Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу ў Івянцы адбудзецца першы творчы кірмаш «Радасьць быць разам». Восеньскае сьвята ладзіцца на старажытнай сядзібе Пятра Драгунцава, у маляўнічым месцы над Волмай, дзе месьцяцца кавальская і драўляная майстэрні івянецкага музэю, дзе знаходзіцца карчма, аздобленая ў сярэднявечным стылі.

На кірмашы можна будзе ня толькі набыць патрэбныя рэчы традыцыйных рамёстваў Беларусі, сувэніры і адметныя падарункі, але і выявіць напоўніцу ўласныя здольнасьці, таленты і ўмельствы.

Адна з арганізатарак фэстывалю, спэцыяліст па этнаграфіі Антаніна Хатэнка: «На сёлетні кірмаш мы зьбіраем найперш людзей, якія працуюць у нейкіх традыцыйных рамёствах — будзе кавальства, ганчарства, саломапляценьне, лозапляценьне. Тое, што спрадвек на гэтай зямлі было ня толькі мастацтвам, але спосабам добрага, творчага, камфортнага жыцьця. І гэтых майстроў назьбіралася больш за паўсотні ў розных жанрах».

Кірмаш задуманы як праца амаль двух дзесяткаў мікракірмашыкаў. Акрамя традыцыйных — кухарства, зельніцтва, гумару, гаспадараньня, хараства, дужаньня, будуць кірмашы і ня зусім звачайныя. Да прыкладу, кірмашык радаводны:

Антаніна Хатэнка
«Двое архівістаў, якія займаюцца прафэсійна дасьледаваньнем генэалягічных дрэваў — шляхецкіх, арыстакратычных, а калі хочаце, і сялянскіх (калі хтосьці хоча знайсьці продкаў згубленых) — будуць даваць кансультацыю, як гэта рабіць. Як герб знаходзіцца кожнага роду».

Асобнай часткай кірмашу будзе праца аграсядзібаў. І што на Івянеччыне адметнае — аграсядзібы ніяк не абмяжоўваюцца асноўным сваім кірункам — прымаць гасьцей, турыстаў.

Хатэнка: «Адна сям’я занялася вырабам мэблі — экалягічнай ва ўсім працэсе, без лякаў, фарбаў, так, як яна рабілася продкамі, калі ніякіх сродкаў хімічных не было. Цяпер яны пачалі распрацоўваць праекты забудовы дамоў, таксама экалягічных. Іншыя займаюцца пчалярствам. Алесь Лось, вядомы майстар музычных інструмэнтаў, музыка і мастак, стварае ў сябе на аграсядзібе музэй. Будзе прэзэнтацыя праекту „Наша страва“, і тэарэтычна і практычна вы пакаштуеце, што адметнага ёсьць у беларускім кухарстве. Алесь Белы мае таксама аграсядзібу на Івянеччыне. У яго вяльможная шляхецкая кухня, не абыходзіцца аднымі дранікамі, там ёсьць зусім не знаёмыя для нас стравы і назвамі, і інгрыдыентамі».

Мяркуецца, што восеньскі кірмаш у Івянцы стане традыцыйным.
XS
SM
MD
LG