той час, пакуль ён, відавочна, адпачываў у летаргічным сьне, я параіў яму сысьці ў апазыцыю, разьдзяліўшы ейны лёс, каб быць сумленным перад самім сабой. Замест таго, каб употай «кусаць руку, якая яго корміць».

Трэба аддаць належнае прафэсару, ён не разгубіўся і выявіў знаходлівасьць:

«Сьпярша вы просіце, не - вы патрабуеце ад Прэзыдэнта ўсялякіх заходніх свабодаў (выказвацца, выступаць, гуляць у казыно, дапусьціць замежнага інвэстара, трэсьці цыцкамі на экране, геіцца, лезьбіяніцца і г.д. і да т.п.). Потым жа, калі Прэзыдэнт, ідучы насустрач, дае вам гэтую самую праславутую біблейскую свабоду ВЫБАРУ паміж дабром і злом, і вы, як звычайна, абіраеце зло, то ўсю віну потым за ВАШ жа свабодны выбар вы традыцыйна валіце на Прэзыдэнта. Гэта, як мінімум, несумленна! Гэтак жа, як калі б грэшнік вінаваціў Усявышняга ў тым, што той - творца яго ж уласных грахоў...»

Хаця і не зусім біблейская, але ўсё роўна дарэчная фотажаба пад назвай «Будашэнка», падгледжаная ў журнале burbalka:



«Мір ды любоў. Адкрываем чакры і атрымоўваем энэргію сонца»
. (zar_an_kle)

«І воплескі адной далоньню на Усебэ сходзе...». (tsikhan)

Гнеўна адрэагаваў на прапагандысцкія фантазіі прафэсара bon70:

«Я толькі дзіўлюся - з-за чаго яны ўсе такія наўмысныя ідыёты? Адкуль яны прыходзяць? Як трапляюць да рулёў? Дзе адсутнічалі апошнія 200 гадоў? Хто ім завязвае шнуркі? Можа быць, гэта іншаплянэтнікі нас разыгрываюць?»

І ЛУКАШЭНКУ МОЖНА АБРАЦЬ «НЕ ТАГО»


Тым часам на сайце БРСМ адбываліся інтэрнэт-выбары прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на любы густ. Наведнікам сайту прапанавалася абраць «свайго» Лукашэнку, у адпаведнасьці з уласным разуменьнем таго, якую палітыку ён павінен праводзіць пасьля абраньня. Цяпер ужо канцоў ня знойдзеш, ці то гэта быў нечаканы свабодны выбар сяброў БРСМ, ці справа ў тым, што пра галасаванку даведаліся ў суполках by_trash і by_politics, але ў пэўны момант лідэрам выбарчай гонкі стаў Лукашэнка, які «пойдзе на больш цеснае збліжэньне з Эўразьвязам на шкоду адносінам з Расеяй»:



Пазьней колькасьць тых, хто прагаласаваў за гэты пункт, пераваліла за сорак адсоткаў, а на трэцяе месца вырваўся зусім нетрадыцыйны Лукашэнка, які «пойдзе па шляху павальнай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і разьвіцьця рынкавай эканомікі ў чыстым выглядзе».

Аднак у рэшце рэшт адміністратары сайту спужаліся навізны і разгулу дэмакратыі, таму перавялі выбары ў традыцыйнае ручное кіраваньне. І цяпер вынікі выглядаюць па старынцы, нудна - «як і мае быць»: на першым месцы «моцная сацыяльная палітыка», на другім «разьвіцьцё эканомікі на аснове навукаёмістых тэхналёгіяў», на трэцім «шматвэктарнасьць», на чацьвертым «дэбюракратызацыя», на пятым «адносіны з Расеяй на шкоду адносінам з Эўразьвязам», на шостым - «адносіны з Эўразьвязам на шкоду адносінам з Расеяй», бла-бла-бла.

Нават выбіраючы паміж Лукашэнкам такім і Лукашэнкам сякім несьвядомы грамадзянін можа, як пісаў прафэсар Байнёў, «абраць зло». Лепей ужо даручыць гэтую справу правераным людзям, якія зробяць адзіна правільны выбар.



Здымак, пад загалоўкам «Маска, я цябе ведаю», падгледжаны ў журнале genosse_u.

«Але хто гэтая таямнічая асоба? Хто б вы думалі? Ну хто б вы думалі?», - дадаў блогер.

ВЯРНІЦЕ МАСТАЦТВА НАРОДУ, ГАДЫ!


«Хтосьці кажа, што ў Беларусі, маўляў, сацыялізм. Фіглі! Тут нават не струхлелы труп Савецкага Саюзу. На струхлелых трупах праз гадзіну - кветкі і трава. А празь дзьве яна зноўку жыва. Тут - шкілет дыназаўра. Скамянелая рынкавая нячуласьць...», - напісала dolka777 у суполцы minsk_by пасьля таго, як не змагла трапіць у Менску на балет «Анна Карэніна» у выкананьні Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатру балету пад мастацкім кіраўніцтвам Б. Эйфмана.

Блогерку, якая прыйшла ў тэатр з шасьцюдзесяцьцю тысячамі ў кішэні, у разьліку на тое, што ёй хопіць на г.зв. «уваходны» квіток, чакала расчараваньне - квіткі ад 130 тысячаў. І адміністратар, «ільсьняны дзядзечка» застаўся глухі нават да спасылак на клясыкаў, паводле якіх «мастацтва павінна быць для народу і ў імя народу»:

«- Якое мастацтва. Гэта камэрцыйны праект. Усё. Гутарка скончаная».

Як высьветліла dolka777, у парыскую Гранд Опэра можна набыць квіток за 10 эўра. Блогерка petra_leleka дадала, што прыкладна за такую самую суму можна набыць квіток у венскую опэру за паўгадзіны да пачатку сэансу, да таго ж, у Аўстрыі існуе «сацыяльны пашпарт» для беспрацоўных і маламаёмасных, які дазваляе хадзіць на выставы бясплатна або значна таньней, чым іншым.

Танныя «ўваходныя» квіткі і ў Менску былі звычайнай практыкай. Таму блогерка не патрабавала чагосьці звышнатуральнага. Больш за тое, перажывала ня столькі за сябе, колькі за настаўніц музыкі, якім, пры іхніх заробках, вельмі складана дазволіць сабе дазволіць такое культурнае мерапрыемства: «Дазволіць такі балет - значыць пасадзіць сваю сям'ю на месяц на бульбу». Цалкам гуманістычнае патрабаваньне.

Тым ня менш, удзельнікі суполкі грудзьмі ўсталі на абарону «абезасобленых "эфэктыўных мэнэджараў" - прадстаўнікоў сьвету мінэралаў сярод людзей» (вызначэньне аўтаркі паведамленьня), іхнага права спаганяць за тавар столькі грошай, колькі яны лічаць патрэбным. Прагучала шмат і непрыхавана хамскіх выпадаў:

«Мастацтва народу ніколі не належала. Адпаведна, не разяўляйце раток на тое, што ня вашае». (slaaa)

«Для жабракоў прыдумалі групу "Краскі" і Віцю Каліну». (program_files)

І, нарэшце, апафеоз:

«Нешта мне падказвае, што недурны чалавек, здольны па вартасьці ацэньваць прыўкраснае, здольны таксама прыдумаць што-небудзь, каб зарабляць болей». (fifina, мэнэджэр «Тэатральнага тыдня», у рамках якога прыяжджаў Санкт-Пецярбургскі тэатар)

Уласна, калі пачынальніца дыскусіі ўвесь час казала пра мастацтва, ейныя апанэнты на розныя лады толькі і гаманілі, што пра грошы. Нібыта гэта адзінае прыўкраснае, што яны ведаюць...

«Як сумна любіць грошы» - гучала адно з парыскіх графіці траўня 68-га году. Колькі нам яшчэ давядзецца чакаць гэтага ўсьведамленьня?..

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG